Не камбайнер да сям'і, дык сям'я да камбайнера

УБОРКУ азімага ячменю пачалі ў СПФ «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» Глыбоцкага раёна. Збажыну даручылі ўбіраць маладому механізатару Алегу ШЫНКЕВІЧУ, які ўжо паспеў зарэкамендаваць сябе як майстар хлебнай нівы. На камбайне КЗС-12 ён тры гады запар бярэ тысячны рубеж. Сур’ёзныя намеры мае і сёлета: — Тэхніка гатова. Ураджай ёсць. А што яшчэ трэба?! — коратка падсумоўвае Алег Шынкевіч.

Глыбоцкая «Мнюта» ўжо сёння жне і пазычае іншым зерне мінулага ўраджаю

УБОРКУ азімага ячменю пачалі ў СПФ «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» Глыбоцкага раёна. Збажыну даручылі ўбіраць маладому механізатару Алегу ШЫНКЕВІЧУ, які ўжо паспеў зарэкамендаваць сябе як майстар хлебнай нівы. На камбайне КЗС-12 ён тры гады запар бярэ тысячны рубеж. Сур’ёзныя намеры мае і сёлета: — Тэхніка гатова. Ураджай ёсць. А што яшчэ трэба?! — коратка падсумоўвае Алег Шынкевіч.

Адпаведны настрой стварае яму сям’я. Праведаць, як ідуць справы ў мужа ў першы дзень уборкі, прыехала на поле жонка Святлана з дочкамі Дашай і Кацяй.

— Ён не можа адвінуцца, то мы вось самі дабраліся сюды. Нам гэта не клопатна. Ёсць свая машына, я сама за рулём.

Адразу за камбайнам ідзе прэс-падборшчык, які рулоніць салому.

— Ачысцім поле, — тлумачыць дырэктар гаспадаркі Яраслаў Сінкавец, — і пасеем маслічную рэдзьку. У кастрычніку будзе выдатны корм.

Да ўборкі ў філіяле — 1160 гектараў. Ёсць 6 камбайнаў. Падрыхтаваны сушылкі: новая амкадораўская і польская — М-819. На апошняй праведзены капітальны рамонт, устаноўлена аўтаматыка. Няма недахопу ў кадрах. Упраўляюцца сваімі сіламі. Для перавозкі зерня накіраваны з малочна-кансервавага камбіната дзве машыны.

У мінулым годзе СПФ «Мнюта» атрымаў самую высокую ўраджайнасць у раёне — 43 цэнтнеры на круг. З таго ўраджаю яшчэ засталося 700 тон зерня, і цяпер Яраслаў Сінкавец пазычае тым, хто мае патрэбу, бо масавае жніво ў раёне пачнецца крыху пазней.

У першы дзень у гаспадарцы было намалочана 30 тон азімага ячменю.

— Заўтра выведуць камбайны на ніву са збажыной у філіяле «Галубічы» ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат», — сказаў начальнік райсельгасхарча Глыбоцкага райвыканкама Алег Скрабнеўскі. — Там таксама будуць убіраць азімы ячмень. Яго мы завезлі летась з Брэсцкай і Гродненскай абласцей і пасеялі ў чатырох гаспадарках у якасці эксперымента. Каштоўна тое, што на пясчаных землях ён, пакуль ёсць вільгаць, паспявае наліцца. Будзем пашыраць яго пасевы на наступны год. Усяго нам трэба ўбраць сёлета 24600 гектараў зерневых. Гатоўнасць ёсць. Вось толькі б дожджык яшчэ прайшоў, каб налілося зерне ў яравых!..

НА ЗДЫМКАХ: Дырэктар СПФ «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» Яраслаў СІНКАВЕЦ і начальнік райсельгасхарча Глыбоцкага райвыканкама Алег СКРАБНЕЎСКІ з першым зернем новага ўраджаю; зусім іншы настрой! Жонка Святлана з дочкамі Дашай і Кацяй на полі ў мужа Алега ШЫНКЕВІЧА.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter