Праз дзесяцігоддзі ўзгадвае франтавы снайпер Цімох Супрунчык

«Не хапiла iмгнення, каб уратавацца ад варожай кулi самому»

У ШМАТЛІКІХ творах літаратуры і мастацтва ўвекавечана памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны. Народны ўмелец Іван Супрунчык з палескай вёскі Цераблічы абяссмерціў сваіх аднавяскоўцаў, што загінулі на вайне, вырубленымі з дрэва помнікамі, якія ўсталяваны каля сялянскіх падворкаў. І свайму бацьку, які не вярнуўся з фронту, паставіў перад хатай такі драўляны помнік. Аднафамільцу Цімафею СУПРУНЧЫКУ з суседняй вёскі Мачуль пашчасціла выжыць у ваеннае ліхалецце. У памяці былога франтавіка засталіся ўспаміны пра вызваленне ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Кракава, Познані, Варшавы. Медалём «За адвагу» і ордэнам Айчыннай вайны другой ступені адзначаны ваенныя заслугі Цімафея Ерамеевіча. Пасля вайны больш за паўвека вырошчваў ён хлеб на калгасных палях, касіў травы. Разам з жонкай Кацярынай Марцінаўнай выхавалі трох дачок, якія падарылі ім сямёра ўнукаў. Дзевяцярых праўнукаў і пяцярых прапраўнукаў дачакаўся Цімафей Ерамеевіч, якому праз месяц споўніцца дзевяноста пяць гадоў. Адзінаму з былых франтавікоў калгаса «Палеская ніва», яму пашчасціла дажыць да юбілейнага года Вялікай Перамогі і захаваць добры слых, зрок і памяць. Узгадаць ёсць што франтавому снайперу Супрунчыку.


ПРАЦАВІТЫ селянін Ерамей Ануфрыевіч Супрунчык радаваўся нараджэнню кожнага з шасці сыноў. Маці Алена Рыгораўна марыла пра дачку-памочніцу. Нявесткі сталі імі. Кожнаму сыну набывалі зямлю ў часы буржуазнай Польшчы. Пасля прыходу савецкай улады ў Заходнюю Беларусь у іх невялікай вёсцы Мачуль арганізавалі калгас, які назвалі імем Жданава. Ерамей Ануфрыевіч і чацвёра яго старэйшых сыноў з сем’ямі сталі калгаснікамі. 

Малодшы Сцяпан пайшоў служыць у Чырвоную Армію, а самы меншы Цімох застаўся дома. Спраў па гаспадарцы юнаку хапала. У пісьмах брату паведамляў вясковыя навіны. Разам са Сцяпанам служылі іншыя аднавяскоўцы. У апошняе перадваеннае лета іх вайсковая часць базіравалася каля мястэчка Мікашэвічы, да якога з іх вёскі праз Прыпяць рукой падаць. Бацькі сабралі сялянскіх прысмакаў, хлеба і выправадзілі Цімоху ў адведкі. І суседка Матрона Новак адправілася наведаць свайго мужа Петрука, які служыў разам са Сцяпанам. 

Пешшу дайшлі да Альшан, у знаёмцаў пазычылі лодку і па канавах дабраліся да Прыпяці, пераправіліся на другі бераг і пакрочылі да вайсковай часці. Але ўбачыцца з салдатамі не ўдалося. Неўзабаве грымнула вайна, і гэтая вайсковая часць, адступаючы на ўсход, каля Магілёва трапіла ў варожае акружэнне, а потым і ў палон. Фашысты змарнаваных чырвонаармейцаў калонай гналі праз засеянае поле. Не давалі ежы і вады. Паабапал шляху стаяў невыцераблены лён. Палонныя не вытрымлівалі і кідаліся на пасевы, зрывалі льняныя галоўкі, каб неяк замарыць голад, — а нямецкія ахоўнікі страчылі па іх аўтаматнымі чэргамі. Раману Вітуну і Андрэю Адзінокаму цудам удалося ўцячы, дабрацца ў родныя мясціны і расказаць пра палон землякоў-чырвонаармейцаў. Больш ніякіх звестак пра Сцяпана сям’я Супрунчыкаў не атрымала. І Цімох перад самай вайной разам з равеснікамі атрымаў павесткі на службу ў армію. 

— Не паспелі дайсці да ваенкамата, — узгадвае Цімох Супрунчык, — як па дарозе нам паведамілі, што фашысцкая Германія вераломна напала на нашу краіну. Праз некалькі дзён варожыя самалёты ўжо былі над нашымі хатамі. Людзі не ведалі, што рабіць. Нечакана ў вёсцы з’явіліся на матацыкле з люлькай два невысокага росту нямецкіх салдаты. Спыніліся пасярод сяла і пачалі па-свойму гергетаць. Іх гаворкі ніхто ў нас не разумеў. Толькі сівабароды дзед Грыцко, які яшчэ ў Першую імперыялістычную вайну пабываў у нямецкім палоне, і ведаў нейкія іх словы. Яму нешта прагергеталі, развярнуліся і паімчалі з вёскі. Пра што гаварылі збянтэжанаму Грыцку, напэўна, і сам ён не зразумеў. 

Праз некалькі дзён вёску запаланілі акупанты. Яны пазаймалі хаты і ў нашай таксама размясціліся. Бацькі начавалі на кухні, а яны ў пярэднім пакоі. Я ж паціхеньку прыладзіўся на палацях за грубкаю. Сон не браў, і чуў, як яны то пойдуць з хаты, то вернуцца. На стале каля покуці разлажылі свае харчы і бутэльку гарэлкі паставілі. У час вячэры падышлі да мяне і прымусілі выпіць шкалік гарэлкі. Далі закусіць хлебам і каўбасой. Напоўнілі яшчэ шкалік для мяне. Ніколі раней не даводзілася мне піць. Закружылася галава ад такога пачастунку, стала зусім дрэнна. Маці ўбачыла мае мукі і абурылася. Немцы запалілі свечку, агледзелі мяне і супакоілі маці, што жывы буду. Ледзьве дачакаўся раніцы. Гэтых «кватарантаў» змянілі новыя, ад якіх я хаваўся ў хатах старэйшых братоў. Каб пракарміцца неяк, разам з братамі зараблялі па навакольных вёсках рамонтам сялянскіх хат. Ад дзядоў у нашай радні такі занятак. Старэйшыя браты перад самай вайной склалі прыгожую хату вясковаму кавалю, але ворагі яе спалілі.

Нашу моладзь акупанты зганялі на пагрузку і сплаў лесу па Прыпяці. Бярвенні звязвалі ў плыты і гналі па рацэ да Мазыра, а далей перапраўлялі па Дняпры да Кіева, перагружалі лес у чыгуначныя вагоны і адпраўлялі ў Германію. І мне даводзілася працаваць на пагрузцы лесу. Там мы ад людзей даведаліся, што ў навакольных лясных гушчарах кіраўнікі раённых улад арганізоўваюць супраціўленне акупантам. Неўзабаве за размешчанымі ў густым лесе Мярлінскімі хутарамі сфарміраваўся партызанскі атрад. 

— Вы сувязь з ім падтрымлівалі?

— Не адразу. За супрацьстаянне фашысцкія карнікі нас пужалі рознымі пакараннямі. Акупанты прымушалі здаваць малако і вазілі яго ў Давыд-Гарадок на перапрацоўку. Забіралі з падворкаў жыўнасць. А ноччу да нас прыходзілі людзі ад партызан за харчамі, і мы з імі дзяліліся. Вяскоўцы папаўнялі партызанскі атрад. Сусед Пятрук Новак адным з першых з вёскі Мачуль падаўся ў лес да народных мсціўцаў. Аўдавелага майго брата Кузьму з дзецьмі і брата Міхала з жонкай Вуллянай і сынам вывезлі ў Германію на працу. Брат Піліп да вайны пайшоў на службу ў Чырвоную Армію, і ад яго, як і ад Сцяпана, аніякіх звестак не было. 

Мне часта даводзілася па розных справах праходзіць каля адзінокага хутарка, дзе жыла з маленькай дачушкай Вольгай аўдавелая Кацярына. Муж яе, які даводзіўся мне стрыечным братам, загінуў у польскім войску. Надумаўся я пасватацца да маладзіцы. Бацькі мой намер падтрымалі. І забраў з хутара Кацярыну з яе Волечкай да сябе.

Зусім мала пражылі разам Цімох і Кацярына. Акупанты збіралі чарговую партыю моладзі для адпраўкі на працу ў Германію. У натоўпе апынуўся і Цімох, Кацярыне ён крыкнуў, што не ўзяў з сабою лыжку. Побач круцілася маленькая Волечка і ў момант кінулася дамоў праз балотца, прынесла лыжку. Асенняй стылай слотай па раскіслай грэблі фашысты гналі юнакоў і дзяўчат на зборны пункт у суседнюю вёску Велямічы. На полі мокла не зжатая яшчэ збажына, і, як толькі выдаўся зручны момант, Цімох разам з сябрамі Іллёй Яўменчуком і Іванам Вараксай каля могілак кінуліся ў жыта і так уратаваліся. Да канца акупацыі хаваліся па хутарах ад варожага вока. На пачатку лета 1944 года сталі паступаць звесткі пра наступленне Чырвонай Арміі і вызваленне суседніх гарадоў — Мазыра, Петрыкава, Турава. 

— З усходу даносіліся гукі кананады, — працягвае ўспамін Цімох Ерамеевіч. — Жыхары з навакольных вёсак паведамлялі, што гітлераўцы шпарка адыходзяць у бок Давыд-Гарадка. Стаялі цёплыя летнія дні. З боку Турава паказаліся чырвонаармейскія танкі. І старыя і малыя сустракалі вызваліцеляў. Аднавіліся савецкія органы ўлады, і нас, маладых вяскоўцаў, прызвалі на службу. З сабой я ўзяў і тую лыжку, што прынесла мне перад адпраўкай у Германію Волечка. З ваенкамата пехатой два дні дабіраліся да чыгуначнай станцыі Жыткавічы. Нашы торбы везлі падводы. Цёплую летнюю ноч правялі ў Тураве. Крочылі два дні. На чыгуначнай станцыі пагрузіліся ў вагоны і цягніком адправіліся на Украіну. Ехалі праз Оўруч, Жытомір і спыніліся ў горадзе Белая Цэркаў. Размясціліся ў трохпавярховых казармах. Усе тры доўгія будынкі былі перапоўнены навабранцамі. Рускія і ўкраінцы, беларусы і грузіны, азербайджанцы і ўзбекі, маладыя прадстаўнікі іншых народаў сабраліся на вайсковыя курсы. Мяне залічылі ў групу снайпераў. 

— Як доўга вас абучалі?

— За месяц асвоілі зброю, і адразу адправілі нас на перадавую. Фронт ужо быў за межамі краіны. Цягніком за Брэстам перасяклі дзяржаўную мяжу — і адразу на перадавую. Нашы войскі ўшчыльную падышлі да Кракава. Каля гэтага старажытнага польскага горада зрабіў свой першы франтавы выстрал. 

— Запомніўся той бой? 

— Ды яшчэ як! У нашым узводзе было два снайперы. Паступіла каманда сачыць за праціўнікам. Каля мяне ў акопе нявопытны баец паклаў вінтоўку збоку і стаў глядзець у бінокль, а нямецкі снайпер тут жа выстраліў яму ў лоб. Гэта вельмі моцна мяне ўзрушыла. Снайперскую вінтоўку апусціў ніжэй, каб галавы не было відаць. Прыглядзеўся да бруствера праціўніка і ўбачыў, што там капаюць зямлю і адкідаюць у бок. Рыхтавалі гняздо для кулямёта. Як толькі пачалі яго прыстасоўваць і кулямётчык высунуўся з акопа, я ўмомант прыцэліўся, выстраліў і напавал зваліў нямецкага салдата. Не спыніўся і стаў яшчэ страляць... Калі выціснулі ворага і трывала замацаваліся, у вачах паўставаў той акоп з кулямётчыкам.

У час вызваленчых аперацый як мясцовы люд да вас ставіўся?

— Нас віталі, частавалі хлебам і да хлеба. Запомнілася адна польская гаспадыня. Лінія фронту праходзіла побач з яе падворкам. Каля хаты быў агародзік, дзе расла бручка. Байцы выскаквалі з акопаў і частаваліся сакавітымі караняплодамі. Скупая полька абуралася і прыгаворвала: «Цо то за войска такое галоднае, як псы». А салдаты не звярталі ўвагі на яе абурэнні. Бывала, што байцы заскоквалі ў дамы і там харчы атрымлівалі.

— Вы крочылі з прыемнай місіяй па польскай зямлі. У вызваленні якіх гарадоў прымалі ўдзел?

— Ніколі не забуду баі за вызваленне Кракава, Познані. Вызваляў і польскую сталіцу — Варшаву, дзе загінуў мой сябар Косця Ліпскі, а мяне параніла ў руку. Бой быў на досвітку. 

— Як вас параніла?

— Нашы акопы ў адным месцы падступалі да варожых. Пазіцыі раздзялялі трыста метраў. Добра відаць было, што рабілася ў лагеры праціўніка, і яны за намі сачылі. Глыбокай восенню 1944 года не сціхалі дажджы. Мы моцна прамоклі. Нацельнае было хоць выкручвай. Схавацца не ведалі дзе. Косця Ліпскі аж зубамі ляскаў ад холаду. Непадалёку ад акопаў стаялі складзеныя снапы. Як толькі сцямнела, я прыкінуў, як можна падпаўзці да іх. Паклікаў двух прамоклых байцоў, і мы папаўзлі. Нацягалі саломы, распусцілі папругі, напіхалі пад шынелі саломы і падперазаліся, каб яна не выпадала. Вярнуліся ў акоп. Так крыху сагрэліся. 

На досвітку прагучала каманда «Уперад!» Папругі парасшпільвалі, салома выпала, і мы рынуліся ў атаку. Вораг хітра падпусціў нас блізка. Грымелі выбухі нашых гранат пад нашае шматгалоснае «Ура!» У кожнага было толькі па адной гранаце, і, калі выбухі заціхлі, мы паўсталі перад варожымі акопамі. Позіркам адшукаў ход і намерваўся ўскочыць у акоп праціўніка. Раптам пачалася страляніна, і я адчуў пякучы боль у локці. Не хапіла імгнення, каб уратавацца ад варожай кулі, якая прашыла руку і закранула косць. Цёплы струменьчык крыві заліваў рукаў. Не паспеў і спужацца. Байцы падхапілі мяне і яшчэ аднаго параненага і павялі ва ўкрыцце. Так мая атака закончылася. 

— Дамоў паведамілі пра раненне?

— Толькі з Сумскага шпіталя напісаў пісьмо і расказаў, чаму не на фронце. 

— Вам прыходзілі пісьмы ў шпіталь?

— Вельмі абрадаваўся, калі атрымаў першае пасланне. Хацелася цалаваць яго. Радасць агарнула, быццам дамоў завітаў. Чытаў і нібыта крочыў па роднай вёсцы, бачыў хаты, твары родных і суседзяў. З дому паведамлялі, у які дом прыйшлі пахавальныя, хто паранены, расказвалі пра жыццё. 

Калі мне вылечылі руку, прыладзіўся рамантаваць абутак. Зашываў дзіркі ў чаравіках для параненых. Сем месяцаў лячыўся ў шпіталі. І Дзень Перамогі там сустрэў. Пілаваў дровы ў лесе, у якім пры бамбёжцы пазносіла вершаліны. Там і пачуў, што вайна закончылася. Ад радасці кінуліся абдымацца і віншаваць адзін аднаго з перамогай. Дэмабілізаваўся і цягніком паехаў дамоў. Выйшаў на станцыі Мікашэвічы — і пешшу хутчэй у сваю вёску Мачуль. Падышоў да дому, і сціснула сэрца так, што не мог уздыхнуць. Родныя сталі плакаць і абдымаць мяне. Пахавальная не абышла і нашу сям’ю. Прыйшла яна на брата Сцяпана. Амаль у кожным доме нашай вёскі нехта не вярнуўся з вайны. 

Працаваў ездавым у калгасе, дапамагаў і на будаўніцтве жывёлагадоўчых памяшканняў. У нас з Кацярынай нарадзіліся дзве дачкі — Ганька і Надзея. Усіх траіх мы замуж пааддавалі. Унукам і праўнукам расказваю пра лыжку, што прынесла мне ў вайну Волька, якая стала для мяне роднай. З той лыжкай прайшоў праз вайну, шпіталь і вярнуўся з ёю дамоў.

Уладзiмiр СУБАТ.

Фота аўтара

Столінскі раён
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter