Не патрэбны прытулак, калі дома ўтульна

У Магілёўскай вобласці сыходзяць у мінулае дамы-інтэрнаты

Вынікі выканання Дэкрэта № 18 кіраўніка дзяржавы на Магілёўшчыне сведчаць: у рэгіёне сыходзяць у мінулае дамы-інтэрнаты, а дзеці з няшчасных сем’яў усынаўляюцца ці знаходзяць новых бацькоў у дамах сямейнага тыпу.

Згодна з дадзенымі ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, пытанне сацыяльнага сіроцтва знаходзіцца пад няспынным кантролем выканаўчых органаў улады, абласнога Савета дэпутатаў, спецыяльнага Каардынацыйнага савета, рэгулярна ў полі зроку калегій упраўленняў і камітэтаў.

Так, за мінулы год гарадскія і раённыя камісіі па справах непаўналетніх, ацаніўшы ўмовы жыцця ў сем’ях як непрыдатныя, валявым рашэннем накіравалі ў сацыяльныя прытулкі Магілёўшчыны 510 дзяцей. Аднак навідавоку і пазітыўныя вынікі — 270 дзяцей былі вернутыя дадому, таму што бацькі выканалі ўсе папярэднія ўмовы органаў улады, накіраваныя на нармалізацыю сямейных адносін.

Аднак казаць аб хуткім вырашэнні праблемы сацыяльнага сіроцтва на Магілёўшчыне пакуль заўчасна, таму што больш за дзве з паловай тысячы дзяцей пражываюць у сем’ях, у якіх становішча неспрыяльнае.

Таму адзін з галоўных прыярытэтаў органаў сацыяльнай падтрымкі — уладкаванне дзяцей у апякунскія і прыёмныя сем’і, дамы сямейнага тыпу, у тым ліку і «SOS-Дзіцячая вёска Магілёў», дзе створаны камфортныя ўмовы, блізкія да дамашніх. У такія ўстановы цяпер накіравана больш за 80 працэнтаў дзяцей, знаходжанне якіх у родных сем’ях было прызнана небяспечным для іх жыцця і здароўя.

Дарэчы, узровень забяспечанасці многіх сем’яў Магілёўшчыны дазволіў ім у 2012 годзе ўсынавіць 73 дзіцяці, якія знаходзіліся ў дамах інтэрнацкага тыпу. Паспяховая сацыяльная палітыка на Магілёўшчыне засведчыла: з пачатку дзеяння прэзідэнцкага дэкрэта ў вобласці былі зачынены як непатрэбныя 6 інтэрнатаў, але іх месца паступова займаюць сучасныя выхаваўчыя цэнтры. У прыватнасці, пабудавана 40 сямейных дамоў, чым не можа пахваліцца ні адзін іншы рэгіён рэспублікі. У мінулым годзе такія дамы з’явіліся дадаткова ў Круглянскім і Чэрыкаўскім раёнах, на чарзе іх будаўніцтва ў Магілёўскім раёне і Бабруйску.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter