Не камбайнер да сям'і, дык сям'я да камбайнера
11.07.2013 18:21:09
Глыбоцкая «Мнюта» ўжо сёння жне і пазычае іншым зерне мінулага ўраджаю
УБОРКУ азімага ячменю пачалі ў СПФ «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» Глыбоцкага раёна. Збажыну даручылі ўбіраць маладому механізатару Алегу ШЫНКЕВІЧУ, які ўжо паспеў зарэкамендаваць сябе як майстар хлебнай нівы. На камбайне КЗС-12 ён тры гады запар бярэ тысячны рубеж. Сур’ёзныя намеры мае і сёлета: — Тэхніка гатова. Ураджай ёсць. А што яшчэ трэба?! — коратка падсумоўвае Алег Шынкевіч.
— Ён не можа адвінуцца, то мы вось самі дабраліся сюды. Нам гэта не клопатна. Ёсць свая машына, я сама за рулём.
Адразу за камбайнам ідзе прэс-падборшчык, які рулоніць салому.
— Ачысцім поле, — тлумачыць дырэктар гаспадаркі Яраслаў Сінкавец, — і пасеем маслічную рэдзьку. У кастрычніку будзе выдатны корм.
Да ўборкі ў філіяле — 1160 гектараў. Ёсць 6 камбайнаў. Падрыхтаваны сушылкі: новая амкадораўская і польская — М-819. На апошняй праведзены капітальны рамонт, устаноўлена аўтаматыка. Няма недахопу ў кадрах. Упраўляюцца сваімі сіламі. Для перавозкі зерня накіраваны з малочна-кансервавага камбіната дзве машыны.
У мінулым годзе СПФ «Мнюта» атрымаў самую высокую ўраджайнасць у раёне — 43 цэнтнеры на круг. З таго ўраджаю яшчэ засталося 700 тон зерня, і цяпер Яраслаў Сінкавец пазычае тым, хто мае патрэбу, бо масавае жніво ў раёне пачнецца крыху пазней.
У першы дзень у гаспадарцы было намалочана 30 тон азімага ячменю.
НА ЗДЫМКАХ: Дырэктар СПФ «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» Яраслаў СІНКАВЕЦ і начальнік райсельгасхарча Глыбоцкага райвыканкама Алег СКРАБНЕЎСКІ з першым зернем новага ўраджаю; зусім іншы настрой! Жонка Святлана з дочкамі Дашай і Кацяй на полі ў мужа Алега ШЫНКЕВІЧА.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара