Пять каналов только за этот год: как брестские оперативники перекрывают пути поставки наркотиков из-за рубежа

Наступіць на горла трафіку

У краіне зніжаецца колькасць нарказлачынстваў. За пяць гадоў іх стала менш у паўтара раза, а з удзелам непаўналетніх — прыкладна ў пяць. Нягледзячы на станоўчую тэндэнцыю, спецыялісты кажуць, што самазаспакойвацца рана. Толькі ў гэтым годзе і толькі ў Брэсцкай вобласці перакрыта пяць каналаў пастаўкі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў з-за мяжы. Распачата 37 крымінальных спраў...

Калаж Алены ШПІГАНОВІЧ

Не вязі — не судзімы будзеш

— Свой адбітак на нашу працу накладвае тое, што Беларусь — краіна транзітная. Менавіта выяўленне наркадылераў, перакрыццё каналаў пастаўкі — наша асноўная задача. 80 працэнтаў «зелля», якое канфіскуецца, — марыхуана і гашыш. Сярод псіхатропных рэчываў найбольш распаўсюджаныя пара-метылэфедрон і альфа-PVP, — расказвае начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Брэсцкага аблвыканкама Андрэй Табуркін.

Вось толькі некалькі гучных спраў: у сакавіку гэтага года ў пункце пропуску «Пясчатка» быў затрыманы жыхар Масквы, які ў спецыяльна абсталяваных тайніках свайго Range Rover спрабаваў перавезці праз мяжу 10 кілаграмаў марыхуаны і столькі ж гашышу.

Самую буйную за апошнія 25 гадоў партыю псіхатропаў канфіскавалі ў пункце пропуску «Дамачава». У «Крайслеры» 38-гадовай расіянкі супрацоўнікі мытні выявілі больш за 100 кілаграмаў экстазі, а таксама тры брыкеты гашышу вагой 550 грамаў. Прысуд — 17 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

У маі мінулага года ў пункце мытнага афармлення «Варшаўскі мост» была затрымана вядомая расійская Instagram-мадэль — 27-гадовая Марыя Хрэсціна. У яе аўтамабілі знайшлі 26 грамаў марыхуаны. Суд прызнаў расіянку вінаватай у незаконным захоўванні і перавозцы наркатычных сродкаў, а таксама правозе іх праз мытную мяжу. Прысуд — тры гады калоніі. На такі ж тэрмін за краты адправіўся Аляксандр Шарыга — сын расійскага алігарха Канстанціна Шарыгі. Яго затрымалі ў пункце мытнага афармлення «Варшаўскі мост» 29 снежня мінулага года. У «Мерседэсе» расіяніна мытнікі знайшлі гашышны алей і марыхуану.

«Трава» ля дома

Калі гашыш і сінтэтычныя наркотыкі маюць замежнае паходжанне, то марыхуану, як правіла, вырошчваюць нашы «ўмельцы». У 2019 годзе ў Брэсце супрацоўнікамі міліцыі выяўлена некалькі памяшканняў, спецыяльна прыстасаваных для вырошчвання раслін, якія змяшчаюць наркотыкі. 48-гадовы брастаўчанін пасадзіў 236 парасткаў канапель на ўчастку каля бацькоўскага дома. 27-гадовы слесар аднаго з прадпрыемстваў абласнога цэнтра прыстасаваў для вырошчвання канапель гараж. Па фактах незаконнай сяўбы або вырошчвання раслін, якія змяшчаюць наркотыкі, распачата 8 крымінальных спраў. Усяго ж у гэтым годзе органамі ўнутраных спраў Брэстчыны канфіскавана 49 кілаграмаў наркотыкаў, знішчана звыш 20 тон раслін, якія змяшчаюць наркотыкі.
У рэгіёне за 2019 год зафіксавана больш за 400 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў.
— У рэгіёне за 2019 год зафіксавана больш за 400 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, — адзначае Андрэй Табуркін. — Больш за 70 працэнтаў нарказлачынцаў — беспрацоўныя. Кожны чацвёрты раней меў судзімасць. Часцяком такія злачынствы здзяйсняюцца ў стане наркатычнага або алкагольнага ап'янення.

У асноўным наркотыкі і псіхатропы прадаюцца праз інтэрнэт. Разлік — праз ананімныя плацежныя сістэмы. Распаўсюджванне — пры дапамозе закладак. Двух закладчыкаў затрымалі ў Баранавічах. Абодва — навучэнцы мінскага каледжа. Скруткі з наркатычным рэчывам яны схавалі ў лесапаласе, недалёка ад вадасховішча. У маі закладчыка затрымалі на вакзале Брэст-Цэнтральны. Пры сабе ў хлопца аказалася 100 грамаў асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва альфа-PVP. Яшчэ 50 грамаў «альфы» і 156 грамаў гашышу супрацоўнікі міліцыі выявілі ў тайніках, якія закладчык зрабіў у Брэсце і Баранавічах.

— Нам удалося збіць хвалю нарказлачынстваў, якую мы назіралі ў 2012—2014 гадах, — кажа Андрэй Табуркін. — У першую чаргу рост адбываўся з-за распаўсюджвання так званых міксаў і спайсаў. Абстаноўку ўдалося стабілізаваць пасля прыняцця Дэкрэта Прэзідэнта № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў». Механізм устанаўлення кантролю над наркотыкамі, якія з'яўляюцца зноў, быў спрошчаны. Апрача таго, з'явіліся тэрміны «аналагі» і «базавая структура». Максімальна магчымая колькасць спайсаў — курыльных сумесей, якія змяшчаюць у сваім складзе сінтэтычныя канабіноіды, спыніла сваё легальнае існаванне. Сёння ў Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю ў Рэспубліцы Беларусь, уключана 686 рэчываў.

Муляжы сэрца, мозгу, печані, лёгкіх, пашкоджаных наркотыкамі. Выглядае ўсё рэалістычна да агіды. Нядзіўна, што некаторыя падлеткі доўга не вытрымліваюць — выходзяць.
Фота аўтара

Замест нудных лекцый

Андрэй Табуркін перакананы: у справе барацьбы з распаўсюджваннем наркатычнай заразы галоўную ролю адыгрывае прафілактыка. Не нудныя лекцыі на зададзеную тэму, а сучасныя і дзейсныя метады. З лютага мінулага года ў Брэсце працуе цэнтр нагляднай прафілактыкі наркаманіі. Яго стварэнне — ініцыятыва УУС Брэсцкага аблвыканкама. Праект падтрымалі абласны Цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Брэсцкі аблвыканкам, прадпрыемства «Санта Брэмар».

Сума інвестыцый — амаль 280 000 рублёў. Гэта той выпадак, калі мэта поўнасцю апраўдвае сродкі. Першы намеснік начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама Ігар Жыгалаў звяртае ўвагу:

— Калі гаворка ідзе аб прафілактыцы наркаманіі, вельмі важна размаўляць з моладдзю на адной мове. Важна быць цікавым. Старыя метады ўжо не дзейнічаюць. Нудныя лекцыі, сухія лічбы не даюць належнага эфекту. Даведаліся, што ў Кітаі існуюць цэнтры нагляднай прафілактыкі наркаманіі. Вывучылі напрацоўкі ўсходніх калег і паспрабавалі адаптаваць іх да нашых умоў.

Цэнтр прафілактыкі знаходзіцца на плошчы Свабоды. Тут з моладдзю займаюцца псіхолагі, нарколагі, супрацоўнікі міліцыі.

— Ніякіх паперак, падрыхтаваных лекцый, казённай мовы. Толькі жывы дыялог з аўдыторыяй. І школьнікі ахвотна ў яго ўключаюцца. Ім цікава, — расказвае Ігар Жыгалаў.

«Галоўнае, каб моладзь задумалася...»

Кожны дзень у цэнтры прымаюць тры-чатыры групы. Кульмінацыя заняткаў — наведванне пакоя нагляднай агітацыі, дзе ва ўсёй паўнаце разумееш сэнс выразу «Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць». На сценах — фотаздымкі з прытонаў. Партрэты наркаманаў са стажам. Візуальная канстатацыя забойнай сілы наркотыкаў: жудасныя болькі, зубы, якія выпалі, загубленыя жыцці. Асобна выстаўлены здымкі здаровых органаў. Побач — муляжы сэрца, мозгу, печані, лёгкіх, пашкоджаных наркотыкамі. Выглядае ўсё рэалістычна да агіды. Нядзіўна, што некаторыя падлеткі доўга не вытрымліваюць — выходзяць.

— Муляжы для нас вырабілі дэкаратары з Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Мы не ставілі перад сабой мэту кагосьці напалохаць, — адзначае загадчык аддзела грамадскага здароўя Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алена Цішчанка. — Хочам, каб моладзь задумалася, ацаніла наступствы і запомніла, што наркотыкі — гэта добраахвотнае разбурэнне ўласнага жыцця і ў канчатковым выніку смерць. Мы тлумачым, што ўсё гэта адбываецца не дзесьці ў космасе, а тут, побач з намі. Але прысутнічаць у кабінеце, глядзець на экспанаты нікога не прымушаем. Калі падлетак не хоча, не гатовы — гэта яго права.

Замацоўвае эфект спецыяльная камп’ютарная праграма, распрацаваная студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Працуе яна так: любы жадаючы загружае ўласную фатаграфію. На працягу некалькіх секунд над здымкам «чаруе» нейрасетка і выдае вынік: той жа твар, але пасля шматгадовага ўжывання наркотыкаў. Нешта накшталт FaceApp, толькі вось паўтараць эксперымент не хочацца. Часцяком чалавека нават складана пазнаць.

Андрэй Табуркін заўважыў, што найбольшае ўражанне на хлопчыкаў і дзяўчынак аказваюць выпадкі са службовай практыкі:

— Адзін з красамоўных прыкладаў: нашы супрацоўнікі затрымалі 24-гадовага жыхара Гродна, які ў арандаваным аўтамабілі прывёз на Брэстчыну 158 доз асабліва небяспечнага псіхатропу. Прысуд суда: 14 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гэта значыць, на волю хлопец выйдзе, калі яму будзе амаль 40 гадоў. Такія гісторыі вельмі ўражваюць падлеткаў...

losich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter