Минздрав: до конца 2020 года во всех поликлиниках страны будут работать доктора общей практики

Навацыя ідзе з глыбінкі

У  краіне робяцца паслядоўныя крокі па дасягненні стапрацэнтнага паказчыка па колькасці дактароў агульнай практыкі сярод урачоў-тэрапеўтаў участковых. Зараз лічба складае ўжо каля 75 працэнтаў. Да канца 2020 года, як мяркуецца, яна дасягне ста працэнтаў. У межах праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» у сакавіку гэтага года адкрылася першая ў краіне паліклініка, якую спецыяльна спраектавалі пад кабінеты дактароў агульнай практыкі. Яна прапісалася ў адным з самых паўночных гарадоў – Верхнядзвінску. За час працы колькасць наведванняў тут павялічылася ўдвая: дарослае насельніцтва раёна часцей стала абслугоўвацца ў дактароў агульнай практыкі. Карэспандэнт «Р» убачыла, як яны працуюць сёння. 

Пацыентка: «Я вельмі задаволена новай паліклінікай і давяраю ўрачам агульнай практыкі».

Пацыенты задаволены

Новая медыцынская ўстанова прапісалася ў адрамантаваным будынку былой гасцініцы. Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя выдзеліла на капрамонт каля 1619 тысяч рублёў з абласнога бюджэту, на закупку абсталявання — 420 тысяч. Паліклініка разлічана на 75 наведванняў для дарослых і 50 — для дзяцей за змену. Працу тут арганізавалі з улікам сучасных патрабаванняў. Напрыклад, рэцэпты і амбулаторныя карткі хворых пераводзяць у электронны варыянт. Таксама ўстанову адаптавалі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ля ўвахода зрабілі пандус, а на першым паверсе размясцілі ўсе неабходныя кабінеты: офіс урача агульнай практыкі, аглядны кабінет, рэнтгенакабінет, стаматалагічны кабінет, клінічную лабараторыю і рэгістратуру.

Напачатку наведвальнасць паліклінікі была значна меншай, чым цяпер. З цягам часу людзі прывыклі да новага парадку, ацанілі зручнасць арганізаванай у новай установе працы. Дарэчы, у паліклініцы могуць аказаць амаль усе паслугі: прыём урача агульнай практыкі, педыятра, працуе клінічная лабараторыя, флюараграфія, робяць масаж, зубныя пратэзы. Усяго тут працуе тры дактары агульнай практыкі. Гэта малады ўрач, якая скончыла ВНУ, і былыя тэрапеўты. Апошнія праходзілі перакваліфікацыю ў Віцебскім дзяржаўным ордэна Дружбы народаў медыцынскім універсітэце або ў БелМАПА. Праца па шматлікіх медыцынскіх напрамках для былых тэрапеўтаў не новая:

— Калі ўрач прыязджае працаваць у раён, маленькі горад або вёску, ён хутка разумее: вельмі часта да яго будуць звяртацца з пытаннямі не толькі па спецыялізацыі. Такія рэаліі сучаснасці ў невялічкіх гарадах, — тлумачыць доктар агульнай практыкі Наталля Анішчанка.

Яе словы падхоплівае і пацыентка Вера Яфрэмава, якой Наталля Віктараўна якраз вымярае крывяны ціск:

— Я часта звяртаюся па медыцынскую дапамогу. А дзяўчаты тут вельмі добрыя! Яны ад усіх балячак палечаць. У маім узросце шмат што турбуе. А калі трэба, дык накіруюць да вузкіх спецыялістаў у бальніцу. Я вельмі задаволена новай паліклінікай і давяраю ўрачам агульнай практыкі.

У паліклініцы могуць аказаць амаль усе паслугі: прыём урача агульнай практыкі, педыятра, працуе клінічная лабараторыя, флюараграфія, робяць масаж, зубныя пратэзы.

Дапамагаюць доктару памочнік і медыцынская сястра. Гэта значна спрашчае працу: урач можа весці прыём, памочнік, напрыклад, вымярае ціск, а медсястра вядзе амбулаторную картку хворага. Праца ідзе хутка, і наведвальнікі паліклінікі застаюцца задаволенымі. Напрыклад, часцей за ўсё пацыенты звяртаюцца ў паліклініку з захворваннямі сістэмы кровазвароту, органаў дыхання, апорна-рухальнага апарату, з эндакрыналагічнымі і неўралагічнымі захворваннямі.

— Паліклініка выконвае галоў­ныя задачы: гінекалагічная, тэрапеўтычная, хірургічная дапамога стала больш даступнай, амаль адсутнічае розніца ў аказанні паслуг паміж абласнымі паліклінікамі і нашай раённай, урачы агульнай практыкі значна разгрузілі вузкіх спецыялістаў. Так, напрыклад, лор ці неўролаг могуць ушчыльную заняцца складанымі пацыентамі. Ды і чарга да вузкаспецыялізаванага доктара знікла. Значыць, трапіць на прыём лёгка, — пералічвае плюсы ўвядзення сістэмы дактароў агульнай практыкі галоўны ўрач Алена Эрдман.

Зараз кіраўніцтва паліклінікі жыве новымі планамі. Трэба пашырыць колькасць фізіятэ­рапеўтычных працэдур, аб’яд­нацца ў адзіную электронную сетку з сельскімі лячэбна-прафі­лактычнымі ўстановамі, далей працаваць з электроннымі рэцэптамі і фарміраваць электронныя амбулаторныя карткі.

Як усё працуе

Яшчэ падчас размовы па тэлефоне Алена Эрдман запэўніла: з дапамогай дактароў агульнай практыкі чарга да вузкіх спецыялістаў знікла. Каб пацвердзіць гэтыя словы, я вырашыла прайсці медыцынскую камісію для ўладкавання на працу ў новай паліклініцы. Падымаюся на другі паверх да кабінета памочніка ўрача агульнай практыкі. У чарзе перада мной усяго адзін чалавек. Чакаю мінут пяць, не болей. Заходжу і амаль што адразу атрымліваю накіраванне на аналізы. 

У паліклініцы справы вырашаюцца лёгка і хутка.

— Зараз ідзіце ў клінічную лабараторыю. Яна ў пятнаццатым кабінеце. А потым вяртайцеся да мяне. Я пакуль што напішу ў даведцы дактароў, якіх трэба прайсці, і адзначу, дзе іх знайсці, — раіць памочнік урача.

Хутка знаходжу пятнаццаты кабінет, праходжу працэдуру і вяртаюся да ветлівага спецыяліста. Дарэчы, чаргі на прыём няма. У кабінеце мне правяраюць зрок, вымяраюць крывяны ціск. 

У паліклініцы справы вырашаюцца лёгка і хутка. Каб даведацца, чым жыве цэнтральная бальніца, завітала і туды. Там чэргаў таксама не назіраю — ля кабінетаў оталарынголага, даўрачэбнага і каля дзвярэй іншых запатрабаваных спецыялістаў нікога няма. Падымаюся на другі паверх — тут таксама немнагалюдна. Значыць, Алена Валянцінаўна мела рацыю: дактары агульнай практыкі сапраўды разгрузілі вузкіх спецыялістаў. У выніку мне спатрэбілася менш за гадзіну, каб прайсці медыцынскую камісію. Засталося пачакаць заключэння аб паказаннях аналізаў і атрымаць даведку на працу…

КАМПЕТЭНТНА

Юлія БАРАДУН, прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя:

— Дзяржаўнай праграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016–2020 гады адным з мэтавых паказчыкаў вызначана «Доля дактароў агульнай практыкі ў колькасці ўрачоў-тэрапеўтаў участковых». Дадзены паказчык выконваецца паэтапна з дасягненнем ста працэнтаў да канца 2020 года. Зараз доля дактароў агульнай практыкі складае каля 75 працэнтаў. Пашыраны дыяпазон функцый урача агульнай практыкі за кошт увядзення дадатковых відаў і аб’ёмаў меддапамогі ў вузкапрофільных кірунках (лор-хваробы, хваробы вачэй, неўралагічная паталогія і іншыя), а таксама за кошт пашырэння кантынгенту, які абслугоўваецца, — прадастаўленне медыцынскай дапамогі не толькі даросламу насельніцтву, але і дзецям, падлеткам.

tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter