Интересные факты о белорусской кухне

Не бульбай адзінай

А якімі стравамі частавалі гасцей нашы продкі, з якіх часоў нас пачалі называць бульбашамі і ці праўда, што ў беларускай народнай кухні можна знайсці рэцэпты лазанні? Прадстаўляем топ цікавых фактаў пра нашу кухню.
У італьянцаў — спагеці і піца, у французаў — круасаны і цыбулевы суп, у літоўцаў — цэпеліны і ведэрай, ва ўкраінцаў — боршч і сала... А якімі стравамі частавалі гасцей нашы продкі, з якіх часоў нас пачалі называць бульбашамі і ці праўда, што ў беларускай народнай кухні можна знайсці рэцэпты лазанні? Прадстаўляем топ цікавых фактаў пра нашу кухню.

11.png



Нашы продкі былі амаль вегетарыянцамі


Самабытныя рэцэпты, якія дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў, сведчаць пра тое, што харчаваліся беларусы заўсёды вельмі разнастайна, але рацыянальна і эканомна. Нягледзячы на тое, што практычна ўсе трымалі на сваіх падворках кароў, свіней, авечак, коз, хатнюю птушку, мясныя стравы гатавалі ў асноўным на святы. І тое пераважна на зімовыя, бо ўзімку можна было лепш захаваць мяса. Сала, каўбасы, вяндліну, як правіла, пакідалі на гарачы час сенакосу або жніва, калі асабліва патрэбныя былі сілы. У асноўным харчаваліся вегетарыянскімі стравамі: хлебам, кашамі, блінамі і, вядома, гароднінай.

22.png


Мы не такія ўжо і бульбашы


Згодна з энцыклапедыяй беларускай кухні “Смачна есці”, бульба на тэрыторыі нашай краіны з’явілася толькі ў XVIII стагоддзі. Да гэтага часу беларусы ўжывалі ў ежу боб, гарох, сачавіцу. Папулярнымі прадуктамі былі агуркі, морква, капуста, пастарнак. Пра гэты прадукт у нашых бабуль і дзядуль нават прыпеўка была: “Танцавала рыба з ракам, а пятрушка з пастарнакам. А цыбуля дзівавала, што пятрушка танцавала”. Толькі ў канцы XIX стагоддзя бульба змагла заняць лідзіруючыя пазіцыі ў рацыёне беларусаў і стала асновай галоўнай нацыянальнай стравы — дранікаў.

33.png


Бліны былі адной з самых папулярных страў


Менавіта з іх беларусы часцей за ўсё пачыналі свой дзень — і эканомна, і сытна. А калі яшчэ з мачанкай або верашчакай! Бліны выпякалі з жытняй, пшанічнай і нават грачнёвай мукі — іх называлі яшчэ грачанікамі. У традыцыйнай культуры Беларусі нават танец з такой назвай ёсць. Прысвечаны гэтай страве, ён выконваўся пад словы: “Гоп, мае грачанікі, гоп, мае ясныя. Чаму, мае грачанікі, такія нясмачныя?!.” Цікава, што ў некаторых беларускіх рэгіёнах нават склаліся свае ўнікальныя традыцыі прыгатавання бліноў. У вёсцы Радзюкі Шаркоўшчынскага раёна мясцовыя жыхаркі да гэтага часу выпякаюць бліны... на калодзе. Цяпер, праўда, часцей за ўсё толькі на святы.

44.png


Беларусы амаль не ўжывалі малака


Зноў жа дзіўна, бо сем’і трымалі і па дзве, і па тры каровы. Аднак асноўным спосабам спажывання і захоўвання малака быў тварожны сыр. Традыцыйным для краіны быў так званы літоўскі сыр — клінковы, з дабаўленнем кмену. Яшчэ менш, чым сыру, ужывалі нашы продкі смятаны і масла, якімі, як і цэльным малаком, забельвалі кашы, супы, іншыя стравы.

5.png


Гатавалі па замежных рэцэптах


Для многіх з нас традыцыйныя беларускія стравы — гэта верашчака, мачанка, дранікі ды клёцкі. Але толькі ўявіце: у нашых бабуль і прабабуль быў нават свой рэцэпт лазанні, а дакладней — лазанак. Лазанкі былі вельмі папулярныя ў сялянскіх хатах. Рэцэпт, які мы знаходзім у энцыклапедыі “Смачна есці”, просты: цеста з пшанічнай, жытняй або грачнёвай мукі тонка раскатвалі, рэзалі на квадраты ці трохвугольнікі, варылі, а затым залівалі смятанай, смажанымі скваркамі з цыбуляй. У больш дасканалых варыянтах адвараныя лазанкі тушылі ў печы са смятанай або запякалі з мясам і капустай. Назву стравы і тэхналогію прыгатавання лазанак нашы продкі запазычылі з італьянскай кухні праз польскую.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter