На ўсходзе Польшчы адбылася акцыя, якая выклікала абурэнне самых розных палітычных сіл

Навошта варушыць фантомы?

У суботу на ўсходзе Польшчы адбылася акцыя, якая выклікала абурэнне самых розных палітычных сіл. Каля двухсот прадстаўнікоў розных нацыяналістычных арганізацый прайшлі маршам пад лозунгамі, што праслаўляюць удзельнікаў узброенага падполля першых пасляваенных гадоў. Радыкалы называюць іх барацьбітамі за незалежнасць, а мясцовыя жыхары — карнікамі, якія пад выглядам барацьбы з камуністамі забівалі іх родных.


Адзін з іх — Рамуальд Райс, больш вядомы як Буры, камандзір атрада, які ў пасляваенныя гады аставіў крывавы след на Беласточчыне. Спробы гераізацыі Бурага польскія нацыяналісты робяць ужо не першы год. Факты генацыду праваслаўных беларусаў імі адмаўляюцца і называюцца «камуністычнай прапагандай». У гэтым годзе яны адважыліся на нябачаную дагэтуль правакацыю — прайсці па вуліцах Гайнаўкі, дзе большасць мясцовых жыхароў складаюць этнічныя беларусы, з маршам памяці праклятых салдат і, у прыватнасці, Рамуальда Райса. Для таго, каб пасеяць страх сярод мясцовых жыхароў, як гэта было ў 1946 годзе, на марш у Гайнаўку клікалі неанацыстаў і нацыянал-радыкалаў з розных ваяводстваў Польшчы. На акцыю сабраліся, як яны сябе называюць, «патрыёты», а арганізатары шэсця заклікалі жадаючых прыехаць менавіта сюды і праявіць такім чынам «волю і мужнасць».

«Воля і мужнасць», мяркуючы па ўсім, заключаліся ў тым, каб прамаршыравалі перад нашчадкамі расстраляных і спаленых жыўцом людзей. Якія памятаюць расповед бацькоў і дзядоў, як пад камандаваннем Бурага яго так званы антыкамуністычны партызанскі атрад ажыццяўляў у 1945—1948 гадах на Падляшшы масавыя забойствы мясцовага праваслаўнага насельніцтва. Мэта гэтай «барацьбы» — запалохаць людзей, каб абмежаваць супрацоўніцтва насельніцтва з камуністычнымі ўладамі і справакаваць эміграцыю беларусаў і ўкраінцаў з Падляшша ў СССР, змяніць этнічны склад краю. Бандыты Бурага, у прыватнасці, забівалі ўсіх, хто не мог вымавіць каталіцкую малітву па-польску.

Нават Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы, вядомы рэзка адмоўным стаўленнем да ўсяго савецкага, прызнаў нядаўна, што ў дзеяннях Райса былі прыкметы генацыду. Тым не менш у сярэдзіне лютага на старонцы канцылярыі прэзідэнта Польшчы з`явілася карцінка з паведамленнем, што Анджэй Дуда апякуецца арганізатарам шэсця. Праўда, пасля скандалу ў польскіх СМІ інфармацыя пра марш з сайта раптам знікла, але і забараняць яго не сталі. А 1 сакавіка ў Польшчы афіцыйна адзначаюць дзень памяці «праклятых салдат» — ужо пяць гадоў гэта дзяржаўнае свята. «Праклятымi» называлі ўдзельнікаў узброенага польскага падполля, якiя са зброяй у руках змагаліся з камуністычнымі ўладамі Польшчы адразу пасля вайны.

На жаль, гераізацыя праклятых салдат Арміі Краёвай з адначасовым замоўчваннем або прамым адмаўленнем подзвігаў воінаў Чырвонай арміі, якая вызваліла Польшчу ад фашызму, стала часткай сённяшняй гістарычнай палітыкі польскай дзяржавы. Перапісванне гісторыі Другой сусветнай вайны для нас катэгарычна непрымальна апрыёры, аднак, як гаворыцца, свой розум іншым не ўставіш, і кожны народ і дзяржава маюць права самастойна рабіць у гэтым пытанні свой выбар, самастойна фарміруючы на гэтым сваю ідэалогію. Аднак спробы гераізацыі людзей, якія ўчынілі злачынствы супраць мірных грамадзян, не могуць не выклікаць абурэння.

Хтосьці скажа, навошта бярэдзіць мінулае, навошта дадаваць праблем у і так няпростыя беларуска-польскія адносіны? Але ж не мы гэта робім — гэта робяць радыкальныя сілы ў Польшчы, якія зноў паднімаюць галаву. Нам сапраўды не варта акцэнтаваць увагу на складаных момантах у гісторыі, якіх паміж беларусамі і палякамі не так ужо шмат. Аднак і заставацца абыякавымі да такіх маршаў або закрываць на іх вочы таксама катэгарычна нельга. Бо нельга забойцу ператварыць у героя, нельга забыць трагедыю загінуўшых мірных жыхароў, адзіная віна якіх была ў тым, што яны беларусы і праваслаўныя, а такім нібыта ў пасляваеннай Польшчы было не месца. Беларускія дыпламаты адразу пасля з`яўлення анонса маршу прыводзілі такія довады польскім уладам, заклікалі не дапусціць правядзення маршу, публічна асудзіць яго.

Дарэчы, марш у Гайнаўцы, можна сказаць, практычна не атрымаўся. Дакладней, адбыўся толькі намінальна. Нягледзячы на масіраваную інфармацыйную кампанію, удзел у ім прынялі ўсяго некалькі соцень чалавек — амаль усе прыезджыя візіцёры з іншых рэгіёнаў Польшчы. У процівагу ім на вуліцы населенага пункта выйшлі мясцовыя жыхары з плакатамі «Буры — не наш герой». Так што беларусаў Гайнаўкі запалохаць не атрымалася. Хутчэй, наадварот: гэта іх з`яднала яшчэ больш і зноў прымусіла гаварыць у Польшчы аб злачынствах Бурага. Прыходзіць час паказаць беларусам Падляшша, што яны не застануцца адны са сваімі праблемамі, што для Беларусі яны не чужыя людзі, наш маральны абавязак — дапамагчы ім падтрымаць сваю ідэнтычнасць, захаваць мову, культуру, адстаяць гістарычную праўду.

Вячаслаў ІВАНОЎ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter