Нататкі неабыякавага падарожніка

Як добра, што ў наш час пачалі адраджаць гістарычныя сядзібы Беларусі! Гэта ўдвая істотней таму, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, і ад таго, якімі будуць бачыць нашу Бацькаўшчыну, гэтыя сядзібы замежныя турысты, залежыць у многім і іх ацэнка нашай краіны

“У ХІХ стагоддзі было намнога лепш”

Як добра, што ў наш час пачалі адраджаць гістарычныя сядзібы Беларусі! Гэта ўдвая істотней таму, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, і ад таго, якімі будуць бачыць нашу Бацькаўшчыну, гэтыя сядзібы замежныя турысты, залежыць у многім і іх ацэнка нашай краіны

У XIХ стагоддзі, напрыклад, было не так, як у XXI-м, а намнога лепш. Вакол — вішнёвыя сады. Былі ў нашых продкаў і вялікія стайні, карэтныя. Актыўна будаваліся сыраварні, вяндлярні, ткальні. А авечкі, па сутнасці, выконвалі ролю сучасных газонакасілак. Сядзібы ў народзе яшчэ называлі сялібамі. Гэта быў цэлы комплекс жылых, гаспадарчых, вытворчых і іншых пабудоў. Мы чамусьці забываем, што ў склад той жа сялянскай сядзібы абавязкова ўваходзілі клець, павець, варыўня, адрына, хлеў, абора, гумно і інш., а ў гаспадарскі дом — сядзібны дом, флігелі, кухні, пякарні, лямусы, свіраны, склеп, скарбніцы. Былі ў нашых шаноўных продкаў млыны, бровары і сырніцы. Млынава-броварны комплекс уключаў валюшню, тартак, саладзільню. Сучасныя жыхары Беларусі нават сэнсу гэтых слоў не ведаюць, не гаворачы ўжо пра тое, каб уявіць, як выглядалі сядзібныя пабудовы.

Сучасныя рыцарскія турніры ды музычныя фестывалі два разы на год — гэта кропля ў моры. Сядзібы, лічу, павінны жыць самастойным духоўным жыццём з багата насычаным зместам. На базе гістарычных сядзібаў трэба больш актыўна праводзіць культурныя мерапрыемствы.

Архітэктурна-паркавыя комплексы, дарэчы, можна актыўна выкарыстоўваць у адукацыйных і выхаваўчых мэтах, для эканамічнага і сацыяльнага развіцця рэгіёнаў. Развіццё культурнага турызму на базе гістарычных сядзібаў мае наогул неабсяжныя перспектывы.

Але ёсць адна акалічнасць: у замежнага турыста высокія патрабаванні да якасці паслуг. А да знакамітага, напрыклад, музея-сядзібы “Здраўнёва” — асабняка Ільі Яфімавіча Рэпіна — нават не ходзіць аўтобус. У выніку аматары творчасці мастака павінны дабірацца да сядзібы некалькі кіламетраў пехатой. А ў "Здраўнёва" ж прыязджаюць і пажылыя людзі...

Канстанцін КАРНЯЛЮК
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter