Міхаіл прынёс з сабой стос кніг на сваю ўлюбёную тэму – з байкамі пра навукоўцаў. І пачаў іх распавядаць! Мы адабралі тры байкі з трох кніжак – усяго лікам дзевяць

Навуковыя байкі «Эўрыкі» ў гасцях у «Лупы»!

Лупасін:

– У мяне зазваніў тэлефон.

Але гэта аказаўся не слон, а Міхаіл Прахаровіч. Ён прапанаваў сустрэцца.

«А чаму б і не?» – падумаў я, і сёння мы маем «Эўрыку» ў гасцях у «Лупы»!

Міхаіл прынёс з сабой стос кніг на сваю ўлюбёную тэму – з байкамі пра навукоўцаў. І пачаў іх распавядаць! Мы адабралі тры байкі з трох кніжак – усяго лікам дзевяць.



Прахаровіч:

– У чарговым выпуску «Эўрыкі» хацелася расказаць про навукова-папулярныя кнігі, тым больш я здолеў апублікаваць і некаторыя свае нататкі, хай сабе і невялікім накладам. «Стоп, а ў «Знамёнцы» ж ужо ёсць літаратурная рубрыка, пры гэтым я ведаю яе вядоўцу. Мы можам падрыхтаваць супольны матэрыял» – і я набраў нумар Віктара Лупасіна.



Кніга «Фізікі жартуюць» даўно сталася класікай, а першае яе выданне – бібліяграфічнай рэдкасцю. Сабраная аўтарамі падборка фізічнага гумару перамяжаецца кароткімі байкамі пра фізікаў. Вось тры байкі для прыкладу.

* * *

Дзірак любіў разважаць на самыя разнастайныя тэмы. Аднойчы ён выказаў меркаванне, што існуе аптымальная адлегласць, на якой жаночы твар выглядае найпрыгажэй, паколькі на нулявой і бясконцай адлегласцях нічога не відаць – прыгажосць нулявая.

* * *

Адзін аспірант так дастаў свайго кіраўніка, што той сказаў яму: «Ідзіце і распрацуйце пабудову правільнага мнагавугольніка з 65 537 ста­ронамі». Аспірант знік... каб вярнуцца праз 20 гадоў з пабудовай 65 537-вугольніка!

(Натуральна, пабудаваць яго трэба было пры дапамозе адных толькі цыркуля ды лінейкі).

* * *

Аднойчы Эдысан паскардзіўся Эйнштэйну:

– Ніяк не магу знайсці сабе памочніка. Што­дня прыходзяць хлопцы, ды ні адзін не падыходзіць.

– А як вы вызначаеце іх прыдатнасць? – спытаў Эйнштэйн. Эдысан паказаў яму аркуш з пытаннямі.

«Колькі міль ад Нью-Ёрка да Чыкага?» – прачытаў Эйнштэйн. – «Трэба зазірнуць у даведнік чыгункі».

«З чаго робяць нержавеючую сталь?» – «Тут патрэбна даведка па металазнаўстве»...

Акінуўшы позіркам астатнія пытанні, Эйнштэйн сказаў:

– Не чакаю, пакуль мяне забракуюць, і сам здымаю сваю кандыдатуру.

* * *

Кніга С. М. Федзіна «Матэматыкі жартуюць» – адна з найбольш вядомых у сваім родзе. Яна вытрымала пяць перавыданняў. Вось тры гісторыі адтуль.

* * *

Аднойчы рэктару Ленінградскага ўніверсітэта А. Д. Аляксандраву на стол паклалі заяву: «Прошу принять меня в аспЕрантуру». Рэктар наклаў рэзалюцыю: «АТКАЗАТЬ».

* * *

Вянгерскага матэматыка Пала Эрдзёша спыталі, колькі яму гадоў. Матэматык адказаў: «Два з паловай мільярда. Таму што калі я быў юнаком, навукоўцы думалі, што ўзрост Зямлі роўны двум мільярдам гадоў, а цяпер лічыцца, што ёй ужо чатыры з паловай мільярды».

* * *

У 1927 годзе Давід Гільберт, вылятаючы на канферэнцыю самалётам, выслаў тэму даклада: «Доказ тэарэмы Ферма». Прыляцеўшы на месца, вялікі матэматык зрабіў даклад на іншую тэму, сказаўшы так: «Калі б самалёт разбіўся, усе думалі б, што я даказаў тэарэму Ферма».

* * *

Лупасін: А ці ведаеш ты, чытач, чым знакамітая гэтая тэарэма? Яе адкрылі ў XVII стагоддзі, а канчаткова даказаць здолелі толькі ў 1995 годзе!

Прахаровіч: Не так усё было. Ферма не адкрыў гэтую тэарэму, а напісаў на палях кнігі Дыяфанта, што знайшоў цудоўны яе доказ, але на палях мала месца, каб яго запісаць.

Тэарэма простая: не існуе станоўчых цэлых рашэнняў раўнання x^n + y^n = a^n, калі n – цэлае, большае за 2.

Матэматыкі не маглі знайсці доказ больш за 300 гадоў. У 1908 годзе аматар матэматыкі Вольфскель завяшчаў 100 тысяч марак чалавеку, які дакажа тэарэму. Адлік пайшоў на тысячы.

У 1993 годзе брытанскі матэматык Уайлс «залатаў апошнюю дзірку» ў сваім доказе. Свет прызнаў: тэарэма Ферма даказана!

Лупасін: Наколькі я памятаю, доказ Уайлса займае 170 старонак.

Нарэшце, тры апошнія гісторыі вядомыя ў навуковых колах, разышліся па інтэрнэце, але яшчэ не трапілі ў зборнікі... затое іх уключыў у сваю кнігу сам Міхась!

* * *

Калі Капіца прыехаў у Кэмбрыдж да славутага фізіка Рэзерфорда, Рэзерфорд адмовіўся ўзяць яго да сябе ў лабараторыю – маўляў, поўны камплект лабарантаў ужо набраны. Тады Капіца спытаў:

– Якую максімальную пагрэшнасць вы дапускаеце ў доследах?

– Як звычайна, каля 3 %.

– А колькі чалавек у вашай лабараторыі?

– 30.

– Глядзіце, адзін чалавек складае прыблізна 3 % ад 30.

Рэзэрфорд засмяяўся і прыняў Капіцу ў лабараторыю як «дапушчальную памылку».

* * *

Адзін брытанскі матэматык не ведаў французскай мовы. Ён напісаў матэматычную работу, а французскі прафесар Рысс пераклаў яе на французскую мову.

Брытанец напісаў да перакладу заўвагу: «Я вельмі ўдзячны прафесару Рыссу за пераклад гэтага артыкула». Рысс ягоную заўвагу таксама пераклаў. Тады брытанец напісаў другую заўвагу: «Я вельмі ўдзячны прафесару Рыссу за пераклад папярэдняй заўвагі». Рысс і гэта пераклаў.

Далей, здавалася б, брытанскі вучоны мусіў множыць свае падзякі да бясконцасці. Але ён спыніўся на гэтым, патлумачыўшы так: «Хоць я і не ведаю французскай мовы, але ж магу ПЕРАПІСАЦЬ французскую фразу».

* * *

Калі пабуда­ва­лі славуты Дубненскі сінхрафа­за­трон, то патрэбен быў свінец на радыяцыйную абарону, ні многа ні мала – 2 тысячы тон. І выявілася, што свінец – вельмі дарагі і страшэнна фондавы матэрыял.

Тады акадэмік Аляксандр Львовіч Мінц пайшоў у Камітэт па дзяржаўных запасах і сказаў:

– Вы ведаеце, я магу ўзяць у вас на захаванне 2 тысячы тон свінца, і абсалютна бясплатна!

Свінец акадэміку выдзелілі.

* * *

Мы спыніліся толькі на малой частцы з мноства навукова-папулярных кніг, напісаных у жанры гумару. Напрыклад, кніжную серыю «Навукоўцы жартуюць» выпусціла выдавецтва URSS – там сабраны жарты матэматыкаў, фізікаў, медыкаў, геолагаў, педагогаў, хімікаў, лінгвістаў, камп`ютаршчыкаў. У верасні Міхаіл будзе госцем нашага пасяджэння. Прыходзь да нас! Адрас ранейшы: 

Мінск, вуліца Багдана Хмяльніцкага, 10а.

* * *

І традыцыйныя загадкі: матэматычная ад Прахаровіча і літаратурная ад Лупасіна.

1. Пятровіч пасварыўся з жонкай і вырашыў падзяліць з ёю агарод. На жаль, пасярод агарода знаходзіцца басейн.

Як адным прамым разрэзам падзяліць агарод Пятровіча на дзве роўныя часткі, калі агарод і басейн маюць прамавугольную форму?

2. Гэты невялікі тэкст – вельмі дзіўны і рэдкі для белмовы. Ці ўцяміў ты, чым ён нязвыклы? Мяркую, уцяміў. Лістуй!

Той, хто першым адгадае загадку 1, атрымае ў падарунак кнігу Міхаіла Прахаровіча. Той, хто першым адгадае загадку 2, – кнігу Віктара Лупасіна. Дасылайце адказы на адрас: dichenko@sb.by. 

А вершы слаць Лупасіну: mushroom1948@bk.ru.

* * *

На папярэднюю загадку («ЗН» № 29 ад 17 чэрвеня 2015 г.) адказ вельмі просты. 

О, Д, Т, Ч, П, Ш, С, В – Один, Два, Три і гэтак далей: пачатковыя літары лікаў! Першымі адгадалі Надзея Цяцерына, Eugene Erokhin і Вікторыя Крэнь. Павіншуем іх!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter