Почему упал престиж профессии педагога?

Навучыць настаўніка

Псіхолагі кажуць, што ў малодшай школе меркаванне настаўніка для дзіцяці важнейшае за бацькоўскае. І пасля так ці інакш часцяком менавіта педагог аказвае ўплыў на нашы жыццё і лёс, падштурхоўвае да выбару будучай прафесіі. Пагадзіцеся, што добрага настаўніка памятаеш праз гады. Тым не менш не сакрэт, што прэстыж прафесіі ў апошнія дзесяцігоддзі ўпаў. Таму, што ў школы нароўні з сапраўды таленавітымі педагогамі сталі прыходзіць выпадковыя людзі.


Карані праблемы, кажуць спецыялісты, адпраўляюць нас у шалёныя 1990-я. Менавіта тады здарыўся масавы адток лепшых педагогаў. На іх месцы сталі прыходзіць хлопцы, якія не надта жадалі працаваць у школе. Тыя, хто не хацеў ісці ў армію, хто не мог знайсці іншых варыянтаў працаўладкавання. Зразумела, што прэстыж прафесіі ўжо быў падарваны. Самаадданыя і таленавітыя настаўнікі заставаліся хіба што ў фільмах.

Не, гэта зусім не азначае, што пасля ў прафесію не ішлі людзі захопленыя. Але яны патанулі ў шэрай масе. З-за адсутнасці папулярнасці спецыяльнасці конкурсы ў педагагічных ВНУ былі настолькі нізкія, што прыток выпадковых людзей у прафесію прадоўжыўся. Не можаш набраць патрэбнай колькасці балаў, каб паступіць у прэстыжную ВНУ, а атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі хочацца? Значыць, усе дарогі вядуць на педагагічныя спецыяльнасці. А ўжо там задача выкладчыкаў няхай нават не адразу навучыць, а хаця б падцягнуць да ўзроўню ВНУ.

Добра, калі абітурыент прыйшоў толькі за дыпломам дзеля «галачкі». А што калі да моманту заканчэння ВНУ ён умацуецца ў думцы: а чым я не педагог? І не пойдзе вучыць іншых? І без такіх выпадкаў, на жаль, не абыходзілася. Аб такіх гора-настаўніках у час сустрэч з працоўнымі калектывамі, па словах намесніка Прэм’ер-міністра Наталлі Качанавай, даводзілася чуць і ёй. «Мы правялі шэраг сустрэч у многіх школьных педкалектывах краіны і пачулі шэраг нараканняў у адрас некаторых выкладчыкаў, якія прыходзілі ў школы з вельмі нізкай кваліфікацыяй пасля заканчэння педагагічных ВНУ. Такога быць не павінна. Таму, несумненна, якасць падрыхтоўкі педагогаў — гэта вельмі важнае і першаснае пытанне». Бо ці можна паважаць такога, з дазволу сказаць, спецыяліста? Наўрад. Адсюль насмешкі і непавага з боку школьнікаў. Дзяцей падмануць складана. 

Пра вяртанне падарванага аўтарытэту, пра павышэнне папулярнасці прафесіі і статусу настаўніка гаварылі не адзін год. Бо калі ўспомніць гісторыю, у любым населеным пункце лекар і настаўнік былі самымі паважанымі людзьмі. Але як, калі з аднаго боку — выпрацаваныя гадамі скептыцызм дзяцей і іх бацькоў, з другога — нежаданне сутыкацца з гэтым стаўленнем патэнцыйных спецыялістаў?

Па словах рэктара БДПУ ім. М.Танка Аляксандра Жука, пераламаць такое стаўленне і ў грамадстве, і ў школе, і ў розумах абітурыентаў магчыма. Тут важна ўсё: і статус, і ўспрыманне грамадства, і сур’ёзная прафарыентацыйная праца ў тым ліку. Ужо сёлетняя ўступная кампанія, у прыватнасці, у гэтай ВНУ паказала: усё гэта дае добрыя вынікі. Толькі заяў сюды ў гэтым годзе было пададзена на 30 працэнтаў больш, чым у папярэднім, а агульная лічба жадаючых вучыцца тут была болей за 2,5 тысячы чалавек. Акрамя таго, сюды прыйшлі каля 130 медалістаў, што амаль на трэць больш у параўнанні з 2013-м.

Сёння ёсць хлопцы, якія хочуць выкладаць і якіх не спалохаць складанасцямі педагагічнага жыцця. Тым больш што ў школу хуткімі тэмпамі прыходзяць сучасныя тэхналогіі, і калі хочаш працаваць, як гэта ў свой час прадэманстраваў пераможца апошняга конкурсу “Настаўнік года” гісторык маладзечанскай школы Віктар Жук, працэс навучання можа быць цікавым і займальным як для школьніка, так і для самога педагога. А педагагічныя класы, створаныя практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны, павінны дапамагчы адабраць самых разумных, здольных і таленавітых. Тых, хто хоча і можа несці веды.

У гэтым годзе набор абітурыентаў у БДПУ ім. М.Танка быў ажыццёўлены з першай спробы. Пры гэтым бралі далёка не ўсіх. Высокую ацэнку вынікам гэтага года дала і Наталля Качанава: «Добрымі можна назваць рэзультаты, якія мы сёння маем пры падвядзенні вынікаў уступнай кампаніі гэтага года ў цэлым і, у прыватнасці, для педагагічных ВНУ». Напрыклад, конкурс на спецыяльнасць «выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» тут склаўся 5,4 чалавека на месца, пры паступленні на завочную форму навучання на спецыяльнасць «пачатковая адукацыя» жадаючых было 6 на месца. І не дзіўна, што Аляксандр Жук звярнуўся з хадайніцтвам павялічыць кантрольныя лічбы набору да тысячы чалавек.

На думку Наталлі Качанавай, такія прапановы, калі ў краіне ёсць патрэба ў педагагічных кадрах, павінны быць пачутыя: «Калі нам патрэбныя педагагічныя кадры для школ, выхавальнікі з вышэйшай адукацыяй, бо , наколькі мне вядома, у дзіцячых дашкольных установах менш за 30 працэнтаў спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, то мы павінны сур’ёзна працаваць і рыхтаваць гэтых спецыялістаў».

Вера АРТЭАГА

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter