Народная газета

Не блытаць веру з пародыяй

Завяршэнне кастрычніка і пачатак лістапада ў Беларусі звязаны з асаблівым успамінам пра памерлых продкаў. Гэтая памяць пра тых, хто ўжо скончыў свой зямны шлях, аб’ядноўвае людзей розных канфесій. Аднак з памяццю пра памерлых часта звязана тое, што да хрысціянскай веры не мае ніякага дачынення.

Смерць знаёмага чалавека, нават калі ён не быў нашым родным, але мы шмат часу правялі побач, з’яўляецца для нас напружаным момантам. У хвіліны такога стрэсу чалавек губляецца і часта не ведае, што яму рабіць. Таму ён звяртаецца па параду да тых, каго лічыць духоўнымі аўтарытэтамі ў сваім асяроддзі.

Тое, што звязана са стратай блізкіх людзей, стварае добрую глебу для маніпуляцый. Гэта датычыць таксама развітання з памерлымі. Можна ўзгадваць цэлыя спісы “прадпісанняў”, якія нібыта трэба выканаць для таго, каб нябожчыку ў тым свеце было добра — захінуць усе люстэркі ў доме, не фарбаваць яйкі на бліжэйшы Вялікдзень і гэтак далей.

Усё гэта толькі пародыя на хрысціянскую веру. Наколькі кантрастуюць словы самога Хрыста з такім апрадмечваннем веры: “Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць...” Такім чынам, сустрэць Бога можна, выбіраючы дарогу малітвы, дабра, прабачэння, а не дзякуючы нейкім маніпуляцыям з прадметамі.

Памятаць пра памерлых у малітве і клопат пра парадак на месцы іх пахавання — праяўленне нашай удзячнасці тым, хто раней за нас адышоў з гэтага свету. Важна таксама перадаць гэтыя веды малодшым пакаленням, бо цяпер мы молімся за памерлых, а калісьці хтосьці будзе маліцца за нас.

Кожнае наведванне могілак — гэта своеасаблівы экзамен перад самім сабою: “Ці гатовы я сёння стаць перад Богам?” Гэтае важнае пытанне варта задаваць сабе кожны дзень, правяраючы сваё сумленне.

Існуе шмат розных звычаяў, звязаных з памяццю пра памерлых: запальванне свечак, ускладанне жывых кветак, устанаўленне крыжоў на магіле... Пераважна яны звязаны не з рэлігійнымі традыцыямі, а са звычаямі розных мясцовасцей. Менавіта таму ў Беларусі звычаі католікаў і праваслаўных, якія звязаны з памяццю пра нябожчыкаў, амаль заўсёды супадаюць, але могуць адрознівацца ад прынятых у суседніх краінах. Такім чынам, беларускі народ за доўгія стагоддзі сумеснага існавання розных канфесій на нашай зямлі навучыўся знаходзіць тое, што аб’ядноўвае людзей, а не тое, што іх раздзяляе. Гэтая асаблівасць нашага народа часта здзіўляе гасцей Беларусі.

На жаль, часам яшчэ захоўваюцца тыя традыцыі, несумяшчальныя з хрысцінскай памяццю пра памерлых, — спажыванне ежы і алкаголю на могілках. І вось тут самы момант нагадаць сабе: няважна колькі з’еў і выпіў, важны стан майго сэрца, бо толькі чыстая душа можа ўбачыць Бога.

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?