Радиоканал «Культура» приглашает в радиотеатр, а телеканал «Беларусь 3» продолжает чествовать выдающихся деятелей культуры

Навіны эфіру

Лепшыя і любімыя 

З сярэдзіны верасня ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных 95-годдзю Беларускага радыё, канал «Культура» пачне знаёміць слухачоў з лепшымі сучаснымі айчыннымі радыёспектаклямі, запісанымі ў ХХІ стагоддзі. Тэлеканал «Беларусь 3», у сваю чаргу, ужо зараз запрашае гледачоў да дамашніх экранаў. На наступным тыдні самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы будзе ўспамінаць расійскага акцёра і рэжысёра Алега Табакова і яго калегу з Беларусі Івана Паўлава, а таксама мастака Аляксандра Ксяндзова і народнага паэта БССР Пімена Панчанку.

На адной хвалі

Серыя вераснёўскіх трансляцый адбудзецца ў праграме «Радыётэатр. Лепшае», што выходзіць на канале «Культура» па суботах у 10:30. Першы ў афішы 12 верасня — радыёспектакль «Ігнатаў рубеж» па п’есе Васіля Ткачова, які быў запісаны ў 2006 годзе і прымеркаваны да 20-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Дырэктар канала «Культура» Уладзімір Трапянок упэўнены: радыёспектаклі — гэта не яскравая з’ява мінулага стагоддзя, а па-ранейшаму найбольш інтымная форма камунікацыі паміж слухачом і артыстам. Бо ўражанне ў кожнага чалавека сваё, і яно залежыць выключна ад голасу артыста і ад таго, як гэты голас адгукнецца ва ўяўленні слухача.

Уладзімір ТРАПЯНОК: «Па водгуках слухачоў на пошце і ў сацсетках мы зразумелі, што радыёспектаклі — гэта цікава і актуальна».

— У студыях Дома радыё створаны сотні арыгінальных аўдыёспектакляў і радыёверсій пастановак беларускіх тэатраў. Раней менавіта дзякуючы радыётэатру многія акцёры станавіліся знакамітымі на ўсю краіну, рэ-жысёры за сваю творчую дзейнасць атрымлівалі дзяржаўныя прэміі і ганаровыя званні. Гэты сапраўды каштоўны аўдыяльны скарб мінулага стагоддзя ў нашы дні можна пачуць у эфіры Першага нацыянальнага канала і на хвалях канала «Культура». Вядома, у XXI стагоддзі колькасць радыёспектакляў зменшылася, аднак тыя работы, што запісваюцца, — здабытак сучаснага літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё. Менавіта гэтыя работы пачуюць нашы прыхільнікі.

Пасля «Ігнатавага рубяжа» слухачоў чакаюць радыёспектаклі «Паэт і дзяўчына» па п’есе паэта Пятра Васючэнкі, «Крыж» па п’есе Аляксея Дударава і «Пастка» паводле аднайменнага твора Васіля Быкава.

Майстры і куміры

На наступным тыдні ў эфіры «Беларусь 3» можна будзе ўбачыць тэматычна падабраныя кінафільмы і дакументальныя праекты ўласнай вытворчасці — з нагоды дзён нараджэння выбітных дзеячаў культуры і мастацтва.

17 жніўня народнаму артысту СССР Алегу Табакову магло б споўніцца 85 гадоў. Для мільёнаў гледачоў па ўсім свеце Табакоў — гэта Шэленберг з «Сямнаццаці імгненняў вясны», Павел Пятровіч з кінастужкі «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна», кароль з «Трох мушке-цёраў», Абломаў, міс Эндру з «Мэры Попінс» і, вядома, цудоў-ны кот Матроскін. Гэтыя героі і далей будуць жыць для нашых дзяцей і ўнукаў: Алег Табакоў быў і застаецца голасам, да якога нельга не прыслухацца. З нагоды дня нараджэння таленавітага кінамайстра ў панядзелак тэлеканал «Беларусь 3» прапануе гледачам паглядзець меладраму «Калі можаш, даруй...» з удзелам Алега Табакова а 16-й гадзіне і ў 23:40.

Днём пазней, у аўторак, у 17:10 да дня нараджэння беларускага мастака Аляксандра Ксяндзова будзе паказаны выпуск праграмы «Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака». У беларускім жывапісе ён, мабыць, адзіны з сучасных майстроў, хто цэнтральнай тэмай сваёй творчасці абраў тонкую тэму ню. Аголеная жаночая прыгажосць як галоўны вобраз з’явілася на палотнах Ксяндзова яшчэ напрыканцы 1960-х. З тых часоў ён стварыў каля трох соцень карцін, што далікатна апяваюць прыгожае жаночае цела. 

А ў чацвер, 20 жніўня, нарадзіўся беларускі акцёр, рэжысёр і сцэнарыст Іван Паўлаў. У гэты дзень гледачам прапануецца адна з яго самых вядомых работ у якасці пастаноўшчыка — камедыя «На спіне ў чорнага ката». Прыгодніцкую камедыю з удзелам вядомых беларускіх акцёраў тэлеканал пакажа двойчы за дзень: у 13:50 і ў 21:05.

Ну а 23 жніўня да дня нара-джэння перакладчыка, крытыка, народнага паэта БССР Пімена Панчанкі ў 16:10 будзе паказаны дакументальна-біяграфічны праект «Запіскі на палях», серыя «Пімен Панчанка: сінія касачы для паэта-філосафа». Чым не нагода зноў узяць у рукі томік яго вершаў, знаёмых яшчэ са школы?

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter