1 сентября драматургу, публицисту и собственному корреспонденту «Сельской газеты» Владимиру Сауличу исполняется 70 лет

Натхненне і сілы дае Глыбоччына

Уладзімір Сауліч нарадзіўся на Глыбоччыне, дзе жыве і сёння. Гэта цудоўная глыбінка Беларусі з яе шматлікімі азёрамі, замшэлымі грыбнымі і ягаднымі пушчамі-гушчарамі, рэчкамі-быстрацечкамі, старажытнымі касцёламі і цэрквамі. Не злічыць наўздзіў працавітых людзей з іх непаўторнай гаворкай на «ець»: жывець, жуець, пяець. Хочацца такі край калі не музыкай уславіць, то хоць вольным, наіўна-натхнёным вершам, як жыхар райцэнтра, сябра нашага героя, паэт Алесь Жыгуноў. Але пакіну панегірыкі паэтам зямлі глыбоцкай: таму ж Жыгунову, Марыі Баравік, майму шчыраму сябру Валодзю Саулічу. І ўсё ж колькі слоў скажу пра кут, які люблю, куды ў самотныя гадзіны, калі душа і сэрца патрабуюць адпачынку, лячу то на цягніку, то на маршрутным аўтобусе. Назад вяртаюся прасветлены, адухоўлены, хочацца жыць, тварыць, верыць, што не дарма прыйшоў на гэты белы свет. Яшчэ не ўсё сказаў людзям, бо журбу-самоту забірае самае глыбокае возера Беларусі Доўгае, а яшчэ Шо, Пліса, Белае, прытокі Дзісны — Мнюта і Авута…

— Чуеш, як хораша гучыць: Мню-та, Аву-та! Быццам старажытныя імёны бабулек-знахарак ці павітух! Толькі глухі на слова не пачуе, — радуецца Валодзя.

А мне згадваецца наша даўняя сустрэча на семінары маладых літаратараў у знакамітых Каралішчавічах. У прасторным, густанаселеным пакойчыку Валодзя Сауліч пад наш гамерычны рогат чытаў урыўкі са сваёй першай камедыі. Яго герой вырасціў на купленым хлебе велізарнага парсюка. Пра гэта даведаліся на тэлебачанні, і ў вёску Кабаны, дзе няма маны, едуць журналісты, каб арганізаваць жывы эфір прама ад свінога катуха. Неверагодныя павароты сюжэта, прымаўкі, прыгоды, незвычайныя здарэнні, нязмушаная мова не маглі нас, насельнікаў пакоя, пакінуць абыякавымі.

За дзесяць дзён семінара мы з Саулічам зблізіліся. Я даведаўся, што Валодзя родам з вёскі Мацясы. Ягоны бацька слынны пчалавод. Пэўны час ён працаваў намеснікам старшыні калгаса. Старэйшы сын, як і Уладзімір Мікалаевіч, завёў сваю пасеку, а вось Валодзя марыў стаць толькі журналістам. Дасылаў свае заметкі, замалёўкі ў райгазету, а іншы раз і ў «Віцебскі рабочы». Характарыстыкі-рэкамендацыі да паступлення на журфак далі як раённая, так і абласная газеты. Абітурыенты са стажам, хоць і паздавалі ўступныя экзамены на тройкі-чацвёркі, сталі студэнтамі, а Саулічу не хапіла аднаго бала. Прапанавалі ісці на філфак пры ўмове, што даздасць экзамен па рускай мове. І ён даў згоду.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Уладзімір трапіў па размеркаванні ў Віцебск. Мог застацца ў абласным цэнтры, але напрасіўся ў родны раён.

— Не прамяняў бы сваю Глыбоччыну не тое што на Мінск, але нават на Маскву, — скажа пазней Сауліч. — Наш райцэнтр упершыню ўзгадваецца адразу пасля Грунвальдскай бітвы, і потым паўвека ніводны немец не сунуўся з мячом на беларускую зямлю. Глыбокае належала магнатам Зяновічам, Корсакам, Радзівілам. Было пад Рэччу Паспалітай, пад Расіяй. А вера — праваслаўная, каталіцкая, іўдзейская, мусульманская. Як і сёння, ніхто за веру не папракаў, тым больш не ваяваў, хоць гісторыя пісалася «мячом і сахою».

Гісторыкі сцвярджаюць, што Напалеон, які ў 1812 годзе больш як на тыдзень прыпыніўся ў Глыбокім, штораніцы прыходзіў да касцёла кармелітаў. Высока задраўшы галаву, каратканогі імператар французаў любаваўся велічным тварэннем рук чалавечых. Яму, прызнанаму пры жыцці геніяльным уладаром і палкаводцам, які са сваімі ваярамі прайшоў уздоўж і ўпоперак усю Еўропу, гэты касцёл, сад каля яго, зарыбленыя сажалкі, ніцыя вербы, беланогія бярозкі, явар, таемнае возера-акно здаваліся раем. Аднойчы пашкадаваў нават, што нельга ўсю гэтую пекнату разам з касцёлам перанесці ў Парыж і прысуседзіць да сабора Парыжскай Божай Маці. У касцёл у свой час прыходзілі перажагнацца, а то і прычасціцца вядомы польскі пісьменнік Тадэвуш Даленга-Мастовіч (паўтара дзясятка яго кніг, у тым ліку знакаміты раман «Знахар», экранізаваны), бацька беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, мастак Язэп Драздовіч, літаратар, аўтар кніг пра Суворава, Ушакова, Кутузава Лявон Ракоўскі, геніяльны авіяканструктар, які пераўзышоў свайго настаўніка Тупалева, Павел Сухі.

Мы слухалі Сауліча як зачараваныя. А ён распавядаў аб Глыбоцкім доследным лясгасе, слава пра які дайшла аж да Канады. Тут і насенныя плантацыі кедра, піхты, лістоўніцы, карэльскай бярозы, што ўжо казаць пра тую, і захаванне лесанасеннай сыравіны, кантэйнеры для шышак, арыгінальныя сушыльныя шафы…

Пасля нашага расстання, уважліва сачыў за творчасцю майго новага сябра. Не магла не ўразіць яго першая кніга камедый. Асабліва спадабалася трагікамедыя «Сабака з залатым зубам». Яе неўзабаве паставілі на купалаўскай сцэне. Апошнюю ролю ў сваім доўгім жыцці на сцэне сыграла народная артыстка СССР Стэфанія Станюта. Ёй спадабаўся сцэнарый маладога аўтара. Нягле­дзячы на амаль поўную страту зроку, Стэфанія Міхайлаўна змагла на­дзвычай праўдападобна ўвасобіць самаахвярны вобраз маці, ад якой спрабаваў адцурацца няўдзячны сын. Бліскуча сыграў роль бяздушнага, тупаватага прайдзісвета народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў.

Калісьці Марк Твэн заўважыў, што пісьменнікам можа стаць чалавек любой прафесіі, апрача журналіста. Выказванне артадаксальнае, але доля ісціны ў ім ёсць. Частыя камандзіроўкі, праца над рэдакцыйнымі матэрыяламі забіралі ў Сауліча шмат высілкаў і часу. А на два фронты не наваюеш. Трэба выбіраць штосьці адно. Уладзімір абраў журналістыку.

Адзін з першых нарысаў быў пра дынастыю Завадскіх з аграгарадка Азярцы, дзе пасля заканчэння ўніверсітэта Сауліч настаўнічаў у школе тры гады. Кіпела тут культурнае жыццё: мясцовыя артысты пад кіраўніцтвам Лідзіі Завадскай ставілі канцэрты, праводзілі конкурсы вышыванак. Яе муж Аляксандр — саўгасны механізатар. Трое іх дзяцей скончылі сярэднюю школу з медалямі. Як з такой сям’ёй не пазнаёміць чытача? І выкладчык беларускай мовы і літаратуры Уладзімір Сауліч пісаў і пра Завадскіх, і пра лепшых спецыялістаў гаспадаркі.

Карэспандэнцыі, замалёўкі Уладзіміра ахвотна друкавалі на сваіх старонках раённая і абласная газеты, і неўзабаве Сауліча запрасілі ў раёнку, а там прапанавалі пасаду ўласнага карэспандэнта «Віцебскага рабочага». Звыш трыццаці (!) гадоў шчыраваў Уладзімір у абласной газеце. А ягоная жонка дала згоду на пасаду намесніка старшыні райвыканкама.

У часопісе «Беларуская думка», дзе я працаваў, пастаянна друкаваліся нарысы, праблемныя артыкулы Сауліча. Аўтар выдатна ведаў жыццё вёскі. Яго глыбокія па змесце вострасюжэтныя публікацыі, арыгінальныя нарысы выклікалі нязменную цікавасць чытачоў.

Варта заўважыць, што ў шараговага рэдактара часопіса ёсць магчымасць няспешна працаваць над будучай публікацыяй. Ён не абмежаваны, як карэспандэнт газеты, памерамі свайго твора, і нядзіўна, што на першым часе даводзілася ўносіць праўкі ў тыя ж нарысы Уладзіміра. Але такое здаралася ра­дзей і радзей. Больш як пяцьсот нарысаў і артыкулаў надрукаваў у «Беларускай думцы» Уладзімір Сауліч. Многія з іх прызнаваліся лепшымі матэрыяламі часопіса.

Можна доўга і падрабязна распавядаць пра публікацыі Сауліча. Заставалася здзіўляцца, як паспявае ён быць адным з лепшых карэспандэнтаў «Віцебскага рабочага» і пастаянна друкавацца ў рэспубліканскай прэсе.

Сауліч часта рашуча выступаў на баку справядлівасці. У «Віцебскім рабочым» надрукавалі артыкул Уладзіміра «Ціхі сабатаж у Глыбокім». Рэзананс неверагодны. Пасыпаліся лісты ў рэдакцыю. Людзі абураліся пазіцыяй дырэктара прадпрыемства, падтрымлівалі аўтара.

У адным з калгасаў нерэгулярна падвозілі дзяцей у школу, і яны хадзілі пяшком восем вёрст па лясных дарогах, нярэдка пад выццё ваўкоў. Пасля публікацыі Сауліча зніклі адгаворкі на сапсаваную тэхніку, адсутнасць гаручага.

Нарысы і замалёўкі з калгаса імя Суворава Пастаўскага раёна, якім кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы Валадзько, чыталіся на адным дыханні. Эксперыменты геніяльнага кіроўцы здзіўлялі. Нават лютай зімой калгасныя свінні жылі пад адкрытым небам. З дэльтаплана распыляліся мінеральныя тукі. Машына кіраўніка калгаса калясіла на біятопліве. Старшыня праўлення ласаваўся бульбай у мундзірах, босым хадзіў на працу ў любое надвор’е, пісаў кнігі. І амаль усе героі Сауліча — людзі неардынарныя, як былы ксёндз Булька, непрымірымы змагар з п’янствам, стараліся не для сябе, а для іншых, зрэшты, як і сам журналіст.

Ахвяруючы вольным часам, Уладзімір заўсёды рады прыезду сваіх калег з Мінска, іншых рэгіёнаў краіны, гатовы правесці іх па запаведных мясцінах не толькі Глыбоччыны, але і Браслаўшчыны, Шаркаўшчыны, Верхнядзвіншчыны, Полацка…

— Ты, Валодзя, мог быць не толькі пісьменнікам і журналістам, але і цудоўным краязнаўцам, экскурсаводам, — сказаў некалі Саулічу выдатны беларускі паэт Алесь Пісьмянкоў. — Нездарма Генадзь Пашкоў прысвяціў табе адзін з лепшых сваіх вершаў.

І хоць Сауліч на заслужаным адпачынку, але яго цікавыя публікацыі можна нярэдка сустрэць у «Сельской газете», дзе ён працуе па дамове і цяпер. Мы часта тэлефануем адзін аднаму. Уладзімір марыць напісаць кнігу пра сустрэчы з вядомымі ў краіне людзьмі, якія пакінулі незабыўны след у яго душы. Напісаць, як заўсёды, шчыра, нетаропка, з роздумам пра сённяшні і заўтрашні светлы дзень нашай Радзімы. А мне хочацца пажадаць майму добразычліваму і таленавітаму сябру і яго блізкім здароўя, каб раз і назаўсёды адступілі хваробы, а творчыя планы абавязкова здзейсніліся.
Асобны радок у біяграфіі Уладзіміра Сауліча — «Сельская газета»: уласным карэспандэнтам па Віцебскай вобласці тагачаснай «Белорусской нивы» ён быў залічаны ў снежні 2012 года. У 2013-м Уладзімір Сауліч уганараваны высокім званнем «Чалавек года Віцебшчыны». Плённая і шматгадовая праца нашага калегі адзначана мноствам падзячных грамат. У тым ліку Граматай Вярхоўнага Савета БССР і Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

АД «СГ»

Калектыў рэдакцыі віншуе шаноўнага калегу Уладзіміра Уладзіміравіча Сауліча з заўтрашнім юбілеем, дзякуе за плённую сумесную працу ў рэспубліканскай газеце, жадае здароўя, натхнення, новых сустрэч з землякамі і новых творчых перамог!

Васіль ШЫРКО.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter