Навошта ваўку ашыйнік?

У  адрозненне ад сабакі воўк чалавеку не сябар. Наадварот, людзі даўно на яго апалчыліся, у многіх еўрапейскіх краінах вынішчылі ўшчэнт. Але ж там, дзе ён яшчэ застаўся, узялі пад ахову. У нас іншая сітуацыя — лічыцца, што ваўкоў занадта шмат (па розных падліках, ад 2 да 3 тысяч асобін). Таму — ату яго, ату! Штогод адстрэльваюць прыкладна палову, паляванне на ваўка, незалежна ад полу і ўзросту, дазволена ва ўсе перыяды года.

Можна паспрачацца наконт эканамічнага ўрону, які ўчыняюць шэрыя драпежнікі. Аднак і карысць санітары лесу прыносяць немалую. Таму пры рэгуляванні папуляцыі ваўка ў Беларусі трэба ўлічваць асаблівасці пэўнай тэрыторыі, гавораць навукоўцы. Напрыклад, у Нацыянальным парку “Белавежская пушча” са жніўня 2015 года ўведзены часовы мараторый на адстрэл ваўка. У рамках праграмы сумесных навуковых даследаванняў нацпарку, грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Франкфурцкай заалагічнай суполкі вывучаюцца асаблівасці экалогіі ваўка. Гэта адзін з важных пунктаў Міжнароднай прыродаахоўнай праграмы ў падтрымку запаведнасці. Спецыялісты назіраюць за жыццём ваўкоў з дапамогай GPS-ашыйнікаў, паведамленні з якіх прыходзяць кожную гадзіну, і фотапастак — аўтаматычных камер, замаскіраваных і надзейна замацаваных у месцах устаноўкі.

У працяг гэтага ўнікальнага праекта на тэрыторыі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Выганашчанскае” таксама спрабуюць здымаць месцы пражывання ваўкоў. Для гэтага ў глухіх куточках, на выспах сярод балот і ў дрымучым лесе, дзе рэдка з’яўляецца чалавек, павесілі дзесяць фотапастак, якія прывезлі з Белавежскай пушчы ўдзельнікі праекта Мікалай Чэркас і Аляксандр Пекач. На ваўкоў, якіх атрымаецца злавіць (а гэта няпроста — яны вельмі разумныя і хітрыя), надзенуць GPS-ашыйнікі і адпусцяць на волю. І пачнецца больш пільнае назіранне за імі.

Дырэктар заказніка Сяргей Габец лічыць, что вывучэнне паводзін шэрых драпежнікаў вакол Выганашчанскага і Бабровіцкага азёр дазволіць атрымаць шмат карыснай навукова-практычнай інфармацыі. Упэўнены ў гэтым і вопытны супрацоўнік заказніка Аляксандр Іваноў, які ведае шмат патаемных мясцін, дзе водзяцца шэрыя драпежнікі. Дарэчы, на першых здымках бачна, што ў аб’ектывы камер трапляюць не толькі ваўкі, але і рысі.

Максім Вечар

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter