Не плесці, не віць, не шыць. На Калядныя вечары – варажыць

НАБЛІЖАЮЦЦА Каляды — самае галоўнае зімовае свята нашых продкаў і, бадай, самае містычнае. Што толькі з ім не звязана: варажба, абрады, гулянні. Усё самае цікавае пра яго карэспандэнту «СГ» расказала старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі Таццяна КУХАРОНАК.

У святочную ноч нашы продкі прадказвалі надвор’е на год і будучы ўраджай

НАБЛІЖАЮЦЦА Каляды — самае галоўнае зімовае свята нашых продкаў і, бадай, самае містычнае. Што толькі з ім не звязана: варажба, абрады, гулянні. Усё самае цікавае пра яго карэспандэнту «СГ» расказала старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі Таццяна КУХАРОНАК.

— Каляды звязаны з днём зімовага сонцастаяння, пачаткам новага сонечнага, а значыць, і аграрнага года. У мінулым пачыналіся ў самую доўгую зімовую ноч, з вечара 24 снежня па 6 студзеня, у сучасны перыяд гэтай даты прытрымліваюцца беларусы-католікі, праваслаўныя беларусы адзначаюць Каляды з вечара 6 па 19 студзеня. Ва ўсе калядныя вечары строга забаранялася працаваць, асабліва шыць, віць, плесці, рабіць штосьці крывое ці колападобнае, сячы сякерай, бо, паводле народных вераванняў, дзеці і жывёла, што павінны нарадзіцца, абавязкова будуць пакалечаныя.

Каляды ўяўлялі сабой складаны абрадавы комплекс, які ўзнік у выніку спалучэння абедзьвюх сістэм светабудовы — дахрысціянскай і хрысціянскай, і адпаведных кожнай з іх абраднасці, звычаяў, вераванняў, духоўна-маральных каштоўнасцей.

Святочны стол усцілаўся спачатку сенам ці саломай, якія часцей за ўсё ў хату прыносіў гаспадар ці адзін з яго сыноў, што, паводле народнага меркавання, павінна было спрыяць вялікай колькасці малака ў кароў і засцерагчы іх ад ваўкоў, потым накрываўся спецыяльным абрусам.

Першай пачыналі есці куццю. Гаспадыня запрашала ў госці мароз і прасіла, каб ён не марозіў расаду, моркву, гарбузы, буракі і іншую агародніну. У свядомасці сялян мароз успрымаўся як жывая істота, якую можна ўлагодзіць і задобрыць, каб яна не рабіла шкоды на палетках.

— Ведаю, што па надвор’і ў калядную ноч нашы продкі прадказвалі, якім будзе год і які збяруць ураджай...

— Сапраўды. У гэтую ноч сяляне назіралі за станам надвор’я, каб прадказаць надвор’е на будучае, а значыць, і ўраджай. У беларусаў існавала мноства прыкмет, у якіх адлюстроўваліся ўяўленні аб прычынна-выніковых узаемасувязях стану прыроды і яго ўплыву на ўраджай.

Так, густыя зоркі на небе прадказвалі вялікі ўраджай збожжа, грыбоў, добры прыплод хатняй жывёлы. Завіруха сведчыла пра тое, што будуць добра раіцца пчолы. Калі чарнела з-за адлігі дарога, сяляне верылі, што летам вырасце багата грэчкі. Калі ў святочную ноч вілася завіруха, чакалі градавога лета. Шмат інею на дрэвах прадказвала на лета багацце ва ўсім. А цёплае надвор’е з невялікім снегам і туманам — ураджайны год.

— Таксама на Каляды варажылі?

— За сталом варажылі, выцягваючы з-пад абруса сцяблінкі сена: доўгая сведчыла пра тое, што ўлетку вырасце высокі лён, кароткая — наадварот. Таксама выцягвалі колас з пастаўленага ў куце снапа: поўны колас — будзе багаты ўраджай. На куццю перад Калядамі трэба было шукаць на стале ў саломе зярнят, і якіх больш знойдзеш, тое і сеяць, тады будзе багаты ўраджай.

Рэшткі страў не выкідвалі, бо, паводле народнага меркавання, яны валодалі ахоўнымі і гаючымі ўласцівасцямі. Напрыклад, рэшткі куцці аддавалі курам, каб добра несліся.

— А калядаванне таксама было звязана з будучым ураджаем?

— Калядоўшчыкі звычайна апраналі маскі. Самая галоўная з іх, традыцыйная, якая сімвалізавала багацце, урадлівасць, пладавітасць, дабрабыт, — гэта маска казы. Вельмі распаўсюджанай каляднай маскай была і маска мядзведзя, а маска кабылы — значна меней. Акрамя яе, у калядным гурце былі жораў, воўк і заяц.

У гуртах маскіраваных дзейнічалі антрапаморфныя вобразы-маскі, якія часцей за ўсё былі парныя, у аснове чаго ляжала семантычная апазіцыя мужчынскі —жаночы: цыган і цыганка, дзед і баба, пан і паненка, афіцэр і маладзіца. Не мелі пары такія персанажы, як салдат, доктар, поп. Даволі часта маскіраваныя мужчыны былі пераапрануты ў жаночае адзенне і наадварот. Была ў гурце калядоўшчыкаў і маска смерці, асабліва часта яна сустракалася на Магілёўшчыне. З міфічных істотаў у калядным гурце, акрамя смерці, прысутнічаў чорт.

— І ў залежнасці ад таго, якія персанажы ўдзель- нічалі, і разыгрывалася адпаведнае прадстаўленне...

— Так. Напрыклад, шырока вядомыя сёння «Калядныя цары» з вёскі Семежава Капыльскага раёна. Сярод персанажаў былі цар Максіміліян, доктар, дзед і баба. Цары рабілі мітусню ў хаце, бегалі адзін за адным, каб ніхто нічога не зразумеў, забіты падаў на ложак, доктар лячыў і гаварыў: «Калі баліць сэрца, намазаць пад носам перцам», «Баліць галава? Абрыць дагала і апарыць рэдзькай, будзе, як барабан турэцкі», «Калі баляць пячонкі — трэба хадзіць да красівай дзяўчонкі»...

І, вядома ж, у кожнай сялянскай хаце імкнуліся як мага лепей адарыць калядоўшчыкаў, бо, лічылася, што чым больш шчодрыя дары даць ім, тым больш шчодры і багаты будзе надыходзячы год.

Жаніх ці нявеста?

НАПЯРЭДАДНІ Новага года паўсюль на Беларусі дзяўчаты пачыналі варажыць на шлюб, на характар будучага мужа, на сямейнае жыццё. Радзей варажбой займаліся хлопцы. У аснове шматлікіх спосабаў варажбы ляжаць універсальныя вераванні ў тое, што пры выкананні пэўных умоў (выбар часу і месца, асаблівыя паводзіны, выкарыстанне спецыяльных прадметаў) чалавек можа з дапамогай звышнатуральных сіл атрымаць знакі, у якіх «зашыфраваны» яго будучы лёс, і правільна вытлумачыць іх.

Найбольш папулярным у вясковай моладзі быў спосаб варажбы па разнастайных прадметах — цот альбо няцот, дзе парны лік сімвалізаваў сямейную пару, а няпарны — адзіноту. Так, выходзілі ў двор і набіралі дроў, прынёсшы іх у хату, лічылі, парны ці няпарны лік атрымаўся. З гэтай жа мэтай абхоплівалі колле ў плоце і кідалі праз браму лапці, боты.

Другім не менш распаўсюджаным спосабам варажбы сярод беларускіх дзяўчат было падслухоўванне на Шчодры вечар пад вокнамі суседніх хат. Дзяўчаты, каб высветліць, ці пашчасціць у гэтым годзе выйсці замуж, бегалі пад вокны суседніх хат і, пасыпаўшы на зямлю семя проса ці канаплі, прыслухоўваліся да размоў, якія вяліся ўнутры. Калі ў хаце гучала спакойная размова ці смех — гэта было добрай прыкметай, але калі спрэчка ці сварка — жыццё замужам абяцала быць неспакойным. Калі чулі слова «ідзі» — у гэтым годзе дзяўчына выйдзе замуж. Калі чулі слова «сядзі» — яшчэ год прыйдзецца ў дзеўках сядзець.

Амаль паўсюдна на Беларусі сустракаўся і такі спосаб варажбы: дзяўчаты вылівалі расплаўленае волава, воск, свінец у міску з вадой, якую яны трымалі над галавой. Прадметы, што атрымліваліся ў выніку гэтага, сімвалізавалі пэўную падзею ў жыцці: пярсцёнак — замужжа, лялька — цяжарнасць у деўках, труна — смерць і гэтак далей.

Згодна з народным меркаваннем, у ноч пад Новы год сніліся вешчыя сны. Каб убачыць у сне будучага мужа, дзяўчына брала са святочнага стала крыху куцці і, загарнуўшы яе ў хустку або мужчынскія штаны, клала пад падушку.

На Піншчыне і ў заходніх раёнах Беларусі і дзяўчаты, і хлопцы ставілі ў гэту ноч пад лаўку, на якой спалі, гаршкі з вадою і клалі зверху крыж-накрыж лучыну. Калі хто ў сне пераходзіў па гэтай «кладцы», той і павінен быў стаць жаніхом ці нявестай. У святочную ноч дзяўчаты клалі пад падушку грэбень: жаніх павінен быў у сне прычасацца ім.

Падчас варажбы прадказальнікам будучага лёсу выступаў сабака: дзяўчаты пяклі бліны, і чыю аладку першую сабака схопіць, тая дзяўчына раней замуж пойдзе.

Вызначэнне свайго лёсу вясковыя дзяўчаты давяралі і хатнім птушкам: пусцяць курыцу, паставяць люстэрка, ваду, насыплюць пшаніцы. Калі курыца пачне перш кляваць зерне — будзе багаты мужык, паглядзіць у люстэрка — прыгожы, а ваду стане піць — пьяніца будзе.

Найбольш небяспечнай лічылася варажба з люстэркам. Ноччу дзеўкі ішлі ў лазню, запальвалі свечкі і глядзелі ў люстэрка — не азіраючыся і не міргаючы. У люстэрцы павінен быў паказацца жаніх. І калі ўбачыш яго, трэба хутчэй люстэрка прыкрыць чымсці, каб нічога дрэннага не здарылася.

Зрэдку варажылі і хлопцы. Казалі, калі ўкрадзеш падушку ў дзяўчыны і паспіш на ёй, абавязкова прысніцца будучая жонка.

Каб зерне ўрадзіла...

НА ПРАЦЯГУ святочнай вячэры абавязкова выконваліся разнастайныя абрады, звязаныя з земляробствам, жывёлагадоўляй, іншымі прамысловымі заняткамі. Прапануем «топ-5» самых распаўсюджаных з іх.

У Чэрвеньскім раёне перад куццёй пад стол ставілі сыры авёс у місачцы, а назаўтра гаспадар браў яе і ішоў вакол поля гэтым аўсом «абсяваць», каб усё добра расло на вясну, каб ураджай добры быў.

Каб гарох урадзіў, з’еўшы калядную вячэру, гаспадыня ставіла на стале поўную талерку гароху, а ўсе, хто сядзеў за сталом, падкідвалі гэты гарох уверх. Таксама гаспадары «сеялі боб» па хаце і па двары, каб хлеб радзіў, як боб. А ў Стаўбцоўскім раёне рабілі так: «На Каляды напараць гароху, бацька сядзе на парозе і «сее» гэты гарох, а дзеці ловяць. А потым глядзелі, хто больш злавіў...»

Каб дрэвы ў садзе былі ўраджайныя, кожны гаспадар з самай раніцы перавязваў іх перавясламі, скручанымі з неабмалочанага жыта. Каб вясной, калі зацвіце сад, не пашкодзіў яго мароз, патрэбна было сцэджаную з першай куцці ваду ліць пад садовыя дрэвы. Таксама, каб быў багаты ўраджай яблыкаў і іншай садавіны, патрэбна было раненька на Каляды пасыпаць попелам каля кожнага дрэва на карэнні.

У гэтую ноч да ўзыходу сонца існаваў звычай віць вяроўкі і імі аблытваць стол у хаце, каб летам коні не разбягаліся і не рабілі шкоды на лугах і засеяных палях. Таксама на працягу ўсяго свята гаспадыні не выкідвалі смецця на сметнік, а складвалі яго ў жлукту, адкуль пасля Калядаў выбіралі і выносілі на балота, каб, згодна з павер’ем, не было ў градах пустазелля.

Пад канец першай святочнай вячэры рэшткі куцці хто-небудзь падкідваў угору, аж да столі, каб высокім рос лён і хутчэй раслі, станавіліся дужымі хатнія жывёлы. Пасля гэтую недаедзеную куццю часта разам з падгарэлым верхам аддавалі курам, каб добра несліся, а сена, якім усцілалі стол, адносілі ў хлеў скаціне, каб яна была цэлы год здаровая і пладавітая. А першы спечаны на куццю блін патрэбна было аддаць авечкам, каб яны ўвесь год былі здаровыя.

Падрыхтавала Юлія БАЛЬШАКОВА, “СГ”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?