Не адкладвай рэгістрацыю на заўтра

У Беларусі пачалася рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ

Першы паслясвяточны дзень — самы час падумаць пра вучобу. Пра гэта ўспомнілі ўчора тыя, хто збіраецца ў гэтым годзе сесці за парты ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны. Дадзены пачатак рэгістрацыі абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні. Дарэчы, ужо сёння можна сказаць, што жадаючыя прыняць удзел ва ўступных выпрабаваннях значна больш актыўныя, чым у мінулым годзе, калі ў першыя два дні зарэгістраваліся толькі 36 чалавек.

Як расказалі ў адным з пунктаў рэгістрацыі — Белдзяржуніверсітэце, запіс ідзе з інтэнсіўнасцю каля 10 чалавек у гадзіну. Ёсць першыя абітурыенты з Расіі. У цэлым, па словах намесніка адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ Вячаслава Малафеева, абітурыент гэтага года адрозніваецца большай актыўнасцю. Так, удзельнікаў рэпетыцыйнага тэсціравання тут было на 30 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе.

Зрэшты, больш маштабным запіс на ЦТ, на думку Вячаслава Малафеева, будзе ўжо пасля свят — з 12 мая. З такім меркаваннем згодны ў БНТУ, куды пакуль паступілі першыя дзясяткі заявак на ўдзел у ЦТ-2014. «Структура правядзення рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне — устойлівая і добра ўсім знаёмая. Гэтым абумоўлена адсутнасць вялікага ажыятажу. Усё пройдзе ў штатным рэжыме», — перакананы Вячаслаў Малафееў.

Нагадаем, што згодна з п. 16 гл. 3 Указа Прэзідэнта ад 07.02.2006 г. № 80 «Аб правілах прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені і сярэдняй спецыяльнай адукацыі», з пастановай Міністэрства адукацыі ад 14 красавіка 2014 г. № 42 «Аб мерах па забеспячэнню правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў 2014 годзе», рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні праходзіць з 2 мая па 1 чэрвеня 2014 г. (уключаючы суботу 31 мая і нядзелю 1 чэрвеня). Графік работы пунктаў рэгістрацыі — з 9.00 да 19.00 (у суботні і нядзельны дні — з 9.00 да 18.00). Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні ў рэзервовы дзень — з 27 чэрвеня па 1 ліпеня.

Фота: Аляксандр ТАЛОЧКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter