Копытки - еще одно традиционное блюдо из картофеля

Не дранікамі адзінымі

Можа, для кагосьці стане здзіўленнем, але і бульбашамі мы былі не заўсёды. Да XVIII стагоддзя беларусы ўжывалі ў ежу боб, гарох, сачавіцу, агуркі, моркву, капусту, іншую гародніну. Бульба стала адным з асноўных прадуктаў харчавання нашых продкаў толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя. Затое колькі з яе ўсяго пачалі гатаваць: дранікі, клёцкі, калдуны, бабку і многае іншае. Адна з традыцыйных бульбяных страў — капыткі.

Існуюць рэгіянальныя асаблівасці прыгатавання, падачы і ўжывання гэтай стравы. Так, у Паазер’і яе гатуюць з адваранай астуджанай бульбы, якую здрабняюць з дапамогай відэльца, таўкачыка або мясарубкі. Дадаюць яйка, соль, крухмал. Раскатваюць цеста ў доўгія шнурочкі, наразаюць на невялікія кавалачкі і адварваюць. Падаюць з падліўкай са смятаны і зеляніны. 


 А вось на Заходнім Палессі іншы спосаб прыгатавання. Надзіраюць на тарцы сырую бульбу, дадаюць муку, соль, соду. Раскатваюць, наразаюць палоскамі і пякуць у печы або духоўцы. Пасля чаго апускаюць капыткі на некалькі хвілін у мясны булён і падаюць з абсмажанай цыбуляй.


Капыткі вядомы таксама ў польскай і літоўскай кухнях, дзе іх часта падаюць з грыбамі, смятанай, таматным соусам. У Польшчы капыткі з’яўляюцца папулярным гарнірам да розных мясных і іншых страў, яны нават прадаюцца ў магазінах у выглядзе замарожаных паўфабрыкатаў. Існуюць капыткі ў жывым побыце і ў суседняй Літве. Іх адпаведнік завецца швільпікaй. На жаль, у сучаснай Беларусі капыткі — лакальная страва, якая гатуецца толькі ў некаторых рэгіёнах, прычым у хатніх умовах. А між іншым, капыткі маглі б стаць такой жа папулярнай рэстараннай стравай, як і дранікі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter