«Не прагаласуеце за Пракацень – застанецеся на ўзбочыне»

ПАДЧАС актыўнага рэфармавання сельскагаспадарчых калектываў сельвыканкамы, як кажуць, выпалі з абоймы. Аўтарытэт Саветаў відавочна зніжаўся. Дэпутаты пайшлі нават на тое, каб замяніць старшыню раённага Савета. Вылучылі Міхаіла Лапотку. Вопытны кіраўнік, надзейны і прынцыповы, чулы да людскіх патрэб. Сялянскі хлопец, які вырас у шматдзетнай сям’і, зведаў цяжкасці пасляваеннага жыцця, выйшаў у людзі, як сам падкрэслівае, дзякуючы землякам-вяскоўцам, настаўнікам (бацька цяжка хварэў, маці з апошніх сіл выбівалася, каб толькі пракарміць пецярых дзяцей) ды — савецкай уладзе.

Як старэйшыны Уздзеншчыны “паклалі на лапаткі” маладых вяскоўцаў

ПАДЧАС актыўнага рэфармавання сельскагаспадарчых калектываў сельвыканкамы, як кажуць, выпалі з абоймы. Аўтарытэт Саветаў відавочна зніжаўся. Дэпутаты пайшлі нават на тое, каб замяніць старшыню раённага Савета. Вылучылі Міхаіла Лапотку. Вопытны кіраўнік, надзейны і прынцыповы, чулы да людскіх патрэб. Сялянскі хлопец, які вырас у шматдзетнай сям’і, зведаў цяжкасці пасляваеннага жыцця, выйшаў у людзі, як сам падкрэслівае, дзякуючы землякам-вяскоўцам, настаўнікам (бацька цяжка хварэў, маці з апошніх сіл выбівалася, каб толькі пракарміць пецярых дзяцей) ды — савецкай уладзе.

З чаго пачаць?

Спрадвечнае пытанне. Але на яго ў Міхаіла Міхайлавіча меўся не проста адказ, а цэлая праграма. І першае месца ў ёй адводзілася менавіта апоры на паважаных, няўрымслівых і энергічных лідэраў у вясковым асяроддзі.

Калі ў Камянкоўскім сельсавеце паўстала пытанне аб замене старшыні, менавіта Міхаіл Лапотка прыкмеціў і вылучыў Таццяну Пракацень. Як шчыра потым прызнаўся, з прымяненнем адміністрацыйнага рычага пераканаў актывістаў і дэпутатаў: “Не прагаласуеце за Пракацень — на ўзбочыне застанецеся”. А вяскоўцы сумняваліся толькі з-за таго, што Таццяна Паўлаўна не мясцовая, з мужам Юрыем Анатольевічам (які, дарэчы, на той час узначаліў СВК) пераехалі з суседняга Капыльскага раёна.

— Пешкі абышла ўсе вёскі, старалася хутчэй пазнаёміцца з тутэйшымі людзьмі і вылучыць тых, хто разам з дэпутатамі карыстаецца найбольшым аўтарытэтам, — кажа Таццяна Паўлаўна.

Так у кожнай з 21 вёскі з’явіўся афіцыйны прадстаўнік сельвыканкама — старэйшына.

Калодзеж, калодзеж, дай вады напіцца

Чаму вёска называецца Гарадок, цяпер мала хто задумваецца. Але ўсе сыходзяцца ў адным: у душы продкі марылі пра быт і ўмовы, уласцівыя гораду.

Былая настаўніца пачатковых класаў мясцовай школы Зінаіда Яўгенаўна Манкевіч усё свядомае жыццё ўсяляла гэту веру і надзею сваім выхаванцам. Не толькі па кніжках — уласным прыкладам жыць цывілізавана і прыгожа. І вось дачакалася вёска прыроднага газу. А калі Гарадок стаў аграгарадком, у асфальт апрануліся вуліцы, прыгожыя аўтобусныя прыпынкі (гэта ўжо непасрэдна дэпутаты паклапаціліся) ў найбольш зручных месцах з’явіліся. Домікі — ну проста казачныя церамкі: расфарбаваны ва ўсе колеры вясёлкі. А ўнутры — прастора, выгоды, не горшыя, чым нават у сталіцы. Наўкол цудоўны краявід.

— Праблем яшчэ хапае, — прызнаецца Зінаіда Яўгенаўна. — Не было б іх, дык давялося б закрыць наш “інстытут” вясковых старэйшын (тут чамусьці аддаюць перавагу менавіта слову “старэйшына”, а не “стараста”). Вось наша вуліца Цэнтральная. Магістральны водаправод праклалі, потым кожны індывідуальным адводам пачаў займацца. Камусьці гэта ўсё роўна дорага, хтосьці хоча зрабіць па звычцы — прасцей, не прытрымліваючыся патрабаванняў ГОСТаў. Тлумачым вяскоўцам, “націскаем” на афіцыйныя ўлады, каб і тэхнікай дапамаглі, і спецыялістаў прыслалі. Кааператыў па падключэнні да газу патрэбна сфарміраваць — зноў-такі наш клопат.

Былая настаўніца па-ранейшаму застаецца настаўніцай для колішніх сваіх выхаванцаў. Не страцілі грамадскую жылку Уладзімір Адамовіч (намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы), тэхнік-механік Уладзімір Астрэйка, вайсковец Міхаіл Уласевіч. Да іх колішніх пасад ужо далучылася слова “былы”, але ўсе ў баявым страі, як у маладосці. Калі ж старэйшына Зінаіда Яўгенаўна кінула кліч: “Адновім агульнымі намаганнямі закінуты калодзеж” — першымі сталі ў шэрагі добраахвотнікаў. Нават кнігу “Дом и хозяйство” праштудзіравалі, каб усё граматна і па-гаспадарску зрабіць. Разны дах накрылі шыферам, яркіх фарбаў не пашкадавалі, вечка і выемку для вядра арыгінальныя і адначасова практычныя змайстравалі. Стаў калодеж упрыгожаннем вуліцы. А ўлетку, калі вады не хапае ці здарыцца перабой, — сапраўднай  жыватворнай крыніцай, палачкай-выручалачкай.

І ў Віркове жыццё віруе

— Аднойчы тры дні і столькі ж начэй са свінафермы не адлучаліся, — прыгадвае маладосць Валянціна Яўхіменя. — Але ж адолелі хваробу, не дапусцілі масавага памору жывёлы. І сёння папрацуем супольна на агульную карысць. А як жа іначай! Як пайшла на пенсію, месца сабе не знаходзіла. Дзякуй Таццяне Паўлаўне, далучыла да грамадскага жыцця. А я ўжо пастараюся.

Стараецца Канстанцінаўна. Інакш і не можа. Бо, кажа, душа баліць: шмат чаго яшчэ робіцца абы з рук. Ферма, жыццё якой аддала, вунь у якім стане — сорамна глядзець. А могілкі? Сёння там парадак, чысціня. Агароджа новая, пафарбаваная. Помнік загінуўшым партызанам, ураджэнцам навакольных вёсак, у дагледжаным стане. Пра гэта — асобная гаворка.

— Бо як мы аб гэтым паклапоцімся, так і пра нас некалі іншыя патурбуюцца, — пераконвала аднавяскоўцаў старэйшына, заклікаючы на суботнік па добраўпарадкаванні тэрыторыі. І калі агітавала сабраць тысяч па дваццаць у агульную скарбонку, з 73 двароў толькі пару чалавек не здалі грошы.

Так стварылі фонд самакіравання. Сродкі выкарыстоўваюцца на бягучы рамонт, догляд тэрыторыі (у тым ліку і могілак). І жыццё віруе.

Вяртанне на Бацькаўшчыну

Валянціна Пудава (да замужжа Заяц) — знакамітая на Уздзеншчыне спартсменка-велагоншчыца. Увесь Савецкі Саюз, выступаючы ў 60—70-я гады за зборную рэспубліканскага таварыства “Ураджай”, аб’ездзіла. І ніколі без узнагарод не вярталася. Майстар спорту міжнароднага класа.

Лёс так распарадзіўся, што дзяўчына, звыклая да вясковага ўкладу, усё жыццё пражыла ў сталіцы. Скончыла кааператыўны тэхнікум. У гандлі працавала, потым 17 год майстрам участка на падшыпнікавым заводзе. Дваіх дзяцей выгадавала. У Мінску і старасць збіралася сустрэць. Але занядужаў бацька,  у хуткім часе і памёр, пакінуўшы на дачку ладную хату і гаспадарку — карову, чатырох свіней, іншую дробную жыўнасць.

Старшыня сельвыканкама, безумоўна, не магла не прыкмеціць гэту ўвішную жанчыну. Лёс падараваў яшчэ аднаго грамадскага памочніка. Дала першае даручэнне: разабрацца са звалкамі, што гадамі ўтвараліся ледзь ці не за кожным падворкам, на ўскрайку лесу. У хуткім часе Валянціна Іванаўна (вядома ж, на веласіпедзе) з’явілася ў выканкаме з дакладам: справа зрушылася з мёртвай кропкі, хоць з некаторымі жыхарамі давялося пасварыцца, спагнаннямі напалохаць.

У вёсцы Старыя Маргі прыстасавалі пустуючае памяшканне пад Дом сацыяльных паслуг. І пагаманіць пра жыццё-быццё ёсць дзе, і паўспамінаць-паспяваць песні маладосцці. Сход правесці, нагадаць пра неабходнасць падрамантаваць печы перад зімой, ці сустрэчу з дэпутатамі і іншымі прадстаўнікамі ўлады наладзіць — калі ласка, усе сюды.

— Пераважнай большасці жыхароў вёскі ўжо далёка за 60,— канстатуе Валянціна Іванаўна.— Зразумела, хварэюць. Саджуся на веласіпед — і за доктарам. Калі ж медыцынскі агляд арганізоўваюць урачы райбальніцы, сама ўсіх аб’язджаю, папярэджваю, каб загадзя падрыхтаваліся.

Агеньчыкі ўспыхнулі ў яркіх вачах, калі пачала распавядаць пра штогадовае свята вёскі:

— Маладосць тады да ўсіх нас вяртаецца. І жаданне жыць.

Уладзімір СТРЭЛЬСКІ, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter