Не адну вясну сустрэць, не адным маем узрадавацца

Не згледзеў, як апрануліся ў лістоту бярозкі, ліпы, іншыя дрэвы. Ідзеш паркам – суцэльны зялёны шацёр, пад які так і хочацца схавацца, пабыць аднаму... Прыгажосць, хараство. Паветра такое чыстае, звонкае – само ў цябе ўваходзіць! На маёй радзіме – у вёсцы Бортнікі – раней быў амаль на паўтары сотні гектараў калгасны сад, і я кожную вясну імкнуўся патрапіць на яго “зоркавы” час, каб адвесці ад згрызот душу. “І чаго, — думалася, — няма такога свята – Свята Цвіцення Садоў?” * * * На вёсцы – рух, ажыўленне. І на дачных участках, дзе ўсё часцей сустрэнеш гараджан, знаёмых, таксама. Наш сусед, не дачакаўшыся каня, сам запрогся ў плуг. На сына: “Рулюй!” Добры кусман узаралі, бо запазніўся, а май прыспешыў... А з іншага боку, калі ж, прыязджаючы на дачу, не будзеш крукам стаяць, а адпачываць у сваё задавальненне? Ці дойдзе да гэтага? Напэўна ж, калі-небудзь так і станецца. Хаця зямелька будзе заўжды прыцягваць, і “вымазацца” ў яе ніколі не грэх. * * * Ехалі па рэдакцыйным заданні і вырашылі спадарожна завярнуць да Уладзіміра Сямашкі — фермера, як кажуць, новага гаспадара зямлі. Можа, пашанцуе на інтэрв’ю. Ён – дома! “Як вы злавілі? – кажа. – Увесь час у полі. Толькі во на хвілінку заскочыў... Як хочаце і што хочаце са мной рабіце, але мяне ўжо, — смяецца, — няма...” * * * Дзіўная справа. Дрэвы, кустоўе апранаюцца. А чалавек, наадварот, скідае з сябе зімовае. Усялякія курткі, плашчы, вятроўкі. Некаторыя ўжо і ў безрукаўках, летніх блузах хо-дзяць. Нязвычна глядзець, але і прыемна. Вось ідзе маладая пара, хлопец і дзяўчына. Абдымаюцца, мілуюцца і, здаецца, ні на каго не звяртаюць увагі. У тралейбусе – маладое дзяўчо. Кірпаценькая, уся ў вяснушках і з такім незалежным выглядам, што нельга не ўсміхнуцца! * * * Завіталі да былога дырэктара саўгаса Пятра Паўлавіча Літвінкі. А той рой знімае. На руку пачапіў гэты віхлявы клубок і нясе. “Ну што з ім будзеш рабіць? – кажа. – Каб ведаў чый, аддаў бы. У мяне сваіх пчол хапае”. І да нас: “Затрымайцеся. Не спяшайцеся ад’язджаць. Я вас мядком свежага, майскага ўзятку пачастую. Адчуеце ўсю асалоду”. Аднекваліся, але ж як не спаважыць гаспадара? * * * Не ўцярпеў, каб у рэчку не боўтнуцца. Вада яшчэ халаднаватая, але цела ўтрымлівае. Праплыў туды-сюды, нырца даў. Супраць цячэння не пойдзеш. Ды і навошта з плынню брацца? Лепш па цячэнні. На спіну ляжаш — ах, даброцце! Успамінаюцца Гродна. Нёман. На раку ішлі апоўначы. Мы – купка навучэнцаў тэхнікума, інтэрнацкіх жыхароў. Заплыў пачыналі ад Замкавай гары і ўніз па цячэнні аж за аўтамабільны мост. Гэта мо кіламетры два. Выходзіш з вады – гэткая прыемная стомленасць. “Эх, — думаеш, — хутчэй бы да ложка!” * * * Рыбакам – раздолле! Хто з вудай, хто з донкамі, іншымі прынадамі. У гэты час добра бярэцца сом, можна і судака ўзяць. Былі б вытрымка, цярпенне. Рыбалка, даруйце, такая зараза, непрыкметна ўцягне. Неяк было “звіхнуўся” на ёй. Бяжыш і бяжыш на раку, у чатыры раніцы падхопліваешся. Дык жонка мая, Эдуардаўна, каб болей дома затрымаўся, пачала гадзіннік адводзіць. Смешна пра гэта ўспамінаць, але такое было! Добра яшчэ, што ў начную рыбалку не ўцягнуўся... Бываючы на рацэ дапазна, бачыў кастры начлежнікаў. Гэта “самятнікі”. Загадзя расстаўляюць донкі. На іх чапляюць пук чарвякоў ці жыўца, калі такі знойдзецца. І будуць чакаць. Доўга, пакутліва. Але ж калі возьмецца, дык удвух, утрох цягнуць! * * * На лузе, ля кустоўя – птушынае шматгалоссе (хоць на дыктафон запісвай). Салоўка вышчоўквае, усім гэтым хараводам запраўляе. Радуецца жыццю, абнаўленню. “У людзей, — думаеш, — сваё, у птушак – сваё, але ёсць нешта агульнае – вясна, май!”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter