Настрадамусы з пер’ем і кіпцюрамі

А каму б яшчэ вы даверылі прадказваць вынікі матчаў ЧМ-2014?

Днямі стала вядома імя галоўнага беларускага прадказальніка на чэмпіянаце свету па хакеі-2014. Гэта краб Пятровіч. Зараз ён жыве ў мінскім Цэнтры акіяна-графіі. Яго гаспадары ўпэўнены: інтуіцыя ў членістаногага не горшая, чым у сусветна вядомага васьмінога Пауля. Тым не менш мы вырашылі спытаць у нашых чытачоў: «А каму б яшчэ вы даверылі прадказваць вынікі матчаў ЧМ-2014?»

Алег ЖДАНКІН, дырэктар Гродзенскага заапарка:

— Буслу, бо менавіта гэтая птушка асацыіруецца з нашай краінай. Перад ім можна было б выкладваць рыбіны з назвамі зборных. Якую з’есць — тая каманда і праіграла. Хаця, прызнаюся, я не вельмі веру ў гэткіх прадказальнікаў. Аднак у нашым заапарку жыве мядзведзь, які лічыцца прадказальнікам надвор’я. Вясной мы выкладваем перад ім два кубікі з надпісамі «Цёпла» і «Холадна». Які з іх ён выбера — гэтак на вуліцы і будзе. На жаль, памыляецца наш выхаванец даволі часта.

Цім КАРАМЫСЛАЎ, вядучы і рэжысёр радыё АНТ:

— Безумоўна ж, катам! У мяне дома жывуць два такіх прыгажуны. З маіх назіранняў скажу: інтуіцыя іх ніколі не падводзіла. Напрыклад, калі да нас павінен нехта прыйсці, яны сядзяць ля дзвярэй. А яшчэ выхаванцы прадказваюць дождж. Не можаш адагнаць іх ад міскі з вадой — значыць, трэба браць з сабой парасон.

Тамара БОЛТУНЬ, начальнік аддзела маніторынгу і метадаў кантролю РІКВ:

— Нікому. Кожная каманда павінна разлічваць на свае сілы і майстэрства. Думаю, нават у гісторыі васьмінога Пауля больш выпадковых момантаў, чым нейкіх надзвычайных здольнасцей. Але людзям трэба пастаянна ў нешта верыць, вось яны і назначаюць сабе прадказальнікаў.

Уладзімір АХРАМЧУК, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Крупскага райвыканкама:

— Вавёрцы. Думаю, гэта блізкая нам жывёліна. Да таго ж у яе выдатная інтуіцыя. Калі гэтыя грызуны адчуваюць, што чалавек прыйшоў да іх не з пустымі рукамі, яны ад яго не адыдуць. Я сам з Гомеля і раней, прагульваючыся па гарадскім парку, заўсёды заўважаў: толькі прыхаплю з сабой крыху арэхаў — абавязкова сустрэну вавёрку.

Вольга КУЧАР, памочнік кіраўніка прадстаўніцтва Ніжагародскай вобласці ў Беларусі:

— Папугаю жако. Я даволі часта гляджу канал «Animal Planet», дзе ў адной з нядаўніх праграм распавядалася пра тое, наколькі кемлівыя гэтыя птушкі. Думаю, яны б з лёгкасцю правільна выбіралі паперкі з назвай каманд-пераможцаў. А яшчэ добра развіта інтуіцыя ў свінні. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter