Тураператары актыўна распрацоўваюць маршруты па Беларусі

Не лыкам шытыя

З кожным годам на запыт “вандроўкі па Беларусі” пошукавыя сістэмы выдаюць усё больш прапаноў. І гэта радуе. Запрашаем раскрыць таямніцы ювелірнага мастацтва, паўдзельнічаць у “Мотальскай рэгаце”, трапіць у краіну “Архітэктурыю”. Несумненна, новыя экскурсіі зробяць нашу бацькаўшчыну яшчэ больш прывабнай і для замежных гасцей, і для саміх беларусаў.

Таямніцы ювелірнага мастацтва

Прамысловы турызм у нашай краіне набірае ўсё большую папулярнасць. Вялікія і маленькія заводы смялей прыадчыняюць дзверы сваёй “кухні”, знаёмячы спажыўцоў з працэсам нараджэння знакамітых вырабаў. Калі вы ўпэўнены, што “лепшыя сябры дзяўчат — брыльянты”, то, доўга не вагаючыся, адпраўляйцеся на гомельскі ювелірны завод “Крышталь”. Госці змогуць дакрануцца да неапрацаванага натуральнага дыямента, створанага чараўніцай-прыродай больш за 100 мільёнаў гадоў таму, убачыць працэс нараджэння прывабных камянёў і нават паўдзельнічаць у стварэнні ювелірнага вырабу.

Мотальская рэгата

Прыхільнікаў актыўнага адпачынку ў пачатку чэрвеня чакае аграгарадок Моталь. На фестывалі воднага турызму “Мотальская рэгата” біць бібікі не атрымаецца — прыйдзецца дэманстраваць спрыт і спартыўную выпраўку. Сплаўляцца на байдарках і каноэ 50 кіламетраў не жартачкі! Футбол, валейбол, катанне на роварах не дадуць засумаваць і тым, хто застанецца на беразе. Вечарам атрымаць прыліў сіл і бадзёрасці дапамогуць спевы пад гітару каля вялікага вогнішча на беразе ракі Ясельды.

— Мы ўпэўнены, што фестываль стане брэндам Іванаўскага раёна нараўне са знакамітымі “Мотальскімі прысмакамі”, — кажа загадчык сектара аддзела адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага райвыканкама Сцяпан Млынчык. — Сплаўляцца па рацэ не так лёгка, як здаецца на першы погляд: трэба добра трымаць раўнавагу, змагацца з цячэннем, сінхронна ўзмахваць вёсламі. Побач з удзельнікамі заўжды будуць прадстаўнікі Асвода — бяспека перш за ўсё.

Месцы сілы і памяці

Пра неўміручы подзвіг нашага народа раскажа тур “Памяць аб Вялікай Перамозе”, што расцягваецца на дзве сотні кіламетраў і ахоплівае чатыры сімвалы гераічнасці, мужнасці, непакорнасці.

Падарожжа ў гісторыю пачынаецца каля Кургана Славы. Ён быў узведзены ў 1969 годзе як напамін аб наступальнай аперацыі “Баграціён”, вызваленні Беларусі ад фашысцкага прыгнёту. Мемарыяльны комплекс “Хатынь” сустрэне ціхім журботным звонам, што нагадвае плач. “Тэатрам ваенных дзеянняў” уразяць на “Лініі Сталіна” — ва ўнікальным ваенна-гістарычным музеі пад адкрытым небам. Пад заслону дня турыстаў прывязуць у Музей Вялікай Айчыннай вайны — адзін з самых буйных музеяў у свеце, прысвечаных падзеям ваеннага ліхалецця. Сёння ў яго фондах захоўваецца больш за 140 тысяч адметных экспанатаў.

Прайсці экалагічнай сцежкай

Экатурызм, адно з самых модных захапленняў у Еўропе, набірае папулярнасць і ў нас. Стваральнікі тура “Прырода роднага краю” запрашаюць прагуляцца па сцежках аднаго з найбуйнейшых верхавых балот Еўропы — Ельні. Яму больш за 9 тысяч гадоў! На вялізнай тэрыторыі ў 200 квадратных кіламетраў сустракаюцца дзясяткі відаў балотных раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу. Турыстаў таксама чакае захапляльная экскурсія па мастацка-этнагра-фічным музеі імя Язэпа Драздовіча ў вёсцы Германовічы Шаркаўшчынскага раёна, дзе раскажуць аб творчым шляху славутага мастака, “вечнага вандроўніка”, аўтара знакамітых касмічных пейзажаў і маляўнічых дываноў. А ў Доме ганчара гасцей навучаць абпальваць у печы толькі што злепленыя гаршкі — навучаць рабіць тое, чым калісьці займаліся нашы продкі.

У краіне “Архітэктурыі”

Мінск — жамчужына на турыстычнай карце краіны, абыякавым ён не пакідае нікога, асабліва маленькіх турыстаў. Менавіта для іх экскурсавод Таццяна Бойка распрацавала аўтобусна-пешы маршрут “Падарожжа ў краіну “Архітэктурыю”:

— Дзеці стамляюцца ад манатоннай падачы фактаў. Будзем шчырымі, на экскурсіях яны замест таго, каб уважліва слухаць, вельмі часта лічаць варон. Таму важна ўключыць іх у працэс. Групу падзяліць на каманды, задаваць ім пытанні і налічваць за правільныя адказы балы. Напрыканцы, канешне, адзначыць пераможцаў.

Маленькія гарэзы завітаюць у касцёл святых Сымона і Алены, прагуляюцца па праспекце Незалежнасці, спусцяцца да плошчы Перамогі, палюбуюцца адметным архітэктурным ансамблем Траецкага прадмесця і Верхняга горада.

Фота: БЕЛТА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter