Не разлюбi...

Роўна трыццаць год назад у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў з друку першы зборнік вершаў тады яшчэ малавядомага беларускага паэта Алега Салтука. Кніжка маладога аўтара мела простую і сціплую назву — “Пачатак дня”. Я тады неадкладна напісаў на яе невялікую рэцэнзію. А калі атрымаў ад Алега Салтука ў падарунак кніжку з цёплым аўтографам, то пажартаваў: “Ну што ж, пачатак дня адбыўся па ўсіх прыкметах удалы, а цяпер пажаданне, каб прадоўжыўся яшчэ болей плённы працяг...”
Не ўпэўнены, што менавіта маё пажаданне паўплывала , але наступны зборнік паэзіі Алега Салтука якраз выйшаў пад назвай “Працяг”. Безумоўна, усё намнога глыбей і складаней. Куды больш салідным аўтарытэтам для маладога літаратара (і не толькі для Алега Салтука) быў цяпер ужо нябожчык паэт Аляксей Пысін. Менавіта ён аказаўся першым сур’-ёзным настаўнікам сарамлівага і лірычнага хлопца з азёрнай Ушаччыны. У далёкім 1965 годзе прызнаны літаратурны мэтр падрыхтаваў да друку ў газеце “Магілёўская праўда” першы верш Алега Салтука. І не памыліўся: амаль за чатыры дзесяцігоддзі з колішняга падмайстра вырас арыгінальны і прызнаны творца, які сам выгадаваў дзесяткі таленавітых празаікаў і паэтаў. Творчая скарбонка вядомага беларускага паэта Алега Салтука, жартам кажучы, не ўмяшчаецца ў адным “кошыку”. Толькі ў мінулым стагоддзі пераважна ў сталічных і замежных выдавецтвах выйшлі з друку ягоныя кнігі вершаў і паэм пад назвамі “Пачатак дня”, ”Працяг”, “Святло зямлі”, “На далонях жыцця”, “Трывога лёсу”... Ім зроблена шмат перакладаў твораў нашых сучаснікаў з рускай і ўкраінскай моў. І яго творы перакладзены на рускую, украінскую, польскую, балгарскую і нямецкую мовы. Асабіста я нічога не прапусціў з выдадзенага Алегам Салтуком у розныя гады і дзесяцігоддзі. Хіба што за выключэннем твораў, публікацый і перакладаў у замежных выдавецтвах. І вось чарговае прыемнае здзіўленне. З хваляваннем гартаю цудоўна выдадзеную ў сталічным выдавецтве “Беларускі кнігазбор” кнігу выбраных твораў Алега Салтука пад назвай “Не разлюбі...” Не бяруся рабіць глыбокую рэцэнзію. Такая задача ўжо бліскуча выканана: выдатную прадмову да зборніка напісаў прафесар Аркадзь Русецкі – рэктар Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя Машэрава. Таму я абмяжуюся толькі пэўнымі штрыхамі і сродкамі, больш годнымі для лаканічнага газетнага матэрыялу. Паэзію трэба чытаць “жыўцом”. Яе нельга пераказаць у прозе. Да прыкладу, такія свежыя, рамантычна-ўзнёслыя вобразы: “Напішы мне пісьмо на лісточках кляновых. У азёрную сінь абмакнуўшы пяро...” Гэта – класіка! Альбо: “Хопіць і папрокаў, і праклёнаў – адгарэла, хай яно згарыць! У вачах глыбокіх і зялёных больш мяне нікому не ўтапіць”. Пра мора: “ За ўсё я, мора, дзякую табе. За тое нават, што й твая маршчынка ляжыць сягоння хваляй на ілбе”. Пра вясковую рані-цу: “Раніца чырванню пыхкае ціха, як на карціне за чаем купчыха...” Пра зіму: “Снег пушысты асеў роем сонным пчаліным на махнатых ялінах...” Такіх свежых і непаўторных, чыста салтуковых вобразаў, метафар і па-раўнанняў у кнізе “Не разлюбі...” не сотні, а нават тысячы. Не магу не пагадзіцца з прафесарам Аркадзем Русецкім, які сцвярджае: “Перад сённяшнім чытачом А.Салтук прадстае паэтам сталым, творчым і шукаючым. Гэта асоба з адкрытай і актыўнай творча-грамадзянскай пазіцыяй: пяро паэта заўсёды скіравана на асэнсаванне агульначалавечых і значных асабістых праблем”. Шматзначная і назва зборніка выбраных твораў паэта – “Не разлюбі...” Праз усе вершы і паэмы адкрытым і нябачным рэфрэнам праходзіць мудры і гуманістычны наказ: не разлюбі маці і бацьку, мясціны, дзе нарадзіўся, кожны лісток і травінку, маленькую ручаіну і вялікую раку, мінулае і сённяшняе роднага народа! Не разлюбі Радзіму ў вялікім сэнсе! І такі заклік не здольны растварыцца ў часе і прасторы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter