Нацыянальнасць — аўцюк

У сталіцы беларускага гумару весела не толькі па святах Лічыцца, што самыя вясёлыя людзі ў Беларусі жывуць у Аўцюках. Там прапісаўся і фэст беларускага гумару, а мясцовыя ў гэтым фэсце рэгулярна перамагаюць. Напярэдадні чарговага фестывалю, які пачнецца 8 жніўня, мы накіраваліся ў Аўцюкі, каб лепей пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі, а заадно высветліць, ці такія яны вясёлыя і знаходлівыя, як пра іх гавораць. Ці аўцюкоўцы весяляцца толькі па святах?
Нашчадкі казакоў

Толькі мы прыехалі ў Вялікія Аўцюкі, як нас адразу ашаламілі:
— Ці ведаеце вы, што існуе толькі тры нацыянальнасці: рускія, нярускія і аўцюк?
Аўцюкоўцы ганарацца сваім паходжаннем. Падчас сялянскай вайны 1648—1654 адзін з атрадаў Багдана Хмяльніцкага пад кіраўніцтвам атамана Філона Гаркушы ваяваў пад Мазыром, дзе пацярпеў паражэнне ад войскаў Рэчы Паспалітай. Казакі рассеяліся па наваколлі. Даследчыкі лічаць, што аўцюкоўцы з’яўляюцца нашчадкамі тых казакоў. Карэнныя вяскоўцы маюць прозвішчы Дулуб, Малашчанка, а на вяселлях і провадах да гэтага часу гучаць казацкія песні. Старшыня Вялікааўцюкоўскага сельсавета Пётр Міхайлавіч з атаманскім прозвішчам Гаркуша сваімі пушыстымі вусамі сапраўды нагадвае казака:
— Раней нашы людзі амаль не працавалі на зямлі, — расказвае сельскі (так называюць вяскоўцы свайго старшыню), — і пана ў нас ніколі не было — мы былі “гасударавымі людзьмі”.
Сёння Аўцюкі знаходзяцца ў Калінкавіцкім раёне, а раней было наадварот — Калінкавічы належалі да Аўцюкоўскай воласці. Да гэтага часу вяскоўцы любяць казаць:
— Калінкавічы — гэта дзе?
— Пад Аўцюкамі!
Аўцюкі Малыя і Вялікія: хто галоўны?
Нехта думае, што існуе толькі адна вёска — Аўцюкі. Насамрэч іх дзве — Вялікія Аўцюкі і Малыя Аўцюкі. Што цікава, Малыя па колькасці насельніцтва маюць значную перавагу над Вялікімі — восемсот чалавек супраць пяцісот. Такі “перакос” атрымаўся з-за таго, что Малыя Аўцюкі знаходзяцца бліжэй да трасы Брэст — Бранск і чыгункі. Затое вялікааўцюкоўцы называюць сябе сапраўднымі аўцюкамі, а сваіх суседзяў яны дражняць “прыблудамі”. Маўляў, раней ля Малых Аўцюкоў была вайсковая часць і вайскоўцы і іншыя прыезджыя значна “разбавілі” мясцовых.
— Брэшуць, гісторыі не ведаюць, — не згаджаецца з такімі размовамі старшыня Малааўцюкоўскага сельсавета Міхаіл Дулуб. — Я скончыў гістфак Гомельскага універсітэта і абараніў дыплом па тэме “Гісторыка-геаграфічны нарыс развіцця вёсак Малыя Аўцюкі і Вялікія Аўцюкі”. Дык вось, вядома, што раней была адна вёска — Селішча, яна знаходзілася акурат паміж Аўцюкамі, а потым яе жыхары раздзяліліся на дзве часткі. Так што ў нас адно паходжанне. Хаця трэба прызнаць, што вялікааўцюкоўцы вельмі дружныя, жывуць адной абшчынай, затое жыхары нашай вёскі больш талерантныя і цярпімыя — усё ж мы бліжэй да цывілізацыі...

Як конь пакусаў ваўка

Ідэя ладзіць фэст беларускага гумару ў Аўцюках належыць пісьменніку і рэдактару часопіса “Вясёлка” Уладзіміру Ліпскаму. Аднойчы ён падарыў мясцовай школе каня. Удзячныя аўцюкоўцы назвалі яго... Ліпскім. Высветлілася, што жывёліна таксама мае пачуццё гумару, праўда, даволі спецыфічнае — вельмі любіла кусацца. І вось да каня аднойчы падышоў аўцюк Іван па мянушцы Воўк, каб яго пагладзіць. А Ліпскі, не марнуючы часу, схапіў яго зубамі за плячо.
— Ая-яй, укусіў! — заверашчаў небарака Іван.
Стары школьны стораж, які за гэтым назіраў, разгублена развёў рукі:
— Калі коні ўжо ваўкоў кусаюць, я не ведаю, што рабіць!
Любяць пра Ліпскага-пісьменніка расказваць у Аўцюках і другую байку. Неяк ён заўважыў ля старэнькай хаткі бацьку семярых дзяцей і кажа яму з дакорам:
— Столькі дзяцей нарабіў, а хаты добрай не збудаваў...
— Ідзі, дзядзька, куды ідзеш, — пакрыўдзіўся аўцюк. — Што ўмею, то і раблю.

Любіш смяяцца, любі і працаваць

Калі мы папрасілі старшыню Вялікааўцюкоўскага сельсавета ахарактарызаваць жыхароў сваёй вёскі, то першым чынам ён расказаў не пра іх весялосць (яе і так усе ведаюць), а працавітасць.
— У некаторых вёсках свабоднай зямлі бяры — не хачу, — гаворыць Пётр Гаркуша, — а ў нас за яе ледзь не б’юцца. Па сельсавеце ў нас 28 трактароў і 29 коней у прыватным сектары. Некаторыя маюць два-тры гектары зямлі. Дзе вы яшчэ такое знойдзеце?
Увогуле са сталіцы гумару выходзяць людзі не толькі вясёлыя, але і руплівыя да працы. Сёння аўцюкоўцы працуюць на пасадах і ў Адміністрацыі Прэзідэнта, і Мінскім гарвыканкаме, і ў генштабе Расіі. Асабліва шмат з Аўцюкоў выйшла пракурораў і суддзяў.
Вёска пад уладай... “птушак”
Сёння Вялікія Аўцюкі перажываюць сапраўднае “птушынае нашэсце”. На адным канцы вёскі жыве Дрозд, на другім — Дзяцел, а пасяродку збудаваў сядзібу Верабей.
— Хто ў сярэдзіне, той і галоўны, — сцвярджае Мікалай Мікалаевіч Верабей, першы гумарыст на ўсе Аўцюкі. І распавядае пра птушку, якая дала яму гучнае прозвішча, такую гісторыю.
Неяк сядзіць верабей дый кажа.
— Я — арол!
— Нешта ты вельмі маленькі, — засумнявалася варона.
— Ну дык піў жа, курыў, хварэў.
Трэба сказаць, што зразумець аўцюка не вельмі проста — мова ў яго спецыфічная. “Тэйка, хэйма ў япэ”. Што гэта значыць? Аказваецца — “падруга, пайшлі ў магазін”. Паспрабуй тут зразумей... Затое па гаворцы аўцюкі беспамылкова пазнаюць адзін аднаго, нават калі яны сто год не бачыліся.

“Мы сваіх дзевак беражом”

Мясцовыя хлопцы славяцца сваёй баявітасцю — вядома ж, нашчадкі казакоў. Яны рэгулярна ездяць на танцы ў суседнія вёскі, а вось у сваю чужынцаў не пускаюць. “Мы сваіх дзевак беражом”, — гавораць аўцюкоўцы і дадаюць вершаваныя радкі невядомага аўтара:

Калі бачыць давядзецца,
Што прыгажуння мне невярна,
Маёй помсце пекла жахнецца
І перахрысціцца сам сатана.

Але ў аўцюкоўскіх дзяўчат і жанчын з гумарам таксама поўны парадак — ім палец у рот не кладзі. Алена Баравік, чый падворак на мінулым фэсце перамог у конкурсе “Хто чым багаты каля сваёй хаты”, хоць і называе сябе “прыблудай” (бо родам з другой вёскі), аднак пасля многіх гадоў, пражытых у Аўцюках, сама стала сапраўднай аўцючкай.
— Каласок з Калінкаю — так у Аўцюках любоўна называюць адзін аднаго мужчыны з жанчынамі — ідуць у сельсавет, каб пажаніцца, — расказвае нам гаспадыня сваю любімую байку. — На самым парозе жаніх кажа: “Дарагая, у мяне ёсць тры ўмовы. Калі ты згодна іх выканаць, мы станем мужам і жонкай. Па-першае, ты павінна адпускаць мяне з сябрамі на рыбалку. Па-другое, дазваляць мне хадзіць з імі на піва. І па-трэцяе, не перашкаджаць глядзець футбол. Згодная?” Падумаўшы, Калінка сказала: “Згодная, але і ты выканаеш адну маю ўмову”. Аўцюк, узрадаваны, што можна абысціся малым, паспяшыў згадзіцца. І пацікавіўся, што за ўмова такая, толькі на выхадзе з сельсавета. А Калінка яму і кажа: “Ты можаш вудзіць рыбу, піць піва, глядзець футбол, але ў ложак са сваім каханым чалавекам я буду класціся кожны вечар у дзевяць гадзін. Незалежна ад таго, дзе ты знаходзішся!”
Няўжо з такімі жанчынамі можна сумаваць?

З пачутага на вуліцы

— Курыць любіш?
— Не!
— А піць?
— Таксама!
— А жанчын?
—Не люблю!
— Дык што ты любіш?
— Брахаць люблю!

*** 
— Аўцюк ты!
— Сам ты злодзей...

Дарэчы Што рыхтуе чарговы фэст?

8—9 жніўня ў Калінкавіцкім раёне пройдзе шосты па ліку Усебеларускі фестываль народнага гумару “Аўцюкі”. Арганізатары як заўжды абяцаюць вельмі насычаную праграму. У ёй будуць і швэнданне па хатах і маёнтках Аўцюкоў (конкурс падворкаў з частаваннем), і парасячы забег, і конкурсы анекдотаў (як прыстойных, так і не вельмі), і спаборніцтвы прыпевачнікаў і краснабаеў (“Абсмяяцца ды й не ўстаць, каб і мёртвага падняць”), і шмат чаго яшчэ. Завершыцца фэст святочным салютам (“Усе вылупілі вочы, неба залпамі грахоча”) і начнымі скокамі (“Скачуць сёння да зары польку нават камары”).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter