Белорусская писательница Инна Фролова — о патриотизме, своих необычных героях и первых читателях

Не бывае жыцця на чарнавік

«Давайце не будзем губляць часу», — Іна ФРАЛОВА, мабыць, не заўважае, як у гутарках заклікае суразмоўцаў да канструктыўнасці, плёну, эфектыўнай працы. Яна і сама такая — сур'ёзная і ўсмешлівая, канкрэтная і бясконца філасофская… Кнігі аўтара таксама разнапланавыя: натхнёная лірыка для дарослых і апавяданні, вершы, загадкі, іншыя цікавыя жанры для дзяцей. Каляровыя, з глянцавымі старонкамі і прывабнымі малюнкамі, яны зачароўваюць чытачоў. Прычым на сакавітай беларускай мове — праз творы можна пачарпнуць многа адметных слоў.

У мяне ў руках «Вясковыя вакацыі», а на вокладцы — з кошыка з малінамі, ажынамі, суніцамі выглядае жабяня з вытарашчанымі вачыма. Якіх толькі герояў на старонках не сустрэнеш: тут муха-пяюха, бычок Борка, камар Чабатар, жораў Жора… Але, бадай, галоўная задума — паказаць летнія забавы гарадской дзяўчынкі Лізы, якая адчула смак вясковага жыцця.

— Зусім нядаўна выйшла мая кніжка «Андрэйкава лета» — збылася мара зрабіць зборнік апавяданняў для маленькіх дзяцей, каб яны чыталі разам з бацькамі і вучыліся, як быць людзьмі. Задумку ажыццявілі
разам з мастаком Сяргеем Волкавым. Навінцы папярэднічалі зробленыя ў супрацоўніцтве з ім «Ромашки на асфальте», «Апельсин». Ілюстрацыі — істотная частка любой кнігі, яны вабяць да сябе малечу і глыбей раскрываюць сэнс тэксту.

Творчасць Іны Фраловай пачыналася з лірыкі — сур'ёзных, часта філасофскіх вершаў, якія заклікаюць паразважаць над маральнымі якасцямі, пачуццямі да роднай зямлі, асэнсаваць каханне, сяброўства… «Табе ў сэрцы я месца знайшла, / Беларусь мая, побач ля Бога. / Дзе б ні йшла я, куды б ні брыла — / Да твайго мне вяртацца парога». Паэтка адзначае, што ёй нябёсамі наканавана сніць вясновы шэпт вербалозу з бэзам, цнатлівую квецень садоў. На радзіме ўдалеч адыходзяць трывогі, бо тут пачуваецца смела і ўпэўнена.

— Да тэмы патрыятызму стаўлюся адказна, бо сувязь пісьменніка з грамадствам і грамадзянствам непарыўная. Стараюся ў творах, асабліва для дзяцей, нагадаць пра подзвіг нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, паглыбіцца ў гістарычную тэматыку. Так, у «Вясковых вакацыях» героі знайшлі старажытны куфар, з дапамогай якога раскрываюцца звесткі пра знакамітага земляка Васіля Цяпінскага, гуманіста-асветніка, пра выдадзенае і перакладзенае ім на беларускую мову Евангелле. Патрыятызм, на маю думку, неабавязкова выказваць гучна і пафасна. У любові можна прызнацца ціха, і тады яна яшчэ мацней. Як гэта, напрыклад, рабіў у сваіх творах Мікалай Рубцоў.

Шыпкоўскі лес на роднай Вілейшчыне для Іны Фраловай з дзяцінства — месца прыцягнення. Уздоўж гасцінца шуміць зялёны бор. Ён здалёк пазнае сваю паэтку, а яна пры­свячае яму вершы, дзе словы як духмяныя спелыя суніцы: «Шыпкі мае! Ад вас бярэцца неба. / Вы мне, здарожанай, жаданы супакой. / Каб новы шлях адужаць, з ветрам трэба / Глынуць гаючы баравы настой».

— Пачала складаць вершы яшчэ ў школе. Настаўніца беларускай мовы ўзгадвала, што я нават сачыненні пісала вершаваныя, — усміхаецца Іна Фралова. — У юнацтве для забавы зарыфмоўвала вясёлыя выпадкі, якія адбываліся са мной і сябрамі. Атрымліваліся своеасаблівыя балады пра нашу дзіцячую рэчаіснасць. Мне здавалася, што ўсе так умеюць, як я, а таму адносілася да гэтага несур'ёзна… Пасталеўшы, зрабіла акцэнт на вучобе, сям'і — словам, было не да вершаў. З часам цвёрда пераканалася, калі занятак твой, то нікуды ад цябе не дзенецца.

Іна Фралова выступала некалі са сваімі першымі вершамі ў Доме літаратара. Сталыя паэты ўхвалілі, і творчасць мацней зацягнула яе ў свае нетры. Яшчэ больш, сама стала тут працаваць: на працягу амаль дзесяці гадоў Іна Мікалаеўна — галоўны спецыяліст Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— Вельмі рада, што творчасць — не толькі мая аддушына, але і прафесія. Праца з аўтарамі абавязвае шмат чытаць, а гэта абагачае інтэлект, развівае шматбакова. Міжвольна думаю, што ўсё ў нашым жыцці ўзаемазвязана. Нездарма пішу дзіцячыя кніжкі — мая першая спецыяльнасць «дашкольнае выхаванне». А былых выхавальнікаў, як і настаўнікаў, няма.

Аўтар расказвае, што пісаць для дзяцей складана. Тут не дапамогуць ні рэгаліі, ні членскія білеты. Галоўны суддзя — маленькі чытач са сваёй унікальнай непасрэднасцю. Для яго галоўнае, цікава або не. Калі бачыш гладкі, зразумелы, вобразны тэкст, толькі здаецца, што ён сам кладзецца на паперу. Насамрэч за ім стаіць складаная праца.

— Добра, што ёсць магічнае слова «дэдлайн», інакш бясконца перапісвала б, — усміхаецца мая субяседніца. — У творах героі жывуць асабістым жыццём. Апрача ўсяго, як у «Вясковых вакацыях», кожнае апавяданне завязана на наступным, у іх адзіны сюжэт. Стараюся пачаць з весялейшай прыгодніцкай тэмы, каб захапіць юнага чытача, а потым прапаную рэчы больш сур'ёзныя.

«Андрэйкава лета», напрыклад, вучыць, што не бывае жыцця на чарнавік. Кніжка пра тое, як быць чалавекам. Дзяцінства — гэта не рэпетыцыя дарослага свету, тут усё па-сапраўднаму. Так, наконт сяброўства і адказнасці прымушае задумацца апавяданне пра сабаку. Андрэйка яго лашчыў цэлае лета, а потым з'ехаў у горад… Праз год гадаванец яго прызнаў, але больш нават не прыняў з рук ежы.

— На прэзентацыях пытаюся ў малых слухачоў: «Чаму так?» Адказы розныя. Напрыклад, што харчы, якія даваў Андрэйка, былі пратэрмінаванымі, а катлета — вегетарыянскай. Справа не ў гэтым. Сяброўства — вялікая адказнасць. Чатырохногі таварыш пакрыўдзіўся, што хлопчык яго пакінуў надоўга.

Пісьменніцкі талент Іна Фралова шліфавала ў Маскве на вышэйшых літаратурных курсах пры літінстытуце імя М. Горкага:

– Гэта мой шчаслівы білет. Вельмі радавалася, што паступіла. Нягледзячы на тое што спатрэбілася спалучаць працу, сям'ю, вучобу. Бліжэй пазнаёмілася з Масквой — незвычайны горад, цэлага жыцця не хопіць, каб агледзець усе славутасці, гістарычнае, культурнае багацце. Правяла многа прэзентацый сваіх кніжак, пасябравала з аднагрупнікамі, а група была ў нас інтэрнацыянальнай. Не кажучы пра здабыткі ў творчым сэнсе, якія мне дапамагаюць прамей масціць шлях да сэрца чытачоў.

Першыя крытыкі дзіцячых кніг Іны Фраловай — яе дачушкі. Адну завуць Лізай, як і гераіню «Вясковых вакацый». Віталія была нават мастаком у гэтай кніжцы, а малодшая дзяўчынка Паліна, якая вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі, правярае задумкі аўтара на даступнасць. Напрыклад, ці смешна там, дзе трэба смяяцца, ці зразумелае павучанне. Кожны новы твор цікавы перш за ўсё высокай маральнай ідэяй, якую нясе свету аўтар.

basikirskaya@sb.by


Фота з уласнага архіва аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter