Настрой на перамогу

Беларускія біятланісткі сустрануць Новы год далёка ад дома

Біятланісткі жаночай зборнай Беларусі будуць сустракаць Новы год далёка ад дома

У пераднавагоднія дні вядучыя беларускія страляючыя лыж-ніцы праводзяць трэніровачны збор у аўстрыйскім Рамзау, паведамілі ў Беларускай федэрацыі біятлона.

Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Андрыяна Цыбульскага да чацвёртага этапу Кубка свету рыхтуюцца Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Людміла Калінчык, Надзея Пісарава, Настасся Дубарэзава і Ірына Крыўко. Яны будуць трэніравацца ў Рамзау да 1 студзеня 2013 года, а затым перабазіруюцца ў нямецкі Оберхоф, дзе 3 студзеня стартуе чарговы кубкавы этап.

Пасля трох этапаў Кубка свету сезона 2012/2013 лідар беларускай каманды Дар’я Домрачава займае 5-е месца ў агульным заліку, маючы ў сваім актыве 264 ачкі. У гэтым сезоне яна тройчы ўзнімалася на п’едэстал гонару — на першым этапе ў шведскім Эстэрсундзе была другой у індывідуальнай гонцы на 15 км і гонцы праследавання на 10 км, а затым у аўстрыйскім Хохфільцэне першынствавала ў спрынце на 7,5 км. Яшчэ адна беларуска Надзея Скардзіна на трэцім этапе Кубка свету ў славенскай Паклюцы заняла 3-е месца ў спрынтарскай гонцы. У агульным заліку яна займае 8-е месца (227 балаў). Заліковыя ачкі атрымалі яшчэ тры беларускія біятланісткі: Людміла Калінчык (28) знаходзіцца на 44-м месцы, радком ніжэй размясцілася Настасся Дубарэзава (28), а Надзея Пісарава (27) займае 46-ю пазіцыю.

Лідзіруе ў агульным заліку нарвежка Тура Бергер (388), другой ідзе чэшская спартсменка Габрыэла Сукалава (305), а замыкае тройку фаварытаў немка Мірыям Гёснер (286).

Мужчынская зборная Беларусі да 30 снежня рыхтуецца да маючага адбыцца кубкавага этапу ў родных Раўбічах. У першы дзень 2013 года Яўген Абраменка, Сяргей Новікаў, Уладзімір Алянішка, Аляксандр Бабчын і Уладзімір Чапелін пад кіраўніцтвам французскага спецыяліста Рафаэля Пуарэ накіруюцца ў Оберхоф.

Пакуль беларускія біятланісты выступаюць невыразна — лепшы з іх Яўген Абраменка на трох папярэдніх этапах набраў усяго 3 ачкі і займае 68-е месца, а Сяргей Новікаў мае 1 заліковы бал, знаходзячыся на 71-м месцы ў агульным заліку Кубка свету. Лідзіруе тут французскі біятланіст Мартэн Фуркад (392), другая пазіцыя ў нарвежца Эміла-Хегле Свендсена (307), а на трэцім месцы нямецкі спартсмен Андрэас Бірнбахер (293).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter