Наваселле па-беларуску

Адзiная беларускамоўная школа Латвii атрымала новую прапiску

Адзiная беларускамоўная школа Латвii разам з новай прапiскай атрымае новую якасць адукацыi

Гэта той выпадак, калi навасёлы, а гэта 115 вучняў 1—9-га класаў i 22 педагогi, дакладна не будуць пакутаваць ад настальгii па старым «месцы жыхарства».

З 1994 года Рыжская Беларуская асноўная школа месцiлася... у дзiцячым садку. Нягледзячы на тое што школа дае толькi базавую адукацыю (таму i называецца асноўнай), беларусы Латвii i проста зацiкаўленыя культурай, традыцыямi нашай краiны з задавальненнем аддавалi сюды сваiх дзяцей. Акрамя мiлагучнай беларускай, вучнi ўжо з першага класа вывучалi тут латышскую i англiйскую мовы. Дырэктару Ганне Iванэ, дарэчы беларусцы па паходжаннi, канешне, хацелася, каб якасць вучэбнага працэсу была падмацавана i матэрыяльна — абсталяванымi вучэбнымi кабiнетамi. Мара гэта амаль што збылася. Выгаднае суседства беларускай — з асобным уваходам, правам карыстання актавай i спартыўнай заламi, сталовай, сваiм камп’ютэрным класам — прапанавала сярэдняя школа № 89 Рыгi. Да першага верасня ў дзевяцi класных памяшканнях будзе завер­шаны рамонт, якi праводзiцца за кошт срод­каў мунi­цыпалiтэта Рыгi. Дарэчы, школа функцыянiруе ў адпаведнасцi з агульнаадукацыйнымi стандартамi i вучэбнымi праграмамi Латвii i знаходзiцца ў падпарадкаваннi про­фiльнага латвiйскага мiнiстэрства. Нягледзячы на гэта, як паведамiла галоўны iнспектар Мiнiстэрства адукацыi нашай краiны Iрына Каржова, Прэзiдэнт Беларусi падпiсаў даручэнне аб аказаннi дапамогi гэтай установе адукацыi — новай мэбляй, сродкамi навучання, мета­дычнымi i вучэбнымi дапаможнiкамi. Усё гэта трапiць у новае памяшканне школы да 1 верасня 2010 года i стане добрым падарун-кам дзецям i настаўнiкам да чарговага навучальнага года.

Дарэчы, самай важнай мэтай дзеяння Рыжскай Беларускай асноўнай школы з’яўляецца папулярызацыя беларускiх традыцый i культуры за межамi нашай краiны. Пры школе паспяхова працуюць фальклорна-музычны ансамбль «Вавёрачка» i мастацкая студыя «Вясёлка». А з 2007 года кiраўнiцтва рыжскай школы наладзiла добрыя адукацыйныя кантакты з мiнскай гiмназiяй № 23. Дэлегацыi вучняў, педагогаў, бацькоў з Рыгi ўжо неаднаразова прыязджалi ў Мiнск, а сталiчныя гiмназiсты — у рыжскую школу, дзе вось ужо шаснаццаць гадоў iснуе благадатны аазiс сапраўднай беларускай культуры, мовы i традыцый.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter