«Настоящая бомба». Рассказываем о мастере, который возрождает радзивилловский хрусталь

Васіль Рубцоў ужо некалькі дзесяцігоддзяў гравіруе посуд са шкла і крышталю. Некалькі гадоў таму ён узнавіў узор на кілішках па старажытных арыгіналах Радзівілаў – а цяпер збіраецца адрадзіць увесь набор посуду вядомага роду. Нават калі кошт ажыццяўлення мары будзе непамерным.


Ракаў наш герой абраў нездарма: у XVII стагоддзі нездалёк ад гэтага аграгарадка, у Налібоках, знаходзілася вядомая ўсёй Еўропе мануфактура Радзівілаў, дзе выраблялі посуд з мясцовым каларытам. Другі шклозавод, заснаваны жонкай канцлера ВКЛ Ганнай Радзівіл, знаходзіўся на поўдні, ва Урэччы. Абедзвюх мануфактур пазней не стала, і традыцыі зніклі. Надоўга, але – верым мы разам з Васілём Рубцовым – не назаўжды.



– Ідэя займацца шклом менавіта тут не магла не з’явіцца, – смяецца майстар. – Сышлося ўсё: і радзівілаўскія намаганні па развіццю шклянага бізнесу, і гісторыя маёй сям’і – бацька амаль што ўсю вайну правёў у Налібоцкай пушчы. Месца прыцягнуло само.



Некалькі гадоў таму Васіль пашырыў каталог невялічкай майстэрні незвычайным наборам – графін і кілішкі як у Радзівілаў адразу сталі сэнсацыяй. Але выпадак адзінкавы: посуд быў зроблены па драўляных формах, якія можна набыць больш-менш танна. Такія формы вытрымліваюць чатыры-шесць выдзіманняў кожная, а потым згараюць, таму для стабільнай вытворчасці патрэбны больш даўгавечныя – з металу. Зараз майстар разумее: пры жаданні ўзнавіць радзівілаўскую спадчыну можна. І марыць аднавіць увесь посуд, які стваралі на налібоцкай мануфактуры. 



– Калі атрымаецца здзейсніць тое, што задумана, можна будаваць нават больш грандыёзныя планы. Напрыклад, зрабіць аснову па старажытных формах, а паверх нанесці шліф сённяшні, хайтэкаўскі – піксельныя гербы ці нешта падобнае да іх. Мурашы па скуры бягуць, калі ўяўляеш такое! Гэта была б сапраўдная бомба – развіццё традыцыі ў сучасным жыцці.



Сакрэты вытворчасці Васіль не раскрые: такім гравіраваннем у Беларусі займаюцца толькі супрацоўнікі яго майстэрні. Справа складаная: на крыштальнай аснове выводзяць шматлікія рысачкі і кропкі, якія складаюцца ў старажытны малюнак. Кожную неабходна паўтарыць некалькі разоў з дакладнасцю да міліметра. У залежнасці ад моцы, з якой націскаеш на матэрыял, і памеру прылады лініі будуць маць свае адметнасці.



– Радзівілаўскі крышталь прыцягвае тым, што ў ім заходняе майстэрства, якое Ганна Радзівіл прывезла з Германіі, спалучаецца з нашымі тэмамі, – тлумачыць Васіль, дэманструючы апошні кілішак з невялікай калекцыі. – Вось беларускія журавіны, лісце, сонейка, гербы… Гэтыя малюнкі адлюстроўваюць наша асяроддзе. Па іх Налібоцкую гуту пазнавалі ва ўсім свеце.


Прырода – гэта не адзіная тэма, якая з’яўлялася на радзівілаўскім посудзе. Мастакі з абедзвюх мануфактур малявалі на ім сцэны з жыцця мясцовай шляхты, упрыгожвалі куфлі ды графіны арнаментам і надпісамі з парадамі альбо павучаннямі. 



Васіль упэўнены: узнавіць усё, што калісьці нарадзілася ў сценах налібоцкай мануфактуры, не так і складана. Але перш за ўсё трэба набыць формы, па якіх будзе выдзьмухвацца посуд. Магчымасць ёсць: у Польшчы захаваліся арыгіналы, з якіх можна зняць памеры, а ў Германіі зробяць якасную металічную форму. Справа толькі ў суме, якая патрабуецца для вялікіх распачынанняў – грошай у майстра пакуль што няма. Але здавацца ён не плануе: працуе паціху і адкладвае. 



– У апошнія гады людзі ўсё больш цягнуцца да сваіх каранёў і цікавяцца беларускімі традыцыямі. На гэтай хвале краўдфандынгавы фонд для адраджэння радзівілаўскага шкла мог бы мець поспех. Чаму б не стварыць такі?

– А навошта прасіць? Я хутчэй веру ў тое, што ўсё адбудзецца само. Таму хадзіць і размаўляць няма сэнсу – трэба рабіць і зарабляць. Тады ўсё атрымаецца.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter