Інавацыйная перамога

Праграмныя распрацоўкі рэзідэнта беларускага Парка высокіх тэхналогій кампаніі “Сакрамент ІТ” адзначаны ўзнагародай “Прадукт года 2008”
За такія распрацоўкі і цэняць Праграмныя распрацоўкі рэзідэнта беларускага Парка высокіх тэхналогій кампаніі “Сакрамент ІТ” адзначаны ўзнагародай “Прадукт года 2008”.

Перамога атрымана ў вельмі прэстыжнай намінацыі: за самы інавацыйны прадукт. І гэта пры тым, што каля 2000 новых праграм было апублікавана ў каталогу папулярнага інтэрнет-магазіна Allsoft.ru.

Мы ўжо расказвалі як пра адметныя камп’ютарныя праграмы, так і пра саму мінскую кампанію, якая займаецца сінтэзам мовы, у тым ліку і беларускай. “Прыемна, што незалежныя эксперты ў чарговы раз пацвердзілі высокі інавацыйны ўзровень нашай работы, у прыватнасці, нашай праграмы Sakrament BookAssist, — пракаменціраваў навіну дырэктар кампаніі “Сакрамент ІТ” Валерый Ягораў. — Пра сам прадукт магу сказаць, што ён вельмі просты ў карыстанні, а таму для многіх даступны як сродак стварэння электронных мультымедыйных бібліятэк. Практычна ўсе, хто ўмее абыходзіцца з персанальным камп’ютарам ці мабільнымі ўстройствамі, могуць нашай праграмай карыстацца”.

Валерый Ягораў мяркуе, што немалаважнае значэнне для перамогі мела і сацыяльная скіраванасць беларускай распрацоўкі. “Дзякуючы сваім унікальным функцыям праграма ўжо шырока скарыстоўваецца людзьмі, у якіх ёсць парушэнні зроку і слыху, — удакладніў ён. — У прыватнасці, мы перадалі пакеты нашых распрацовак у беларускія спецшколы і чуем за гэта шмат удзячных словаў ад Міністэрства адукацыі, а таксама ад настаўнікаў і бацькоў вучняў”.

Дарэчы, цяпер спецыялісты “Сакрамент ІТ” пайшлі ў рабоце яшчэ далей і могуць падрыхтаваць усе камплекты школьных падручнікаў, ад першага да выпускнога класа, у электронным выглядзе. А гэта можа зэканоміць значныя бюджэтныя сродкі.

І яшчэ пра перамогу. Эксперты адзначаюць, што кампанія “Сакрамент ІТ” прадэманстравала як найлепшую якасць прадукцыі, так і самае актыўнае ўкараненне сваіх рашэнняў.

Аляксей Арэшка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter