Беларусь натхняе вядомага журналіста і паэта Навума Гальпяровіча

Нават у снах прыходзяць вершы

Літаратурныя куміры абагачаюць, а родная любая Беларусь натхняе вядомага журналіста і паэта Навума Гальпяровіча
КАЛЯ муроў праваслаўнай святыні — Полацкага Сафійскага сабора — прайшло дзяцінства сучаснага беларускага паэта Навума ГАЛЬПЯРОВІЧА. Творчую дзейнасць ён пачынаў супрацоўнікам полацкай аб’яднанай газеты «Сцяг камунізму». Працу на радыё наваполацкага вытворчага аб’яднання «Палімір» і ў гарадской газеце “Хімік” спалучаў з завочнай вучобай на факультэце журналістыкі БДУ, а потым — у Віцебскім педагагічным інстытуце. Працаваў уласным карэспандэнтам Беларускага радыё, а ў вольныя хвіліны занатоўваў народжаныя ў сэрцы паэтычныя радкі, захапляўся прозай. Аўтар кніг паэзіі «Сцяжына», «Брама», «Востраў душы», «Струна», «Святло ў акне», «Гэта ўсё для цябе», «Голас і рэха», кнігі прозы «Шляхі і вяртанні», а таксама шматлікіх літаратурна-крытычных артыкулаў у зборніках. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ў часопісе «Вожык», намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў. Кіруе дырэкцыяй замежнага вяшчання Беларускага радыё. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.



ВОДАР спелых антонавак магнітам цягнуў полацкіх хлапчукоў да шчодрага садоўніка Міхася Дрылеўскага, які частаваў іх спелымі яблыкамі, цікава распавядаў пра жыццё ў піцерскага купца Елісеева, дзе ў маладыя гады ён садоўнічаў. Пасля вайны атабарыўся ў полацкім пітомніку. На ўсё жыцё запомніўся Навуму полацкі сад і яго дабрадушны гаспадар, які вучыў, з якіх яблыкаў лепей адбіраць зярняткі для будучых саджанцаў. Ганарыўся хлопчык, што ў гэтым пітомніку працуе бухгалтарам яго маці.

Вабілі дапытлівых хлапцоў і таямнічыя будынкі паўразбуранага Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра. З высокай кручы, дзе побач з Сафійскім саборам маленькая Палата зліваецца з бурлівай Заходняй Дзвіной, у думках ляцелі юныя рамантыкі над рачной плынню і пойменным абсягам Задзвіння, парослым хмызняком. 

Сюды, у паўразбураны нямецка-фашысцкімі акупантамі Полацк, вярнуўся пасля вайны моцна паранены франтавік Якаў Гальпяровіч, тры браты якога загінулі ў баях з ворагам. Якаў Паўлавіч змагаўся з гітлераўцамі на Паўночным фронце і ў адным з баёў ледзьве застаўся ў жывых. На сабаках яго даставілі ў палявы шпіталь. Хірург агледзеў знявечаную снарадам руку і супакоіў байца, што можна абысціся без ампутацыі, але дзейнічаць рука не будзе. Так і пражыў ветэран вайны з адной здаровай рукою, а з хворай яшчэ шмат разоў дактары даставалі рэшткі асколкаў.


Сям`я ГАЛЬПЯРОВІЧАЎ. 1965 год

І жонка Фаіна Навумаўна з вайны двух братоў не дачакалася. Палеглі ў баях з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Сама ледзьве ўратавалася ў блакадным Ленінградзе, адкуль цудам ёй удалося выбрацца ў тыл праз Ладажскае возера.    

У прыгарадным полацкім пасёлку сям’і інваліда Вялікай Айчыннай вайны Якава Гальпяровіча выдзелілі жыллё. Фаіне Навумаўне прапанавалі працу бухгалтара ў садовым пітомніку. Дзеці вучыліся ў школе. Пасля дзесяцігодкі сын Навум вырашыў паступаць на перакладчыка ў Мінскі інстытут замежных моў, але высокі конкурс перакроіў яго задумы. Вярнуўся дамоў і стаў працаваць рабочым на шклозаводзе. На наступны год паступіў на завочнае аддзяленне журналістыкі БДУ. 

Творчасць захапляла сэрца юнака. Вершаваныя радкі Навума Гальпяровіча друкаваліся ў перыядычных выданнях. Узнікла жаданне вучыцца ў Маскоўскім літаратурным інстытуце. Адабраў лепшыя вершы і поштай адправіў для ўдзелу ў адборачным конкурсе, а сам паехаў у Мінск забіраць свае дакументы з універсітэта. Намеснік дэкана здзівіўся яго рашэнню і раіў не спяшацца. Але не спыніць было мараў пра літаратурны інстытут. Вярнуўся з дакументамі дамоў, а там чакала паведамленне, што да ўступных экзаменаў у Літаратурны інстытут не дапушчаны. Не ведаў, што неабходна мець накіраванне Саюза пісьменнікаў. Так і застаўся паміж небам і зямлёю. 

Уладкаваўся супрацоўнікам у полацкую раённую газету “Сцяг камунізму”. Пазнаёміўся з паэтам Анатолем Канапелькам, які выкладаў у Віцебскім педагагічным інстытуце і прапанаваў Навуму паступаць туды. Выбар паў на факультэт настаўнікаў пачатковых класаў, таму што філфака ў інстытуце яшчэ не было. Працаваў, завочна вучыўся і захапляўся творчасцю. Некаторыя яго вершы ўвайшлі ў калектыўны зборнік маладых творцаў Полаччыны. Радаваўся кожнай сустрэчы з беларускімі літаратарамі, якія наведвалі гістарычны горад. 

Сэрца палала не толькі паэтычным натхненнем, але і каханнем, якое ўспыхнула ад сустрэчы з юнай незнаёмкай каля полацкай праваслаўнай святыні. Даведаўся, што дзяўчынка гасцюе ў сяброўкі, з якой адпачывала ў “Артэку”. Пазнаёміўся з Марыяй Гавяйновіч, сталі сябраваць і перапісвацца. Палымяныя лісты-прызнанні і вершы дасылаў ёй у палескую вёску Кажан-Гарадок. Так захапляльна пісаў пра родны Полацк, што Марыя прыехала сюды і стала працаваць піянерважатай у школе. Кватаравала ў доме, які раней належаў жаночаму манастыру. 

— З гэтага будынка, які вернуты вернікам, чатыры дзесяцігоддзі таму вясновым днём забіраў я пад вянец сваю нявесту, — узгадвае Навум Гальпяровіч. — Вясною ўзялі шлюб, а ў канцы лета паехалі знаёміцца са сваякамі жонкі. Нас прымала вялікая сялянская радня ў Кажан-Гарадку. Здзіўляў палескі дыялект дзевяностагадовай бабулі Тэклі, ад якой пачуў шмат новых слоў і прымавак. Цешча Зося Паўлаўна і цесць Іван Рыгоравіч, які, ганяючы плыты па Прыпяці, параніўся і застаўся інвалідам, паважліва знаёмілі са сваякамі. Са швагерам Васілём, яшчэ школьнікам, лавілі рыбу на прыпяцкіх затоках. Каламуціў я ваду, а ён пляцёнкаю зачэрпваў залацістых уюноў. З дзядзькам Валодзем надвячоркамі запальвалі бакены на шырокай рачной плыні, варылі юшку на вогнішчы. Важкую торбу свежай рыбы нёс я за плячыма па высокай дамбе. Серабрыстая чайка чула свежую рыбу і суправаджала мяне да першых хат. У сенакосную пару ўся вёска выходзіла на прыпяцкія лугі, на якіх потым паўставалі стажкі сена.

Палессе стала блізкім мне. У Кажан-Гарадоцкай царкве хрысцілі дачку Волечку і сына Максіма. Чорнае чарнобыльскае крыло закранула гэтыя прыгожыя мясціны, і сваякам дапамаглі перабрацца на Полаччыну. Цяпер там сустракаемся. Не забываем наведваць магілы палескіх продкаў.

— Навум Якаўлевіч, вашы паэтычныя радкі пранікнуты любоўю да Беларусі, да нашай мовы і культуры. Напэўна, такія сустрэчы натхняюць на творчасць?

— Як з крыніц пачынаюцца рэкі, так і любы літаратурны твор бярэ пачатак ад пачуццяў, якія пераплаўляюцца ў пісьмовыя радкі. Вялікае шчасце адчуваць праз слова мелодыку мовы. Наша мова багатая і мілагучная. Дзяржаўныя экзамены ў Віцебскім педагагічным інстытуце здаваў на беларускай мове і першыя два вытрымаў на “выдатна”. Здзівіла, што на апошні экзамен сабралася шмат выкладчыкаў. Прафесар Франц Кунцэвіч падзякаваў мне за адказ і звярнуўся да членаў камісіі, ці ёсць заўвагі адносна мовы. Загадчык кафедры беларускай мовы падтрымаў членаў камісіі паставіць мне “выдатна”. Як даведаўся потым, выкладчыкі спецыяльна прыйшлі паслухаць мой адказ на беларускай мове. 

— Не з’явілася жаданне настаўнічаць, як некалі нашы класікі Янка Купала і Якуб Колас пачыналі з вясковага настаўніцтва?

— У кожнага свая сцяжына па жыцці. Мяне запаланіла журналістыка.  Працаваў у полацкай раённай газеце, а потым па прапанове дырэктара Наваполацкага вытворчага аб’яднання “Палімір” Героя Сацыялістычнай Працы Льва Наважылава ўзначаліў заводскае радыё. І так захапіўся радыёжурналістыкай, што амаль паўтара дзесяцігоддзі быў уласным карэспандэнтам Беларускага радыё. Рэпартажы, інтэрв’ю, карэспандэнцыі і замалёўкі пра людзей і жыццё Полаччыны поўнілі радыёэфір. 

— Час нівеліруе мінулае. Якія найбольш важныя моманты сустрэч з цікавымі людзьмі вам запомніліся? 

— Нават цяжка вызначыць больш памятныя. Вядомы полацкі старшыня калгаса Герой Сацыялістычнай Працы Яўген Кімстач быў не надта гаваркі. Проста і даступна расказваў пра хлебаробскія будні, без пафасу дзяліўся вопытам кіравання калгасам. Заходжу аднойчы ў яго кабінет і бачу на стале ў слоіку букет рамонкаў. Спытаў у старшыні пра кветкі і пачуў, што даяркі раніцай віншавалі яго з трыццацігоддзем кіравання калгасам імя Сільніцкага. А праз некалькі гадзін уся Беларусь слухала мой рэпартаж пра гэту падзею.

Часта даводзілася бываць па справах у полацкім саўгасе “Зялёнка”, якім кіраваў таленавіты Пятро Пяткевіч. Гаспадарка лідзіравала не толькі ў раёне, але і ў вобласці па многіх эканамічных паказчыках. Цяпер яе кіраўнік працуе намеснікам старшыні Полацкага райвыканкама. 

Сустрэчы, партрэты, героі… Ці ўсіх пералічыш. Пра руплівага старшыню калгаса “Зара” грузіна Давіда Кахадзэ нельга не ўзгадаць. Шмат гадоў нязменна кіраваў гэтай перадавой гаспадаркай Полаччыны. Хвароба падкасіла яго, адняліся ногі. Паехаў да раённых кіраўнікоў, каб паведаміць, што хоча развітацца з калгасам і вярнуцца ў Грузію, дзе спадзяваўся паправіць здароўе. Давіду Іванавічу кіраўніцтва раёна шчыра падзякавала за шматгадовую працу, і калі ён прыехаў у гаспадарку, там чакалі калгаснікі, якія сталі прасіць, каб не пакідаў іх. “На руках насіць будзем, толькі заставайцеся”, — чулася ад іх. Заплакаў Давід Кахадзэ і застаўся назаўсёды на Полаччыне.

Усім гэтым журналіст Навум Гальпяровіч цікава дзяліўся ў радыёэфіры са слухачамі. У розных жанрах прадстаўляў Полаччыну на Беларускім радыё. Пільнае вока творцы заўважала і недахопы, безгаспадарлівасць. Адзін з раёнаў Віцебшчыны замыкаў абласную зводку па надоях. Журналіст прыехаў разабрацца з прычынамі такога становішча. Кіраўнік райсельгасхарчу прапанаваў наведаць гаспадаркі, каб ацаніць рэальнае становішча. Па дарозе карэспандэнт убачыў, што едуць у кірунку да лепшай гаспадаркі і катэгарычна запатрабаваў разварочвацца. Выказаў намер самому заняцца высвятленнем сітуацыі. Разам з раённым чыноўнікам паехалі ў гаспадарку, дзе кіраўнік сябе высока ўзнёс, а справы ішлі дрэнна. У эфір выйшаў крытычны матэрыял, а раённае начальства выказала ўдзячнасць Навуму Гальпяровічу за грунтоўную крытыку, якая дапамагла выправіць сітуацыю.

У вольны час на чыстыя аркушы журналіста клаліся паэтычныя радкі. Пачалі выходзіць зборнікі вершаў. Маладога паэта прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Творчая дзейнасць Навума Якаўлевіча атрымала высокую дзяржаўную ацэнку. Ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Выраслі дзеці, атрымалі вышэйшую адукацыю.

Сталіца прыняла сям’ю Гальпяровічаў. Навум Якаўлевіч працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Вожык”, намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дачка Вольга крочыць па бацькавых слядах — стала радыёжурналісткай. Сын Максім узначаліў беларускі гістарычны часопіс. Падрастае ўнук. А душа не адпускае паэтычную натуру з роднага Полацка. У снах па-ранейшаму ходзіць па знаёмых вулачках старога горада, зазірае ў адноўленыя праваслаўныя святыні. Нават вершы прыходзяць у снах.

— Прачнуўся і хутчэй стаў занатоўваць радок: “А з воблака бліжэй да Бога…” Гэта пра душу і веру. Па садовым пітомніку часта хаджу ў сне, бачу нашага садоўніка, узбіраюся на круты бераг Заходняй Дзвіны. 

— У Бібліі запісана: не ўтвары сабе куміра. А вы як да гэтага ставіцеся?

— Літаратурныя куміры абагачаюць мяне. Натхняюся мініяцюрамі Янкі Брыля, захапляюся творамі Уладзіміра Караткевіча, якія перавярнулі многія мае ўяўленні.  У школьныя гады з цікавасцю “праглынуў” кніжку “Лясная школа”, а нядаўна перачытваў яе і зусім іншае ўяўленне. Люблю паразважаць над творамі Міхася Стральцова. 

З рускіх літаратараў зачытваюся вершамі Арсеня Таркоўскага, Уладзіміра Высоцкага. Некалі мне трапіў рукапісны зборнік вершаў Мандэльштама. Цяпер глыбей асэнсоўваю яго філасофію. Паклоннік творчасці Ганны Ахматавай і Марыны Цвятаевай.

— На Дне пісьменства багата прадстаўлена сучасная беларуская літаратура. А вы збіраецеся ў Шчучын?

— Імкнуся не прапускаць гэта свята. У Шчучыне на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства стануць вядомы сем уладальнікаў першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. 

Цікава будзе азнаёміцца з выставачнымі праектамі “Дзяды Адама Міцкевіча. Гісторыя душы” да 160-годдзя з дня смерці пісьменніка і “Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду” — аб жыцці і творчасці пісьменніка.

Планую прыняць удзел у прэзентацыі новых кніг беларускіх пісьменнікаў, творчых сустрэчах з чытачамі. На свяце адбудзецца прэзентацыя факсімільных выданняў Францыска Скарыны і цырымонія іх перадачы Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. 

— Восень шчодрая не толькі на ўраджай хлебных ніў, але і ў творчасці. Якія пачуцці яна выклікае ў вас?

— Сум і настальгію. Нават мой верш пачынаецца так: “Нешта не пішацца мне ў весялосці…” Пачуцці самоты нараджаюць адпаведныя творы. Многа вершаў прысвяціў восені. Адзін з іх так і называецца: “Восені зноў за акном пакланюся…” 

— І песні ёсць на вашы вершы...

— Кампазітары Уладзімір Буднік, Эдуард Зарыцкі, Валерый Іваноў, Алег Елісеенкаў напісалі на іх музыку. Нядаўна кампазітар Алег  Сямёнаў стварыў песню на мой верш “Балада пра званочак”. Гэтыя песні выконваюць барды. Ім падабаецца лірычны склад.

— Вялікае шчасце — быць запатрабаваным. Вы ўзначальваеце замежную рэдакцыю Беларускага радыё. Гэты занятак вам у радасць?

— Расказваць пра родную краіну — вялікі гонар і адказнасць. Гэта як гаварыць пра маці, пра тых, каго любіш. Каб мець права расказваць свету пра Беларусь, трэба яе вельмі любіць, ганарыцца і сэрцам адчуваць. У нашым радыёарсенале ёсць праграма “Падарожжа ў глыбінку”, дзе расказваем пра сённяшні дзень нашых вёсак. Рыхтуемся да наступаючага 90-гадовага юбілею Беларускага радыё, які будзем адзначаць у гэтую восень. Імкнёмся прыцягнуць як мага больш слухачоў да праграм. Вяшчаем на англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, польскай і кітайскай мовах. Да іх дадаюцца беларуская і руская мовы. У Расіі маем прыхільнікаў, а таксама на ўсіх кантынентах.  

— Навум Якаўлевіч, пра што вам марыцца?

— Узяць гадавалага ўнука Мацвейку за руку і прагуляцца, пачуць з яго вуснаў беларускую мову. Дома размаўляем па-беларуску. Чакаю, як загаворыць унук. 

Мару занатаваць свае развагі і думкі ў новым творы. Хочацца напісаць пра сябра Алеся Пісьмянкова. Мінск падараваў мне таксама сяброўства з Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, Сяргеем Грахоўскім, Уладзімірам Маруком і іншымі вядомымі літаратарамі, якія адышлі ў вечнасць. Гэтым я вельмі даражу. 

— Ваша самае дарагое месца на зямлі?

— Той полацкі пітомнік майго дзяцінства, дзе праз поле праглядаўся Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, і крутая выспа каля Сафійскага сабора, дзе Палата ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. У любы час года там неверагодная прыгажосць.

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара і з сямейнага альбома Навума ГАЛЬПЯРОВІЧА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter