У сярэдзіне студзеня ў швейцарскім Берне прайшоў Агульны сход Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі

Назва — гэта важна

Беларуская суполка ў Швейцарыі цяпер называецца па-іншаму. У яе таксама новы кіраўнік: Сяргей Сіроткін.
Сяргей Сіроткін

У сярэдзіне студзеня ў швейцарскім Берне прайшоў Агульны сход Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі. Гэта — вышэйшы орган арганізацыі, які выбірае праўленне і вырашае самыя значныя пытанні дзейнасці.


Пад час пасяджэння рабілася справаздача: што зроблена за мінулы год. У суполку прынятыя новыя сябры, а таксама ўнесены некаторыя змены ў статут арганізацыі. Сярод важнейшых — змена назвы суполкі. Дзеля чаго? Пра карэктнасць назвы на нямецкай мове гаварылі даўно. Бо слова Assoziation звычайна не ўжываецца ў назвах швейцарскіх грамадскіх арганізацый, яно й цяжкае для вымаўлення. А ў слове Weissrussischen зафіксавана неафіцыйная нямецкамоўная назва нашай Бацькаўшчыны — павінна ж быць: Belarus.

Абмеркаванне было цікавым, грунтоўным. Што ж, справа гэта важная і патрэбная. Нездарма ж кажуць: як ты лодку назавеш — так на ёй і паплывеш…У выніку былі зацверджаны наступныя варыянты назвы суполкі на розных мовах: па-беларуску яна гучыць як Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі, па-руску — Белорусское объединение в Швейцарии, па-нямецку — Belarussische Vereinigung in der Schweiz і па-англійску — Belarusian Association in Switzerland.

Акрамя таго, сёлетні наш сход быў выбарным. Прысутныя ўсе як адзін прагаласавалі за тое, каб у праўленне ўвайшлі Алесь Сапега, Сяргей Сіроткін, Алесь Вашкевіч і Вольга Крук. Прэзідэнтам суполкі быў абраны Сяргей Сіроткін, які змяніў на гэтай пасадзе Алеся Сапегу.

Усе сябры Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі дзякуюць спадару Алесю за добрасумленную працу: ён узначальваў суполку амаль пяць гадоў, з часу яе стварэння. Таксама дзякуем зацікаўленым асобам, якія прыйшлі на агульны сход і паўдзельнічалі ў вызначэнні стратэгіі развіцця арганізацыі. Ды, безумоўна, вялікая падзяка ўсім, хто падтрымлівае дзейнасць суполкі сяброў­скімі ўнёскамі, прыходзіць на мерапрыемствы. Будзем і далей разам! А год 2017-ты абяцае быць вельмі цікавым.


Вольга Крук, сябра Беларускага  аб’яднання ў Швейцарыі

Голас Радзімы № 7 (3511), чацвер, 16 лютага , 2017 у PDF

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter