Колькасць беларуских турыстаў, жадаючых выехаць у Турцыю, змяншаецца з-за вируса Каксакi

Не патрэбны нам вірус турэцкі

У краіне крыху панізіўся попыт на пуцёўкі ў Турцыю з-за віруса Каксакі. Карэспандэнт «Р» даведалася, што гэта за хвароба і якія рэкамендацыі неабходна выконваць падарожнікам падчас адпачынку на турэцкім узбярэжжы.

Міністэрства спорту і турызму ніякіх перасцярог наконт адпачынку беларусаў у Турцыі пакуль даваць не збіраецца.
Фота goturkeytourism.com

Першыя паведамленні пра заражэнне вірусам з'явіліся ў пачатку жніўня. Трывожная інфармацыя стала падставай для таго, што Расспажыўнагляд прызнаў турэцкія курорты небяспечнымі.

Уладзімір Несцяровіч, прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму,  гаворыць, што ніякіх перасцярог наконт адпачынку ў Турцыі ў нашай краіне пакуль даваць не збіраюцца:

— Ёсць некалькі рэкамендацый, якія прапануе Міністэрства аховы здароўя, мы раім прытрымлівацца іх.

Так выглядае высыпка, якая выклікаецца вірусам Каксакі. Фота comandir.com
У нас ніводнага выпадку захворвання на вірус Каксакі пакуль не зарэгістравана, а сітуацыя па энтэравіруснай інфекцыі ў краіне ацэньваецца як кантралюемая, супакойвае Юлія Барадун, прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя. Праблема не з'яўляецца ўнікальнай, з такім вірусам сутыкаліся і ў мінулыя гады. Больш за тое, часцей захворванне працякае ў лёгкай форме, радзей — сярэдняй ступені цяжкасці.

З мэтай прафілактыкі інфекцыі рэкамендуецца выконваць асабістую гігіену на курортах, старацца пазбягаць купання ў басейнах, удзелу ў масавых дзіцячых мерапрыемствах, таму што 90% выпадкаў інфекцыі ўзнікае ў дзяцей. Захворванні, выкліканыя вірусам Каксакі, можна пераблытаць з ветранай воспай ці стаматытам. Пры з'яўленні сімптомаў у дзяцей бацькам неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача, — такія рэкамендацыі дае Міністэрства аховы здароўя.

А вось сярод патэнцыяльных турыстаў інфармацыя пра невядомы вірус, як бачна, выклікае асцярогу. Наталля Ююкіна, намеснік начальніка ўпраўлення фарміравання турыстычнага прадукту РУП «Цэнтркурорт», заўважае зніжэнне попыту на пуцёўкі ў Турцыю:

— Аднак тыя, хто ўжо вярнуўся з адпачынку, не назіралі сур'ёзнай небяспекі. Пакуль у нас ніхто не адмаўляўся ад паездкі. Калі такія выпадкі будуць, то вяртанне сродкаў разгледзяць у індывідуальным парадку. Некаторыя людзі проста выбіраюць іншы напрамак для адпачынку. Самымі папулярнымі ў беларусаў у гэтым сезоне, акрамя Турцыі, з'яўляюцца Егіпет, Балгарыя, Грэцыя і Іспанія.

А вось, да прыкладу, у агенцтве «Алатан Тур» зніжэння запатрабаванасці пуцёвак на турэцкае ўзбярэжжа  не заўважаюць: іх прадаюць у тым жа аб'ёме, выпадкаў адмовы або замены на іншую краіну пакуль не было.

У цэлым, колькасць хворых на вірус Каксакі ў Турцыі сёлета ў параўнанні з 2015 годам павялічылася, але пра перавышэнне эпідпарога і павышаную небяспеку гаварыць не прыходзіцца.

matuzova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter