2016 год — юбілейны для Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі

Натхненне, мастацтва, маладосць...

2016 год — юбілейны для Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Ужо 20 гадоў фонд дапамагае юнакам і дзяўчатам умацавацца ў прафесіі: фарміруючы “залаты запас” творчай эліты краіны, заахвочвае і ўзнагароджвае лепшых з лепшых.


Юбілейная ўрачыс­тасць праходзіла на праслаўленай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Перад пачаткам канцэрта віцэ-прэм’ер Наталля Качанава зачытала віншаванне ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, адрасаванае Спецфонду і яго лаўрэатам, стыпендыятам і дыпламантам. Той момант быў вельмі ўрачысты. Думаю, не толькі я зведвала пачуццё гонару: маўляў, ведай нашых! А ужо як, напэўна, радаваліся родныя і блізкія маладых талентаў, слухаючы віншаванне, у якім гучала прызнанне заслуг іх дзяцей і ўнукаў перад Айчынай. Дазволю сабе працытаваць некалькі радкоў: “Вашы дасягненні шырока вядомыя не толькі на Радзіме, але і далёка за яе межамі, а ваш прыклад служыць добрым арыенцірам для равеснікаў і яркім пацверджаннем таго, што для талентаў у нас адкрытыя ўсе дарогі”.

Мне не раз даводзілася бываць на канцэртах лаўрэатаў, дыпламантаў і стыпендыятаў фонду. І ўсякі раз, адчуваючы захапленне ад судакранання з мастацтвам, радавалася высокаму ўзроўню падрыхтоўкі нашых музыкантаў, спевакоў, салістаў балета. А таксама заха­плялася іх шчырасцю і чысцінёй, якія ўласцівыя юнацтву. Так было і на гэты раз. Маладыя, а то і зусім юныя пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў захаплялі сваёй віртуознасцю ў танцы, у ігры на музычных інструментах, а таксама ў вакале. Дзіўна, што ў такім, як гаворыцца, далікатным узросце хлопцы і дзяўчаты ўжо выступаюць на ўзроўні прафесіяналаў са шматгадовым досведам. Колькі ж намаганняў, думала я, трэба прыкладаць, колькі цярпення выпрацоўваць, каб з дня ў дзень даводзіць сваю тэхніку да дасканаласці! Ды і ці ёсць таму мяжа?..

Юбілейны, як назвалі яго арганізатары, справаздачны канцэрт быў асаблівым. Бо павіншаваць фонд з круглай датай са сцэны Вялікага тэатра прыбылі не толькі тыя, хто зусім нядаўна быў адзначаны заахвочваннямі і ўзнагародамі. Удзельнікамі вечара сталі таксама і ўжо сталыя артысты, чые імёны вядомыя ва ўсім свеце.


Юбілейны канцэрт адкрыў фартэпіянны дуэт Дар‘і і Анастасіі Лукашэнка

Зачараванне маладосцю


Першае аддзяленне адкрываў фартэпіянны дуэт дзесяцігадовай Дар’і і дванаццацігадовай Анастасіі Лукашэнкі. Дарэчы, сёстры ўжо паспелі пакарыць музычны алімп не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Францыі, Італіі, перамогшы больш чым у дзясятку конкурсаў міжнароднага ўзроўню. Летась іх імёны занесены ў базу да­дзеных таленавітай моладзі Беларусі.

На сцэну два юныя таленты выйшлі амаль з подскокам, трымаючыся за рукі і з задавальненнем кідаючы погляды ў залу. Іх усмешлівыя твары ў момант змяніліся, стаўшы не па-дзіцячы сур’ёзнымі і засяроджанымі, як толькі дзяўчынкі селі за інструмент. Зала напоўнілася цудоўнымі гукамі музыкі. У  суправаджэнні сімфанічнага аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам дырыжора Андрэя Іванова піяністкі артыстычна выканалі ўрывак з твора Арама Хачатурана “Маскарад”.


Юны піяніст Уладзіслаў Хандогі

Уладзіслаў Хандогі, наступны ўдзельнік канцэрта, усяго на пару гадоў старэйшы за юных лэдзі — яму 14. Але імя юнака ўжо вядомае сусветнай публіцы дзякуючы бліскучай перамозе на Міжнародным тэлевізійным конкурсе юных музыкантаў “Шчаўкунок” у 2014 годзе. Асаблівасць і складанасць таго музычнага спаборніцтва — у тым, што маладыя ўдзельнікі павінны былі знаходзіцца пад бесперапынным кантролем тэлекамер. Але Хандогі “абышоў” усіх музыкантаў, якія прыбылі з сарака васьмі краін, і атрымаў не толькі галоўны прыз, але і прыз сімпатый гледачоў. Упершыню за ўсю гісторыю конкурсу “золата” дасталася беларусу. Дарэчы, “зорным” артыстам Уладзіслаў сябе не лічыць. На ўрачыстасці выглядаў знешне стрыманым і спакойным, што ніяк не перашкодзіла эмацыйна выканаць Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Каміля Сен-Санса.  

Так, юнацтву ўласціва асаблівая чароўнасць. У чым яе сакрэт? Ды ў той шчырасці, дзіцячай непасрэднасці і гарэзлівасці, пра якія ўжо гаварыла. Дзіўна, як ўсё гэта незразумелым чынам суіснуе нараўне з не дзіцячай працавітасцю і дарослай мэтанакіраванасцю.

Гучныя імёны


Многія, паўтаруся, з удзельнікаў юбілейнага канцэрта ўжо маюць  шматгадовы досвед выступленняў на міжнароднай сцэне. Сярод іх — Андрэй Кавалінскі, якога адным з першых у 1996-м годзе адзначыў фонд. Сёння Андрэя называюць “лідарам” сярод трубачоў новага пакалення. У яго рэпертуары — творы як класічных, так і сучасных аўтараў, артыстызм выканання вылучае Андрэя сярод іншых музыкантаў. Кавалінскі гастралюе з сольнымі і камернымі канцэртамі па ўсім свеце. Зразумела, таму папярэднічалі шматлікія перамогі на самых прэстыжных сусветных конкурсах: Citta di Porcia (Італія, 1999), Toulon (Францыя, 2000), Maurice André (Францыя, Парыж, 2000), Ellsworth Smith, ITG (Германія, 2000) і Tromp Muziek Biennale (Нідэрланды, 2002). Музыкант з’яўляецца ўладальнікам Прэміі Цімафея Дакшыцера (Масква, 1992), Прыза Рыхарда Вагнера (Германія, 1998) і Прыза Карлхайнца Штокхаўзена (Германія, 2003). У цяперашні час Андрэй саліруе ў Брусэльскім філарманічным аркестры ў Бельгіі.

На юбілейным вечары музыкант, як заўсёды, віртуозна выканаў Канцэрт для трубы з аркестрам Рэ мажор Джузэпэ Тарціні. У канцы яго выступлення зала ўзарвалася апладысментамі і неаднаразова прасіла выканаўцу вярнуцца на сцэну.


Кацярына Алейнік выконвае варыяцыі Нікіі з балета “Баядэрка”

Для ўдзелу ў канцэрце спецыяльна прыляцела з Францыі Каця­рына Алейнік, каб станцаваць на канцэрце варыяцыі Нікіі з балета “Баядэрка”. Заўважу, балерына задзейнічана ў некалькіх замежных праектах. Яе імя ўжо не мае патрэбы ў асаблівых прадстаўленнях: беларуская балерына вядомая дзякуючы многім перамогам на разнастайных конкурсах, якія праходзілі ў розных краінах. У Беларусі Кацярыну называюць унікальнай з’явай: яшчэ студэнткай яна была ўдастоена сольнай партыі ў Вялікім тэатры. Такі поспех выпадае далёка не ўсім артыстам балета ў самым пачатку іх творчай кар’еры. А праз пару гадоў Алейнік становіцца вядучым майстрам сцэны, што зацвярджае яе ў статусе адной з лепшых балерын. Даволі хутка яна заваёўвае прызнанне еўрапейскай і амерыканскай публікі.  

Падчас антракту ў фае тэатра гледачам была прадэманстравана калекцыя дзіцячага адзення дызайнера і дыпламанта Прэзідэнцкага фонду Веранікі Канашэвіч. Яе раскошныя, вытанчаныя ўборы для маленькіх прынцэс ужо не першы год  перамагаюць на вядомых модных конкурсах. Брэнд Veronica Kanashevich вядомы і ў далёкім замежжы. У Беларусі яе пазіцыянуюць як “генія айчыннай дзіцячай моды”.


Касцюмы ад Веранікі Канашэвіч


Заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Громаў у вобразе Тарэадора

Завяршальнае аддзяленне  канцэрта было вакальным. Выконваліся сусветна вядомыя хіты опернай класікі. Першым на сцэне з’явіўся саліст Вялікага тэатра, заслужаны артыст Беларусі і член савета спецыяльнага фонду — Уладзімір Громаў. У вобразе Тарэадора выканаў куплеты з оперы “Кармэн”. Дарэчы, сем гадоў таму за выдатныя творчыя дасягненні, высокае прафесійнае майстэрства і заслугі ў развіцці нацыянальнай культуры Беларусі ён быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Бас Анатоля Сіўко і тэнар Юрыя Гарадзецкага з году ў год пакараюць сэрцы  аматараў оперы і дома, і за мяжой. На рэкордным па колькасці ўдзельнікаў і сусветна вядомым конкурсе імя Франсіска Віньяса— 607 салістаў з 61 краіны — Анатоль летась узяў другую прэмію. Да таго ж ён тройчы станавіўся ўладальнікам найвышэйшай узнагароды Спецыяльнага фонду — гранд-прэміі. На справаздачным канцэрце Сіўко-Мефістофель з “чартоўскім” агеньчыкам выканаў партыю з оперы “Фаўст” Шарля Франсуа Гуно. Юрый жа з’яўляецца лаўрэатам Міжнароднага конкурсу імя Каралевы Лізаветы ў Бельгіі і фіналістам Міжнароднага конкурсу вакалістаў у Канадзе і ЗША. На юбілеі ён праспяваў арыю Немарына з оперы “Любоўны напой” Гаэтана Даніцэці. Падчас яго пачуццёвага выканання, як мне падалося, зачараваная публіка літаральна замерла, затаіўшы дыханне. Я таксама баялася зварухнуцца, каб не ўпусціць ніводнага гуку, які пранікае прама ў сэрца.


Стыпендыят фонду скрыпач Алег Яцына

Справаздачны канцэрт быў вытрыманы ў строга класічным стылі. Хоць, памятаю, у  мінулыя гады ўдзель­нікі выконвалі эстрадныя песні і нават дэманстравалі цыркавыя нумары. Як патлумачыла мне Вікторыя Ігнаценка,   начальнік аддзела падтрымкі і развіцця культурна-адукацыйных ініцыятыў Інстытута культуры Беларусі, адзін з арганізатараў юбілейнай урачыстасці, Вялікі тэатр — гэта храм класічнага мастацтва, таму і праграма была падабраная ў адпаведнасці з высокім статусам і тэатра, і Спецфонду.

А юбілейны год для апошняга — прадаўжаецца. Вось ужо і ў Мінскім гістарычным музеі адкрылася мастацкая выстава лаўрэатаў, дыпламантаў і стыпендыятаў Прэзідэнцкага фонду. Сваё майстэрства там паказваюць мастакі. Ну а завершыць 2016-ы па традыцыі вялікі эстрадны канцэрт.


ДАРЭЧЫ


Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі створаны ў 1996-м годзе. Яго мэта — усебаковая дапамога адораным дзецям і юнацтву, а таксама фарміраванне “залатога запасу” будучай творчай эліты краіны. У 2006 годзе створана электронная база дадзеных усіх пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, якія праводзяцца ў Беларусі і за яе межамі. Для адбору “лепшых з лепшых” у Міністэрстве культуры Беларусі двойчы ў год прахо­дзяць пасяджэнні экспертна-мастацкай камісіі. Членамі савета разглядаецца ўзровень конкурсаў, ступень прафесіяналізму і колькасць заваяваных узнагарод прэтэндэнта на дзяржаўную падтрымку. Так, за апошнія тры гады ўзнагародамі і заахвочваннямі Спецыяльнага фонду былі адзначаныя 354 прадстаўнікі моладзі і 39 калектываў мастацкай творчасці. Усяго ж на сённяшні дзень на ўліку ў базе дадзеных (Інстытут культуры Беларусі) — 834 чалавекі і 133 творчыя калектывы.

Акрамя вядзення базы дадзеных таленавітай моладзі Спецфондам рэгулярна вылучаюцца сродкі на аказанне матэрыяльнай дапамогі лаўрэатам, стыпендыятам і дыпламантам, таксама на аплату вучобы і стажыровак, гранты і арганізацыю творчых праектаў.  

Дзейнасць фонду знаходзіцца пад пільнай увагай Прэзідэнта Беларусі. Штогод у Палацы Незалежнасці праходзяць урачыстыя сустрэчы, на якіх Аляксандр Лукашэнка асабіста ўручае памятныя ўзна­гароды і віншуе таленавітую моладзь з творчымі дасягненнямі.

Аліса Красоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter