Не пакупацца, дык хоць умыцца.

Што значыць “умывацца з золата” (або са срэбра)?

Золата заўсёды сімвалізавала багацце, годнасць і веліч, прыгажосць і даўгавечнасць. У народнай свядомасці ўсё, што перавышала пажаданае і магчымае, звязвалася з золатам: “купацца ў золаце”, “залатыя словы”, “залаты дождж”, “залатыя рукі”. У замовах на “залаты” замок і “залаты” ключ замыкаліся ўсе беды і няшчасці.

  • Каб у хаце на працягу ўсяго года быў прыбытак, у славян існаваў звычай “умывацца з золата”. На Каляды, на Другую, Шчодрую куццю, у Чысты чацвер раніцай гаспадыня ў ваду клала залаты прадмет ці манету, а затым усе члены сям’і павінны былі памыцца гэтай вадой.
    Акрамя золата ў народзе пашанай карысталіся срэбра і медзь. Так, у казках мы сустракаемся з трыма  царствамі — Залатым, Срэбным і Медзяным; у казачнай кароўкі “залатыя рожкі, срэбныя ножкі, медны язык”.
  • У народных павер’ях срэбра было надзелена вялікай сілай у барацьбе з нячысцікамі: срэбная куля забівала ваўкалакаў і ведзьмакоў. Лічылася, што прысутнасць у хаце срэбных рэчаў захоўвае яе ад удараў маланкі. Здавён у народзе ведалі пра дэзынфекцыйныя якасці срэбра. Часам срэбныя манеты клалі ў жбаны з вадой для пітва і г.д.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter