Народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч адзначае 55-годдзе

Не прэм’ер, але кароль танца

Фото Александра Ружечка

На сцэне філармоніі Дзяржаўны ансамбль танца прадставіў вялікую канцэртную праграму «Нашы шлягеры». Удалых і паспяховых нумароў у яго шырокім рэпертуары сапраўды нямала. А гістарычная кампазіцыя «Песня пра Зубра», славянская «Крывічы», лірычная «Церніца», гумарыстычная «Вечарына», жартаўлівая «Бульба», дынамічная «Дайнова», неўвядальная «Лявоніха» з разраду шлягераў даўно перараслі ў прызнаную класіку жанру.

На працягу 30 гадоў славуты калектыў працуе пад мастацкім кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Валянціна Дудкевіча. Сёлета маэстра адзначае і 55-годдзе сваёй творчай дзейнасці.

Справа выпадку


У 1961-м 18-гадовым юнаком Валянцін Дудкевіч прыйшоў працаваць танцоўшчыкам у наш тэатр оперы і балета. Але «раман» з харэаграфіяй пачаўся, зразумела, яшчэ раней. Да выхаду на прафесійную сцэну — дзевяць гадоў вучобы ў харэаграфічнай студыі і вучылішчы. Першыя танцавальныя крокі ён пачаў рабіць з васьмі. Дарэчы, талент выявіўся выпадкова. 

Валянцін Уладзіміравіч расказваў забаўную гісторыю са свайго дзяцінства. Бацькі хацелі даць сыну музычную адукацыю, і калі  яны ўбачылі аб’яву аб наборы дзяцей у «харстудыю», туды хлапчука і запісалі. Ні хвіліны не сумняваючыся, што яна харавая. А гэта аказалася харэаграфічная, і хлопчык, як высветлілася, не без здольнасцей. 

Дарэчы, сярод радні Дудкевіча няма прадстаўнікоў сферы мастацтваў. Ён з простай рабочай сям’і. Расказваў, калі стаў працаваць танцоўшчыкам у тэатры і атрымліваў 90 рублёў, бацька неяк прапанаваў: «Давай, сын, да мяне на завод, паўгода ў вучнях паходзіш і будзеш мець 200 рублёў у месяц». Сам ён як кваліфікаваны майстар, токар-універсал атрымліваў 300. Здзіўляўся: «Валік, ты што, за 90 рублёў будзеш працаваць?!» Сын у адказ даводзіў толькі пра любоў да вялікага мастацтва. 

Не прынц


У балеце Валянцін Дудкевіч адпрацаваў 13 гадоў, лічыўся здольным танцоўшчыкам, але сышоў. Вырашыў кінуць танцы, нават не дачакаўшыся пенсіі, яе артысты балета атрымліваюць пасля 20 гадоў на сцэне.


Справа ў тым, што яшчэ з вучылішча марыў і рыхтаваў сябе ў прэм’еры. Для гэтага звыш той падрыхтоўкі, што была абавязковай, займаўся яшчэ і самастойна. Росту, праўда, для прэм’ера не хапала, але быў упэўнены, што падрасце. Бо ўсе ў радні — і па маці, і па бацьку — высокія. Аднак так і недацягнуў, нізкаваты — 171. А ў балетным тэатры вельмі важна мець сваё амплуа. Ёсць прэм’еры — высокія, прыгожыя, прынцы. А ёсць блазаны, сабакі і іншыя персанажы. Такія партыі танцоўшчыку i выпадалі. Праца таксама цяжкая і кваліфікаваная, але куды менш удзячная, чым у таго ж прынца. Дудкевічу хацелася большага. Пакінуў тэатр з няспраўджанай марай. Спачатку быў артыстам філармоніі. А потым канчаткова танец кінуў. Скончыў тэатральны інстытут як мастацтвазнаўца, папрацаваў мастацкім кіраўніком беларускай эстрады, стаў галоўным рэжысёрам спецмерапрыемстваў. Між іншым, толькі яму давяралі рабіць самыя важныя ўрадавыя канцэрты.

З класікаў у народнікі


Кіраваць Дзяржаўным ансамблем танца Валянціна Дудкевіча запрасілі ў 1986 годзе. Дакладней, запрасілі і прымусілі, заўсёды ўдакладняе балетмайстар. Тагачасны міністр культуры Юрый Міхневіч выклікаў і сказаў: ансамблю патрэбны талковы кіраўнік, калектыў перажывае не лепшыя часы, ты — прафесіянал, добры арганізатар, справішся. 

Дудкевіч адмахваўся, адмаўляўся ад прызначэння двойчы: класік па адукацыі, а тут народны танец, да таго ж справа гэта яго ўжо зусім не цікавіла. Але Міхневіч быў чалавекам, які не цярпеў пярэчанняў. Прыйшлося згадзіцца.


Пасля першай рэпетыцыі ансамбля яго новаспечаны кіраўнік быў у жаху: суцэльная стракатасць у рэпертуары і на сцэне, дзе ж народны танец? Але адступаць не было куды. Знайшоў у даследчыкаў аўтэнтычныя фальклорныя матэрыялы і, абапіраючыся на іх, узяўся за пастаноўку знакавага нумара, з якім калектыў мог бы ярка заявіць пра сябе. І атрымалася ўдала.

Так Валянцін Дудкевіч знайшоў сябе ў прафесіі балетмайстра, з цягам часу стаў у ёй сапраўдным каралём, а народны танец увайшоў у яго жыццё назаўсёды.

Ад этна да сучаснасці


Сёння ён — прызнаны аўтарытэт у галіне фальклору і беларускага народнага танца, многія яго пастаноўкі папоўнілі скарбніцу нацыянальнай харэаграфіі, сталі эталоннымі для прафесійных і самадзейных калектываў. Сінтэз традыцыйнага і лепшых дасягненняў сусветнай харэаграфіі — вось творчае крэда Валянціна Дудкевіча і найбольш дакладнае вызначэнне зместу ўсёй праграмы ансамбля, якім ён кіруе. Прадстаўлены ў ёй і фальклор, і гістарычныя рэканструкцыі, і этна, і сучасны танец.

Калектыў з ганаровым званнем «заслужаны» — адзін з культурных брэндаў нашай краіны. Ён аб’ездзіў з канцэртамі паўсвету, яго ўдзельнікам апладзіравалі ў Азіі і Афрыцы, Еўропе і на Блізкім Усходзе, у Злучаных Штатах і Лацінскай Амерыцы. У 2007-м артысты ансамбля першымі з беларускіх танцораў выступілі ў канцэртнай зале «Алімпія» ў Парыжы. Праз год авацыямі іх віталі ў Монтэ-Карла на цырымоніі адкрыцця каралеўскіх гонак «Формула-1». Нягледзячы на салідны ўзрост, а ансамблю ўжо пад 60, ён застаецца запатрабаваным, сучасным і цікавым для розных пакаленняў гледачоў.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter