Назад у будучыню

Кнігам Францыска Скарыны з пяцісотгадовай гісторыяй падораць новае жыццё

Кнігам Францыска Скарыны з пяцісотгадовай гісторыяй падораць новае жыццё

Агульнанацыянальны праект па падрыхтоўцы і выпуску першага факсімільнага выдання поўнага збору кніг беларускага і ўсходнееўрапейскага першадрукара Францыска Скарыны распачаўся днямi падпісаннем у друк першага тома збору. Праект прымеркаваны да пяцісотгоддзя выдання Францыскам Скарынам першай кнігі для ўсходніх славянаў, якое будзе адзначацца ў жніўні 2017 года.

Праект маштабны: за пяць гадоў яго ініцыятары — Нацыянальная бібліятэка Беларусі і ААТ “Банк БелВЭБ” — збіраюцца выпусціць факсімільнае выданне 25 кніг, надрукаваных Францыскам Скарынам у Празе і Вільні. Аснову складуць электронныя копіі кніг першадрукара, якія знаходзяцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін.

— Мы павінны ганарыцца тым, што ў Беларусі ёсць кнігі Скарыны, — гаворыць намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша. — Скарына для беларускай культуры азначае нават занадта шмат. Гэта сапраўды герой, стваральнік культуры, найярчэйшы яе прадстаўнік на працягу стагоддзяў. Гэта чалавек, які ў пэўнай ступені прадвызначыў развіццё культуры, бо да яго культура мела элітарны характар, а ён праз свае кнігі данёс веды да ўсіх і кожнага.

Выданне з максімальнай паўнатой адновіць кнігі Францыска Скарыны — Біблію, “Псалтыр”, “Апостал”, “Малую падарожную кніжыцу” і іншыя. У іх будуць захаваныя структура, змест, асаблівасці шрыфтоў і гравюр арыгінальных выданняў, перададзены ўсе сляды мінулых пяцісот гадоў. Усе тэксты кніг будуць суправаджацца каментарыямі навукоўцаў, перакладамі прадмоў і пасляслоўяў Францыска Скарыны на беларускую, рускую і англійскую мовы. Выдадзеныя кнігі будуць на бясплатнай аснове перададзены ў бібліятэкі, музеі і архівы Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі, а таксама ў міжнародныя арганізацыі ААН і ЮНЕСКА.

— Праект будзе садзейнічаць папулярызацыі культуры краіны і больш глыбокаму вывучэнню яе мінулага, — адзначыў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter