Не патрывожце раны ветэрану

Неяк у паштовым аддзяленні, што ў нашым шостым мікрараёне, бачыў такую сцэну. Выстраіліся ля акенца, дзе прымаюць плату за камунальныя паслугі, чалавек пяць-шэсць. Падыходзіць да іх чалавек, паказвае пасведчанне і просіць, каб прапусцілі без чаргі, бо стаяць не можа. Здавалася б, хто ж супраць, ды нейкая размаляваная кабеціна ўсчала вэрхал: “Вось ужо гэтыя ветэраны, лезуць і лезуць...” “Дык і мой дзед ваяваў, — падтакнула яшчэ адна з другой чаргі, — а мне во – ніякіх ільгот!”
Ледзь адбілі ветэрана. Толькі доўга ён будзе ўспамінаць гэты эпізод: падстаўляў, значыць, сябе пад варожыя кулі, заваёўваў права на наша з вамі існаванне – і вось такая адплата. “Ачарсцвелі мы, — з горыччу падумалася, — куды падзеліся тыя ўдзячнасць, высакароднасць, якіх столькі раней было? Няўжо цяжка зразумець: ветэран – гэта святое, на яго не тое што дрэнным словам, скоса глянуць не маем права. А тым больш ідзём да 60-годдзя вызвалення Бацькаўшчыны нашай”. Ды колькі тых ветэранаў засталося. Памятаю, у Бабруйскім раёне падлік ішоў на тысячы, потым – на сотні, а цяпер – на дзесяткі... За мінулы год недалічыліся 105 чалавек – чацвёртай часткі ад тых, што ёсць. А можа, трэба ветэранам у чымсьці саступіць, пайсці ім насустрач. Спашлюся вось на які прыклад. Жыхар прыгараднай вёскі Слабодка, былы франтавік, парушыў, хацеў таго ці не, нейкія там “электрычныя” правілы. Дык уляпілі яму такі штраф — год будзе выплачваць, аднімаць ад не такой ужо і багатай пенсіі. Калі кіравацца літарай закона, мо, яно і так, а калі чыста па-чалавечы... Тым больш ветэран без чыёйсьці дапамогі, за свой кошт узвёў помнік землякам, якія загінулі ў гады вайны, шмат чаго яшчэ карыснага зрабіў, чаму б гэта не ўлічыць? Хаця па тым жа Бабруйскім раёне можна прывесці куды больш станоўчыя факты. Па ініцыятыве райвыканкома і ветэранскай арганізацыі абследавалі кожны двор, дзе жывуць былыя франтавікі і ўдовы. За непрацяглы час устанавілі ветэранам 157 тэлефонаў, завезлі паліва, дапамаглі з рамонтам, будматэрыяламі. Шмат чаго зрабілі. І не лічаць справу завершанай. Па надзённай праблеме правялі адну прамую тэлефонную лінію, потым другую. Абагульнілі просьбы, запытанні і зноў – за іх вырашэнне. Тут чаго толькі вартая “правафланговая” Валянціна Корбут! Тата Валянціны Міхайлаўны загінуў у першыя дні вайны, яна яго і не памятае. Дык для яе кожны ветэран – свой, родны. Яна і на месцы пабывае, і абнiме, і распытае. Што з бюджэту, а што да прадпрымальнікаў, бізнесменаў звернецца – так не пакіне! Ды ці толькі ў адным Бабруйскім раёне такія адносіны да ветэранаў – ва ўсіх іншых. Інакш яно і не можа быць, бо тады мы сябе перастанем паважаць. Што ж да выпадкаў, пра якія гаварылася вышэй, то гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. На іх бы і ўвагі не звяртаць, але і прайсці міма нельга! ...Ветэран ідзе. Прывітайце яго, добрым словам адгукніцеся – ідзе пераможца, наша гераічнае мінулае!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter