Навечна ў памяцi рагачоўцаў

Жыхары Рагачова і раёна адзначаюць 60-годдзе вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
21 лютага 1944 года пачалася наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Беларускага фронта, якая атрымала назву Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944 года. Акрамя 3-й арміі, у ёй удзельнічалі войскі 50-й, 48-й і 16-й паветранай армій. Войскам фронту супрацьстаяла 9-я армія нямецка-фашысцкай групы армій “Цэнтр”, якая займала падрыхтаваную абарону (дзве ўмацаваныя паласы). Рагачоў быў ператвораны ў магутны вузел супраціўлення. Галоўная роля адводзілася 3-й арміі, якая павінна была нанесці ўдар з поўначы ў абход Рагачова, авалодаць ім і развіваць наступленне на Бабруйск. 21 лютага войскі 3-й арміі перайшлі ў наступленне, на працягу двух дзён прарвалі абарону праціўніка, фарсіравалі па лёдзе Днепр, перарэзалі чыгунку Магілёў—Рагачоў, 23 лютага выйшлі на подступы да Рагачова з паўночнага ўсходу і паўднёвага ўсходу. Ноччу 24 лютага штурмам вызвалілі Рагачоў. У адпаведнасці з загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 26 лютага 1944 года 13 вайсковым часцям і злучэнням, якія прымалі ўдзел у Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі, была нададзена ганаровая назва “Рагачоўскіх”. Сярод іх 120-я гвар-дзейская Чырвонасцяжная стралковая дывізія, зараз брыгада С.Ф.Крауле ў складзе сумесных Беларускіх узброеных сіл. Наступнымі населенымі пунктамі, вызваленымі пасля Рагачова, былі вёскі Вірычаў, Ціхнічы і Жылічы. Астатняя частка тэрыторыі раёна на правабярэжжы Дняпра вызвалена ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 года (кодавая назва “Баграціён”), праведзенай войскамі Чырвонай арміі 23 чэрвеня—29 жніўня. У мінулую нядзелю тысячы гараджан і жыхароў раёна прыйшлі на цэнтральную плошчу Рагачова, каб аддаць даніну павагі тым, хто ў тыя грозныя гады цаной свайго жыцця здабылі ім свабоду і мір. Да памятнікаў і абеліскаў вызваліцеляў ляглі жывыя кветкі і гірлянды, ветэраны вайны пабывалі на месцах былых баёў, успомнілі сваіх баявых таварышаў. Сваё майстэрства прадэманстравалі сённяшнія воіны з 320-й Рагачоўскай брыгады. Завяршылася свята фейерверкам.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter