У мiнулым годзе пляцоўку абсталёўвалi як хакейную, сёлета каток вернецца ў звыклы выгляд. Хiба што трохi ўзбуйнiцца: да 1800 квадратных метраў дадасца яшчэ 30.
Тут будзе слiзка
Праца ў шатры iдзе поўным ходам: некалькi рабочых усталёўваюць сiнiя барты па перыметры. Пляцоўка ўжо закладзена трубамi. Гэта аснова будучага катка. Металiчныя жылы хутка напоўнiць халаданосьбiт — этыленглiколь. Тады падрыхтуюць першы з пятнаццацi ледзяных слаёў. Дарэчы, залiўка катка — працаёмкая справа. Важныя паступальнасць i рэгулярнасць. Каб працэс iшоў хутчэй, на працягу чатырох-пяцi дзён рабочыя працуюць у кругласутачным рэжыме: кожныя дзве-тры гадзiны незалежна ад часу сутак залiваюць новы слой будучага катка.— Цяпер шмат якiя работы ўжо за плячыма: пляцоўка для ўладкавання лядовага пакрыцця падрыхтавана, трубаправоды ўсталяваны. Таксама праверылi iх на герметычнасць: пад цiскам пусцiлi этыленглiколь. Там, дзе было вiдаць працяканнi, лiквiдавалi праблему. Халаданосьбiт паступае ў гэтыя трубы ад кампрэсарнай устаноўкi з тэмпературай мiнус 10 градусаў па Цэльсiю, а вяртаецца да ўстаноўкi на чатыры градусы цяплей. На трубкi мы распырскваем ваду, i яна паступова застывае, — пералiчвае пункты падрыхтоўкi намеснiк дырэктара па адмiнiстрацыйна-гаспадарчай працы Палаца спорту Вiктар Ганчар. — Наперадзе самы доўгi з этапаў — залiўка. Яе выконваем паступальна: трэба нарасцiць тоўсты слой лёду. Гэта прыблiзна 15 сантыметраў. Каб вада намярзала добра i раўнамерна, кожны слой робiм па некалькi мiлiметраў. Па вопыце магу сказаць: гэта аптымальна.
Пляцоўка ўжо закладзена трубамi. Гэта аснова будучага катка. Металiчныя жылы хутка напоўнiць халаданосьбiт — этыленглiколь.
Не здзiўляйцеся, што каток падрыхтоўваюць, калi на вулiцы ўстойлiвы плюс. Надвор’е адыгрывае ролю толькi пры залiўцы лёду, каб трубы добра прамерзлi. Планы па ўладкаваннi пляцоўкi будуюць зыходзячы з капрызаў надвор’я. I, мяркуючы па ўсiм, першыя наведвальнiкi адкрыюць гэты сезон катання на каньках у сезонным шатры ў сярэдзiне лiстапада. Залiўку плануюць пачаць з наступнага тыдня.
Дарэчы, асноўную ўвагу ў гэтым сезоне вырашылi надаць масавым сеансам катання. I калi ў мiнулым годзе пляцоўку абсталёўвалi як хакейную, сёлета каток вернецца ў звыклы выгляд. Хiба што трохi ўзбуйнiцца: да 1800 квадратных метраў дадасца яшчэ 30. Зона для наведвальнiкаў была занадта прасторнай, таму невялiкi кавалачак вырашылi аддаць пад лёд. Тэрыторыя для катання важнейшая.
Цэны на арэнду канькоў i кошт сеансаў не зменяцца. Як i ў мiнулым годзе, узяць напракат спецыяльны абутак — тры рублi, атрымаць асалоду ад зiмовага вiду спорту — чатыры-пяць рублёў, у залежнасцi ад часу i дня наведвання. Дарэчы, цяпер у арсенале катка каля 500 пар «вострага» абутку. Памеры — ад 36-га да 45-га.
Праца ў шатры iдзе поўным ходам: некалькi рабочых усталёўваюць сiнiя барты па перыметры.
На самыя хадавыя, 38-ы — 40-ы ў жанчын i 41-ы — 43-i ў мужчын, адвялi больш за ўсё пар, на iх прыпадае амаль 40 працэнтаў ад усёй колькасцi!
— Традыцыйна самыя шматлюдныя перыяды — гэта выхадныя днi, школьныя канiкулы, навагоднiя святы. Яшчэ адзiн крытэрый — наяўнасць снегу. Калi навокал усё становiцца белым, людзi iдуць на каток больш ахвотна. У самыя ўдалыя днi колькасць наведвальнiкаў даходзiць да 1000. А за ўвесь сезон у сярэднiм атрымлiваецца каля 60 000, — дзелiцца лiчбамi Вiктар Ганчар.
Увага — дэзынфекцыi
А цяпер аб надзённым. Мяркую па сабе: пасля добрай актыўнасцi на свежым паветры апетыт паляпшаецца. Каб у мiнчан была магчымасць падсiлкавацца, не адыходзячы далёка ад катка, ля ўвахода ў шацёр вырашылi паставiць чатыры-пяць сiмпатычных драўляных дамкоў. У iх супрацоўнiкi мясцовага грамадскага харчавання будуць гандляваць блiнцамi, гарачай гарбатай, кавай i iншымi смачнасцямi. Мяркуюць, што першым днём такога гандлю стане 10 снежня.Надвор’е адыгрывае ролю толькi пры залiўцы лёду, каб трубы добра прамерзлi.
Актуальнае зараз пытанне дэзынфекцыi плануюць вырашаць па ўсiх франтах. Напрыклад, кожныя тры гадзiны — апрацоўка спецыяльным растворам поручняў, ручак. Словам, тых месцаў, да якiх наведвальнiкi могуць дакранацца. Абеззаражванне праходзяць i канькi. Для iх — адразу некалькi пунктаў дэзынфекцыi: раз у суткi iх апрацуюць антысептыкам, паставяць пад ультрафiялетавыя лямпы, пасушаць пры высокiх тэмпературах. Здаецца, мiкроб не пройдзе! Але на ўсялякi выпадак на пляцоўках плануюць усталяваць дазатары з антысептыкам. Нягледзячы на тое што трымаць уласны флакончык абеззаражвальнага сродку пры сабе стала ўжо звычкай многiх, доступ да дадатковых сродкаў абароны актуальны.