Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы Тальяці прадстаўляюць на канцэртных пляцоўках горада багатую культурную спадчыну пад брэндам “З любоўю з Беларусі”

Натхненне для “Купалінкі”

Рэдакцыйная перапіска з беларусамі замежжа — справа паўсядзённая. Хоць і клопатная, але ж дазваляе нам быць у курсе навін беларускіх суполак. Радуе нас, калі ў дзейнасці, творчых праектах супляменнікаў з’яўляюцца новыя хады, задумы. Вось і нядаўна вядомая нашым чытачам кіраўніца суполкі “Нёман” з Тальяці Людміла Дзёміна спачатку напісала ў рэдакцыю пра свае планы: “даць вялікі канцэрт” у знакавы для расіян дзень 18 сакавіка. Задума сама па сабе добрая, але — як яе ўвасобіць?


Людміла Іванаўна, маючы станоўчы аўтарытэт у Аўтаградзе, знайшла магчымасці, каб зрабіць прыгожыя каляровыя аб’явы пра канцэрт: яны запрашалі на імпрэзу жыхароў мікрараёна. Потым афішы, запрашэнні пайшлі “збіраць гледачоў” праз саветы ветэранаў, тэрытарыяльныя грамадскія самакіраванні — у горадзе іх называюць па-руску: ТОС. У запрашэннях быў тэкст: “ Мясцовая грамадская арганізацыя “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” гарадской акругі Тальяці” запрашае пенсіянераў, ветэранаў працы, грамадзян пажылога ўзросту на канцэртную праграму “З любоўю з Беларусі”. Вас парадуюць сваімі песнямі, танцамі, музыкай народны ансамбль беларускай песні “Купалiнка”, дзіцячы ансамбль “Зорачкi”, а таксама ўзорны харэаграфічны ансамбль “Лицей”, народны калектыў Балет эстраднага сучаснага танца “Креатив” , навучэнцы дзіцячай музычнай школы імя Р. Шчадрына. Прыходзьце 18 сакавіка 2018 года ў актавую залу гімназіі №48 — па вул. Дзяржынскага, 51. Пачатак канцэрта ў 14.00”. 

Звяртаем увагу: на аб’явах, запрашэннях пададзены прыгожы, запамінальны фотаздымак Мірскага замка. Падумалася: а Дзёміна ж са сваімі выхаванцамі летась там была! Заязджалі пасля Бабруйска, дзе ўдзельнічалі ў Міжнародным фестывалі “Вянок дружбы”, у Мінск, выязджалі потым у Мір, Нясвіж. І трагедыя Хатыні, дарэчы, для юных тальяцінцаў з гурта “Купалінка” — блізкая: бо на свяшчэннай зямлі хатынскай яны таксама пабывалі. 

фота Сяргея Шылкіна

Як прайшоў двухгадзінны канцэрт? “Гледачоў была поўная актавая зала школы! — напісала нам Людміла Дзёміна. — Многія потым яшчэ падыходзілі, а тыя, хто глядзеў канцэрт ад самага пачатку, саступалі месцы пажылым людям. Усяго прайшло, мяркую, больш за 250 чалавек. Гэта былі ў асноўным пажылыя людзі, ветэраны працы. Адметнасцю ж нашага выступлення было тое, што ўпершыню на сцэне выступіла маленькая ўдзельніца дзіцячага ансамбля “Зорачкi” Арына Казначэева: з песняй “Беларусачка”. Яна ў гурце новенькая, першы год, вучыцца ў Ліцэі мастацтваў. У яе добры галасок. І гэта вельмі старанная дзяўчынка. Былі ўсе песні на нашым канцэрце — на беларускай мове, толькі Алена Марозава па-руску праспявала сваю любімую “Лети, перышко!” І яшчэ ў нас была флейта! Як вядома, у многіх у падсвядомасці Беларусь музычная асацыюецца ці то з цымбаламі, ці то з духавымі інструментамі, накшталт жалейкі. А флейта — таксама, падаецца мне, вельмі беларускі інструмент. На ёй грала Васіліса Папова, яна ўдзельніца нашага гурта “Купалiнка”. Спачатку Васіліса была два гады ў “Зорачках”, але ж падрасла! Яна — вучаніца Дзіцячай музычнай школы імя Р. Шчадрына”.

У якасці фатографа папрацаваў на канцэрце Сяргей Шылкін, актывіст беларускай суполкі. Што да прыгожых афіш і запрашальнікаў, то, напісала Людміла Дзёміна, іх эскізы беларусам Тальяці дапамагае распрацоўваць загадчыца бібліятэкі “Истоки” Вольга Аляксандраўна Горшанева. Дзякуй усім, хто сваё сяброўства, прыязнасць сваю да беларусаў — добрымі справамі падмацоўвае.

Іван Ждановіч

Голас Радзімы № 12 (3564), чацвер, 29 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter