Вялікі адронны калайдар, да стварэння якога прыклалі рукі і розумы беларускія фізікі, яшчэ абавязкова прынясе новыя адкрыцці

Інавацыі ад навукоўца

Вялікі адронны калайдар, да стварэння якога прыклалі рукі і розумы беларускія фізікі, яшчэ абавязкова прынясе новыя адкрыцці. Але планы даследчыкаў ужо звязаныя з новым праектам

Міхаіл Батурыцкі і яго дэтэктар гама-квантаўУ Аб’яднаным інстытуце ядзерных даследаванняў у Дубне ў міжнароднай кааперацыі будуецца калайдар НІКА, не менш шматабяцальны, чым ВАК. На гэтым паскаральніку ядзерных часціц навукоўцы паспрабуюць змадэляваць першыя імгненні жыцця Сусвету, раскрыць яго структуру і таямніцы цёмнай матэрыі, цёмнай энергіі, чорных дзірак, дадатковых прасторавых вымярэнняў. Будуць вырашацца і практычныя задачы.

Напрыклад, з пускам паскаральніка з’явіцца магчымасць тэставаць электроніку для касмічных апаратаў, праводзіць трансмутацыю радыеактыўных адходаў, даследаваць новыя падыходы ў атрыманні энергіі.

Запусціць праект плануецца ў 2017 годзе, а таму ядзершчыкі інтэрнацыянальнай каманды спяшаюцца. І з хваляваннем чакаюць вынікаў выканання заданняў, якія размеркавалі паміж сабою навукоўцы розных краін. Беларусы для калайдара, сярод іншага, распрацоўваюць самы важны вузел электрамагнітнага каларыметра — дэтэктар гама-квантаў. Без гэтага мініяцюрнага навукаёмістага ўстройства, які лёгка змясціўся на далоні намесніка дырэктара Нацыянальнага навукова-навучальнага цэнтра фізікі часціц і высокіх энергій БДУ Міхаіла Батурыцкага, грандыёзная ўстаноўка будзе сляпая. Асаблівасць прыбора — распрацаваныя ва ўніверсітэце і вырабленыя на філіяле “Транзістар” ААТ “Інтэграл” унікальныя мікрасхемы.

Журы “Пецярбургскага тэхнічнага кірмашу — 2015” адзначыла працу стваральнікаў дэтэктара гама-квантаў залатым медалём. І гэта быў далёка не адзіны поспех на берагах Нявы навукоўцаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Золата, напрыклад, дасталася таксама распрацоўшчыкам вымяральніка жыццяздольнасці бактэрый на аснове біячыпаў. Інавацыйны прыбор дае магчымасць у шмат разоў паскараць пошук узбуджальнікаў інфекцыі і будзе шырока выкарыстоўвацца ў санітарыі, пры лячэнні розных інфекцыйных захворванняў, ацэнцы эфектыўнасці супрацьмікробных прэпаратаў, экспрэс-дыягностыцы вірусаў грыпу.

Пакарылі журы і распрацоўшчыкі апаратуры для даследавання свячэння верхніх слаёў атмасферы. Аптычны спектрометр, прызначаны пераважна для геафізічных даследаванняў, у тым ліку прагназавання землятрусаў, ужо працуе на борце Міжнароднай касмічнай станцыі і, па водгуках касманаўтаў, выдатна сябе зарэкамендаваў.

Трыумфатарамі расійскай выставы сталі і стваральнікі ўнікальнага рэнтгенаўскага мікраскопа, фармацэўтычных субстанцый тэмазаліду і супрацьпухлінных лекавых прэпаратаў — тэмабел і тэмадэкс для хіміятэрапіі пухлін галаўнога мозгу, сумесяў для вытворчасці функцыянальных прадуктаў харчавання і іншых распрацовак. Усяго на рахунку навукоўцаў Белдзяржуніверсітэта 11 залатых узнагарод.

Амаль столькі ж каштоўных трафеяў прывезлі з Санкт-Пецярбурга ўсе разам узятыя беларускія ВНУ, якія ўдзельнічалі ў кірмашы. Хоць дзеля справядлівасці трэба сказаць, што Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, хоць і дасягнуў поспехаў па частцы золата значна менш, за распрацоўку інавацыйнай тэхналогіі металакерамічных пакрыццяў быў удастоены больш прэстыжнага — спецыяльнага — прыза.

Дзмітрый Гомельскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter