Прыцягненне да роднай зямлі, да месцаў, дзе мы нарадзіліся — гэты фенамен спрабаваў апісаць яшчэ Францыск Скарына

Натхняе родная прырода

На сабе адчувае тую моцную повязь і журналістка, пісьменніца Алена Стэльмах.
Чуў добры жарт: усе людзі з’явіліся на зямлі проста з вады, а беларусы — з прыгожых лясных азёраў… Бо азёр ды лясоў у нас — мора. Вось, дарэчы, вестка пра паспяховыя экспартныя таргі: у сярэдзіне студзеня 2017-га на Беларускай універсальнай таварнай біржы ў краіны Еўрасаюза рэалізавана лесапрадукцыі на 7,2 млн еўра. Эксперты адзначаюць, што найгалоўнае месца сярод прыродных багаццяў Беларусі займаюць лясы: пад імі амаль 40 працэнтаў тэрыторыі краіны.

Зімовы краявід з фарбамі позняй восені на Вушаччыне, паблізу вёскі Белікоўшчына
Анатоль Кляшчук

А ці задумваліся вы, што прыцягненне радзімы — гэта і прыцягненне яе прыроды? Гэта значыць: роднай прыроды. Якраз такую назву мае і часопіс, які адзначае 45-годдзе. Клічуць нас да сябе лясы, лугі, азёры, рэкі…Тое падкрэсліў у знакамітым выслоўі яшчэ Францыск Скарына. Перастварыў на сучасную мову яго развагу-запавет вядомы паэт Алесь Разанаў: “Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і рэках, чуюць віры свае, і як пчолы бароняць вуллі свае — гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць”. Проста. Душэўна. Разумна. Прыгожа!

Голас радзімы для беларусаў — гэта і галасы птушак Бацькаўшчыны, яе звяроў, пошум нашых лясоў. І шолахі траў, і плёскат хваль, і пералівы ручая. “Між алешын, кустоў,/ Дзе пяе салавей,/ I шуміць і грыміць/ Срэбразвонны ручэй” — такімі пачуў родныя галасы Якуб Колас. Нават жабіныя спевы ўвесну, ці летнія канцэрты конікаў у траве — галасы радзімы. А журналістка і пісьменніца, галоўны рэдактар часопіса “Родная прырода” Алена Стэльмах умее пачуць і размовы дрэў з птушкамі. Прынамсі, у аснове яе казкі “Дуб і крумкач”, што выйшла летась асобнаю кнігай — дыялог паміж дрэвам і птушкаю. Дрэва ўсё жыццё стаіць на месцы, нікуды не рухаецца — а птушка лятае па свеце. У тым ліку і туды, дзе бачыць боль чалавечы. І хто ж, як лічыце, з іх шчаслівейшы? Ёсць над чым падумаць і дзецям, і дарослым.


Алена Стэльмах
Фота: Іван Ждановіч
Цікава, хто нашаптаў ёй такі сюжэт? Калі мы сустракаліся нядаўна ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі (летась Алена Анатолеўна выбрана ў яго праўленне), то гутарылі не толькі пра 45-годдзе часопіса, які яна ў 2016-м узначаліла. “Бывае, невядома й самой, адкуль што ўзялося… — разважыла яна. — Калі творчы працэс ішоў, то ўяўляўся мне стары дуб, які стаіць пасярод вёскі, дзе я жыла ў маленстве ў бабулі. Гэта вёска Навасады Дзяржынскага раёна, а бабуля — Марыя Піліпаўна Сантаровіч, настаўніца пачатковых класаў. Дарэчы, у мясцовай школе яна выхавала не адно пакаленне вясковых дзяцей”. Сярод іх і мастак Анатоль Гармаза, які ўспамінае добрым словам першую настаўніцу. З ім Алена сябруе: праз адну хату жылі, з бацькамі бабуля ладзіла. Анатолева мама, цёця Уладзя, прыехала з-пад Ракава, як выйшла замуж, і прывезла з сабою патэфон, які вясковым дзецям дазваляла паслухаць…

Хоць сама Алена — гарадская, але дзяцінства яе прайшло ў бабулі па маці: “Практычна ўсё лета — там. І месцам нараджэння вёска лічыцца, бо вучыліся бацькі у Мінску на той час, жылля свайго не мелі. Вось бабуля й стала месцам майго прыцягнення, дзяцінства. І другая бабуля з Дзяржыншчыны: тата родам з вёскі Гарбузы, там жылі нашы Матусевічы”. Вывучыўшыся на журналістку, яна добра папрацавала ў Дзяржынску, у раённай газеце: загадчыцай аддзела сельскага жыцця. А ў 2002-м стала галоўным рэдактарам “Беларускай лясной газеты”.

З лесам пасябравала даўно: “Дзяцінства, можна сказаць, прайшло ў лесе, дзякуючы маёй цётцы Зоі. Гэта было самае захапляльнае, што можна сабе ў дзяцінстве ўявіць. Як жа гэта здорава: бегчы раніцай па грыбы... Розныя там мясціны. Калі па грыбы, то гэта Кудра, калі па маліну — то Шуркі, бліжэй да вёскі — Канаўкі, таксама грыбныя. Лес прыцягвае мяне ўсё жыццё, лес і лёс — пераплятаюцца”. Сем гадоў яна ўзначальвала “Беларускую лясную газету”, і лічыць: то былі, магчыма, адны з лепшых яе творчых гадоў. Як вядома, быць прафесіяналам лясной гаспадаркі ў нас — вельмі пачэсна. Там Алена стала майстрам у сферы экалагічнай журналістыкі, пабывала ў розных лясных кутках краіны.

Алена пісала пра ўбачанае — з гонарам за Беларусь, яе адметную прыроду. Потым зноў працавала ў Дзяржынску: з 2009-га ўзначальвала райгазету, і пры ёй назва “Сцяг Кастрычніка” змянілася на “Узвышша”. Бо якраз гара Дзяржынская (345 м) найвысокае месца ў Беларусі. А з “Узвышша” Алене, пэўна, захацелася і да “Звязды” дацягнуцца… Прыйшла ў Выдавецкі дом “Звязда” — намесніцай дырэктара па выдавецкай дзейнасці, была і намесніцай галоўрэда “Роднай прыроды”: часопіс “пад дахам” Дома. “Сумяшчаю працу ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі з рэдагаваннем “Роднай прыроды”, — гаворыць Алена. — Гэта грамадска-палітычны, навукова-папулярны экалагічны часопіс. Багата ілюстрацый: “прыродны фотаальбом”. А ўнутры і “Юны натураліст”, спецвыпускі для эколагаў-пачаткоўцаў ды малых прыродаведаў. Пачаліся мае праекты летась. Адзін з іх, “Пярліны Беларусі” — пра мясціны з вядомымі базамі адпачынку, санаторыямі. Кожная з іх нечым адметная.”

Сёлета стартаваў прыродна-літаратуры праект “Паэзія жывых гукаў”. Вядомыя пісьменнікі раскажуць, якое месца ў іх творчасці займае прырода. “Дзе б ні жыў чалавек, але калі ўжо нарадзіўся на гэтай зямлі, то з ёю паяднаны, — упэўнена Алена Стэльмах. — Калі ты босымі нагамі па ёй пабегаў, пачуў, напрыклад, веснавыя пахі зямлі — тая роднасць узмацняецца. Мяне па гэты час хвалюе пах свежага ворыва, раллі. Цёплая зямля: калі ў сонцы над ёй лёгкая пара падымаецца. Красавік ці травень... На мяне вельмі станоўча ўплыве тая пара, бо калі адраджаецца прырода, то і зямля адраджаецца, і нешта светлае ў душы, у нас саміх ажывае-адраджаецца”.

Алена ўдакладняе: канём зямлю разворвалі ў Навасадах, і бульбу саджалі ў свежыя барозны — адтуль і памяць пра пахі. А месца нараджэння вельмі важнае ў астралагічных касмаграмах чалавека. Пэўна, што мы нараджаемся ў тым альбо іншым кутку Зямлі зусім не выпадкова… Эсэ яе “Радзіма мне пахне антонаўкай” — таксама пра маленства: “Я прыязджала да бабулі й восенню, калі ў школе вучылася. Збіраліся там вясковыя жанчыны ў хату — на пасядзелкі. Мы гутарылі вечарамі за сталом, а пад ім была скрыня з антонаўкамі. Дык вось, пах менавіта тых антонавак, залацістых, запомніла на ўсё жыццё. І смаку лепшага, чым у бабуліных вясковых антонавак, не ведаю”.

Мы гаварылі яшчэ, што можна й антонаўку ў бабуліным садзе “мадэрнізаваць”, ушчапіўшы патрэбны сорт: бо і антонаўкі ж розныя. І пра начлег у лесе, пра вандроўкі на плытах, байдарках, пешшу, якія дапамагаюць нам лепш пачуць “голас радзімы”. Алена Стэльмах лічыць, што і “Родная прырода” спрыяе збліжэнню з прыродай: “Часопіс — гэта сканцэнтраванае разуменне Радзімы. Дарэчы, першы нумар выйшаў у 1972-м — і ў тым жа годзе ў Мінску з’явіўся мільённы жыхар. Імкнемся жыць у цывілізаваных умовах. Кожны выбірае, дзе яму лепш. Але ад гарадскога тлуму нам хочацца на прыроду. Надыхацца свежым паветрам... Убачыць палёт матылька. Прайсціся басанож па расе. Бо чалавек — часцінка прыроды, мы з ёй паяднаны. Таму з усіх так званых выгод цывілізацыі, з далёкіх краін — заўсёды будзем жадаць вярнуцца да вытокаў”.


Прыгажосць і сілу беларускай прыроды сімвалізуюць зубры
Фота: Сяргей Плыткевіч

Пэўна, дзе нарадзіліся мы — там і частка душы назаўсёды застаецца, таму і “вялікую ласку” да таго святога месца маем. Ідзем у свет — бо кожны ж нечага ў жыцці хоча дасягнуць. “Але ўсё ж: што нас робіць людзьмі? — разважае Алена. — Тое, што помніш з маленства, з чаго ты склаўся як асоба... Таму і ёсць у беларусаў часопіс “Родная прырода” — ужо 45 гадоў. Ён паказвае прыгажосць роднай прыроды, адлюстроўвае той магніт, што нас да сябе прыцягвае. І той магніт асабліва моцна ўплывае на тых, хто цяпер — удалечыні ад Бацькаўшчыны. А часопіс у наш час можа патрапіць у любы куток свету: было б толькі ў некага жаданне яго чытаць”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter