Татьяна Авсеенко из агрогородка Нурово Верхнедвинского района держит в личном подсобном хозяйстве 10 коров

«Не дагледзішь зямлю — і малака не будзе...»

Таццяна Аўсеенка з аграгарадка Нурава Верхнядзвінскага раёна ганарыцца рэкордамі сваёй падсобнай гаспадаркі

Прымяняючы перадавыя метады гадоўлі КРС, толькі ў мінулым годзе яна прадала на Верхнядзвінскі масласырзавод 82 тоны малака. Гэта лепшы рэзультат не толькі па Боркаўскаму сельскаму Савету, але і ў цэлым па раёну. 

Упраўляючы справамі сельвыканкама Аксана Кудрэц зазначае, што і па сваёй асноўнай рабоце — як загадчыцу Нураўскага сельскага клуба — Таццяну Аўсеенку ставяць вяскоўцы ў прыклад. Актыўна працуе з моладдзю, праводзіць шмат цікавых мерапрыемстваў, прымае ўдзел у рэспубліканскіх акцыях. Нядаўна яе выбралі старэйшынай аграгарадка Нурава і яшчэ двух вёсак. 

— Таццяна Сямёнаўна, родам вы з Міёрскага раёна, але ж і гэтыя мясціны, дзе вас так добра ведаюць аднавяскоўцы, таксама называеце роднымі.


— Справа ў тым, што вёска, дзе я нарадзілася, побач, на другім беразе Дзісны. І калі зімы былі суровыя, не такія, як цяпер, рака замярзала, і пераходзілі яе па лёдзе. Папа, Сямён Кузьміч Віткоўскі, працаваў вадзіцелем-кранаўшчыком, будаваў фермы. Дзякуючы яму я і пайшла паўстагоддзя таму назад у калгас, які называўся тады «Імя Ільіча». Грымеў на ўвесь Савецкі Саюз. Быў мільянерам. Асабліва мяса здавалі многа і малака. Старшынёй гаспадаркі быў у той час Уладзімір Арсенцьевіч Быкаў, чалавек ад зямлі. Усё разумеў, ва ўсім разбіраўся — і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі, і з людзьмі ладзіў. Вось менавіта ён і даў мне накіраванне ад калгаса на вучобу ў сельгастэхнікум. І стыпендыю паклаў у 70 рублёў у месяц: немалыя на той час грошы. Для параўнання: маці мая як фармацэўт атрымлівала ўсяго 60 рублёў. Пасля заканчэння вучобы вярнулася ў калгас. Працавала бухгалтарам, дыспетчарам, загадчыцай фермы. Цяпер вось ужо шэсць год, як загадваю сельскім Домам культуры ў аграгарадку.

— Але ж і з сельскай гаспадаркай не парвалі. Больш таго, здаеце са сваёй падсобнай гаспадаркі малака больш другіх у раёне!

— Гэта не толькі мая заслуга, але і мужа Сяргея. Ён разбіраецца цудоўна ў агранаміі, жывёлагадоўлі, тэхніцы. Так што гэта сумесны наш здабытак.

Трымаем дзесяць кароў і чатырох цялушак. Атрымліваем звыш 8 тысяч кілаграмаў на адну ў год. Даюць у сярэднім па 25 літраў малака ў суткі кожная. Ёсць тры высокаўдойныя: гэта Матрона, Маруся, Магда. Ад іх бяру па 30—33 літры. Аднак з высокаўдойнымі і праблем больш: кормім часцей, іначай, з дабаўкамі, глюканат кальцыя даём, каб косці жывёлы падтрымаць.

— Закупляеце дзе-небудзь племянных цёлак, каб атрымаліся такія каровы-рэкардсменкі?

— Каровы толькі сваёй гадоўлі. І цёлкі толькі ад іх.

— Нейкая свая мудрагелістая тэхналогія гадоўлі цёлак?

— Усё даволі проста. Трымаем цялушку да года на сене і толькі потым выганяем ў поле на траву. Пакрываем у месяцаў сямнаццаць-васемнаццаць, а то і дваццаць, каб сфарміравалася моцная харошая карова.

— Таццяна Сямёнаўна, вось вы ўпамянулі пра сена. Але ж яго нарыхтаваць яшчэ трэба. І відаць, нямала: і на тых жа цёлак, і на зімоўку для кароў?

— Назапашваем прыкладна 45 тон сена. Адной хопіць на зіму чатыры тоны, другой — пяць, а іншай і тры хапае. У нас ў арэндзе тэрмінам на пяцьдзесят год 2,4 гектара зямлі. Акрамя таго, яшчэ сельсавет выдзеліў 2,6 гектара для выпаса жывёлы. На гэтым участку да таго ж праводзім падкосы. Не абыходзім увагай няўдобіцы. На выпасах розныя травы: і канюшына, і цімафееўка. Падсяваем штогод. Летась толькі за насенне траў аддалі каля тысячы рублёў. 

Нарыхтоўваем сена самі. Ёсць трактар МТЗ, касілка, варашылка, прэспадборшчык. Акрамя сена вырошчваем зерневыя, буракі, сотак дваццаць бульбы. Прымяняем севазварот. Зерневых, напрыклад, сабралі па 60 цэнтнераў з гектара. За зямлёй трэба ўхожваць, не дагледзіш яе — малака не будзе. Высяваем, напрыклад, азімае жыта, каб ранняй вясной выгнаць на гэта поле, на зялёнку кароў, каб пасля зімы яны акрэплі. Пасля чаго поле пераворваем і высяваем яравыя. 

— Відаць, ёсць праблемы і з дойкай кароў на полі. Зімой, ведаю, у памяшканні выручае даільны апарат. А як летам?

— Таксама электрадойкай. Нам Боркаўскі сельсавет, дзякуй яму, выдзеліў выпасы каля дому. Прыганяем кароў у памяшканне. Яны прывучаны, чакаюць. Муж падключае апарат, сам і доіць. Я памыю вёдры, цадзілкі. Потым зноў кароў — на выпасы. Даільны апарат купілі за малочныя грошы і яшчэ бралі крэдыт у банку. Малако пасля дойкі захоўваем у ларах, так званых халадзільніках. Было два, дакупілі яшчэ адзін. Таму яно заўсёды якаснае, не перакісае. Забірае яго заўсёды ў вызначаны час малаказборшчык Уладзіслаў Малаток, хлопец малады, адказны. Старанна робіць аналіз прадукцыі. Тлустасць малака ад маіх кароў — 4,1—4,2. Высокая, хаця ўсё у агульны кацёл ідзе і там выводзіцца сярэдняя. Таццяна Каранік, якая прымае малако на масласырзаводзе, прадукцыю ад маіх кароў называе словам «супер».

— Таццяна Сямёнаўна, а чаму б вам не здаваць малако на завод ад сваіх кароў асобна ці вырабляць з яго прадукцыю, тыя ж сыры, тваражкі, як робяць некаторыя, і рэалізаваць у горадзе на рынку?

— Вазіць малако асобна на малаказавод? Не. Трэба купляць машыну, бочку спецыяльную. Афармляць усё. Адно — гэта накладна, клопатна. Другое — трэба хоць капельку падтрымаць той жа масласырзавод, раён. Зрабіць свой уклад у агульную важную справу. Тым больш што і разлічваюцца за малако канкрэтна ў вызначаныя даты. А наконт рынку... Я калісьці, яшчэ напачатку, павязла сваю прадукцыю ў Полацк: смятану, масла, тваражкі. Ніякія дабаўкі не рабіла. Пастаяла разы два. Людзі папрабавалі, убачылі, што прадукцыя якасная, харошая, экалагічна чыстая. З'явіліся пастаянныя кліенты. Прывязу — і адразу забіралі. Аднак на ўсё патрэбен час, якога няма.

— Таццяна Сямёнаўна, а вас саміх выпадкова не цягне ў горад? Не зайздросціце гараджанам?

— Калі б мне далі шмат грошай і сказалі: «Вазьмі і едзь ў горад», я б адказала: «Забярыце сабе гэтыя грошы і адпраўляйцеся ў гэты мурашнік!» Я горад не люблю! У мяне дом у вёсцы. Прыватызавалі ў 1996  го­дзе. Дабудавалі. Атрымаўся харошы катэдж. Харомы — хоць танцуй! Наняў муж людзей, сам дапамагаў. Ён у мяне не п'е , не курыць. Адказны ва ўсіх адносінах. Любіць работу. Так яго выхавала маці. Ён са шматдзетнай сям'і. Трое дзяцей у яго маці. Яна, Валянціна Пятроўна Аўсеенка, працавала даяркай у калгасе, бацька, Уладзімір Фёдаравіч Аўсеенка, — трактарыстам. Гаспадарка ў нас вялікая. Акрамя кароў яшчэ ёсць куры, былі індзюкі. Гэта для сябе. Індзюшаціна надта карысная, лёгкая, як і кральчаціна. Калі чалавек ва ўзросце, то вельмі карысна падтрымліваць арганізм.

— Акрамя падсобнай гаспадаркі ёсць у вас, Таццяна Сямёнаўна, асноўная і вельмі адказная работа ў сельскім клубе...

— Праводзім з насельніцтвам і асабліва з моладдзю розныя цікавыя мерапрыемствы, вечары. Акрамя таго, у мяне ў клубе — гурток для дзяцей. Робім з цеста кароў, коней, пеўняў, зайцаў, катоў. Дзеці прыходзяць маленькія: з першага па чацвёрты клас. Ёсць і старэйшыя — сёмыя і восьмыя. На выхадныя прыбягаюць гарадскія. Летам набіраецца 25—30 чалавек. Актыўныя Ульяна Усовіч, Насця і Дзяніс Лукашок, Дзяніс Шчамель, Сафія Рундо, Вадзім Леўчанка, Ягор Шчарбіцкі. Падзелкі захоўваем у асобным пакоі. Выстаўляем да свят 8 Сакавіка, 23 лютага, Вялікадня, на фэсце «Яблачны Спас» і іншых. Летам ідзём на Дзвіну. Ракушкі збіраем. Усё што можна, натуральнае ад прыроды, прымяняем для падзелак.

— Ствараецца ўражанне, што вы ўвесь час ў клопатах — ні хвілінкі спакою. Гэта я наконт таго, што вас не так даўно выбралі старэйшынай Нурава, а таксама вёсак Барсукі і Горкі. І калі да Барсукоў тры кіламетры, то да Горак ажно цэлых дзесяць. Ці не занадта?

— Наадварот, прыдае энергіі. З людзьмі я прывыкла працаваць і людзей названых вёсак добра ведаю, іх патрэбы. Раблю падворны абход. Убралі кусты каля Нурава, навялі парадак на могілках, зрэзалі аварыйныя дрэвы. А яшчэ справілі ў Горках дзень нараджэння былой старэйшыны гэтай вёскі Антаніны Яфрэмавай. 

У аднавяскоўцаў шмат працы штодня, але ж ёсць час і на адпачынак. Менавіта гэты творчы, дабразычлівы настрой больш за ўсё і падабаецца мне.

saulich@bk.ru

Фота з архіву Таццяны Аўсеенкі

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter