Сурага: для нашей семьи 17 сентября особенный день – в 1939-м Красная армия освободила отца из польской тюрьмы

Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Тамара Сурага: «17 верасня 1939-га бацьку вызвалілі з польскай турмы»

Матэматыку выкладала яе маці Лідзія Сямёнаўна. Не выпадкова, што і дачка з дзяцінства марыла стаць педагогам. Калі з залатым медалём скончыла сярэднюю школу, цяжка захварэла матуля. Заклапочаная гэтым, вырашыла стаць урачом і падала дакументы ў Гродзенскі медінстытут. Неабходна было вытрымаць на выдатна экзамен па фізіцы. Адказала на пытанні білета і рашыла задачу, але экзаменатар адзначыў, што можна было выкарыстаць іншы метад для атрымання правільнага адказу, і паставіў чацвёрку. Не стала далей здаваць іспыты. Сэрцам адчула: медыцына не яе прызванне. Вярнулася дамоў і стала працаваць вагаўшчыком у калгасе.

На наступны год была залічана на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. У студэнцтве паспяхова спалучала заняткі з актыўнай грамадскай дзейнасцю. З адзнакаю скончыла вучобу і мела прапанову паступаць у аспірантуру. Душа балела за маці, таму ўладкавалася ў родную школу. І вось ужо больш за трыццаць гадоў Тамара Мікалаеўна настаўнічае. Сёлета Валеўская сярэдняя школа святкуе 155-гадовы юбілей. Выхаванцы яе працуюць хлебаробамі і жывёлаводамі, спецыялістамі ў розных галінах народнай гаспадаркі, урачамі, педагогамі.

Педагагічная і патрыятычна-выхаваўчая дзейнасць настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Валеўскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Тамары СУРАГА адзначана медалём Францыска Скарыны, ганаровым званнем «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», ганаровымі граматамі Мінадукацыі, Мінабароны, падзякай Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, дыпломамі абласнога ўпраўлення адукацыі. У 2015 годзе прызнана «Настаўнікам года Навагрудчыны», выбіралася дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. За прапаганду праваслаўнай маралі і культуры ўзнагароджана царкоўнымі медалямі князя Уладзіміра, Серафіма Жыровіцкага і Елісея Лаўрышаўскага.


Паабапал ажыўленай аўтадарогі, што злучае старажытны Навагрудак з Баранавічамі, раскінуліся падворкі аграгарадка Валеўка. Да ўз'яднання з БССР у верасні 1939 года гэта было мястэчка Навагрудскага павета. Сялянскія дзеці вучыліся ў пачатковай школе (дзейнічала з 1869-га). Пасля ўсталявання савецкай улады паселішча ўжо цэнтр Валеўскага раёна. У канцы 1940 года тэрыторыя ўвайшла ў склад Карэліцкага раёна, а мястэчка стала цэнтрам сельсавета. У пасляваенны час адкрылася сярэдняя школа. Першыя выпускнікі скончылі яе ў 1953-м. Не адно пакаленне землякоў геніяльнага паэта Адама Міцкевіча атрымлівала тут пуцёўкі ў жыццё. На пачатку 1970-х пры дапамозе супрацоўнікаў Батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі закладзены парк-дэндрарый. Высока ў неба ўзнялі густыя кроны коркавыя дрэвы, бархат амурскі, канадскія клёны і іншыя экзатычныя пароды. На адкрытым узгорку — зялёная аптэка, дзе вырошчваюцца самыя розныя лекавыя расліны. Дзейнічае ў Валеўцы адно са старэйшых у Беларусі школьных лясніцтваў. Юныя лесаводы сябруюць з калектывам Свіцязянскага лясніцтва. Члены гуртка маюць спецыяльную форму адзення. Ладзяць доследы, пішуць рэфераты пра раслінны свет наваколля. Прысвячаюць іх і славутаму во­зеру Свіцязь. У час Першай сусветнай, калі Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага войскамі была ў Баранавічах, любавацца возерам наведваўся цар Мікалай II. Багата мясцовасць на розныя гістарычныя падзеі.

Пра гэта сведчаць унікальныя дакументы, арыгінальныя экспанаты народнага краязнаўчага музея, які заснаваны настаўнікамі і вучнямі ў 1955 годзе. Зараз ён на першым паверсе школьнага двухпавярховага мура. Побач з ім трохпавярховы будынак СШ, узведзены ў канцы мінулага стагоддзя.

— Школа разлічана на значна большую колькасць дзяцей, чым зараз ёсць, — распавядае Тамара Мікалаеўна Сурага. — Сёлета атэстаты сталасці атрымалі шэсць навучэнцаў, а ў першы клас прыйшло восем хлопчыкаў і дзяўчынак. Педагагічны калектыў узначаліў выпускнік Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка Андрэй Віктаравіч Падліпскі. Зараз крыху больш за сотню выхаванцаў, а ў гады маёй вучобы было па тры паралельныя класы…

З Тамарай Мікалаеўнай завіталі ў адзінаццаты клас. Прасторны светлы пакой, за кожнай партай па адным вучні. Для выпускніцы Людмілы Барысавай гэты свіцязянскі край стаў другой радзімай. Шматдзетная сям'я пераехала ў Валеўку з далёкага Казахстана. Бацька працуе механізатарам у гаспадарцы, маці выхоўвае траіх прыёмных і чацвёра сваіх дзяцей. Людміла марыць стаць медыкам. Маці Улляны Міхальчанкі пераехала на Навагрудчыну з Масквы. Бацька — будаўнік. Сваякі з Расіі кожнае лета прыязджаюць адпачываць на Свіцязь. Прыгажосцю кранае гэты куток. Тутэйшыя ганарацца, што госці параўноўваюць парослае лясамі Навагрудскае ўзвышша са швейцарскімі пейзажамі. Не выпадкова мясцовая моладзь пасля атрымання адукацыі вяртаецца працаваць у родныя мясціны. Аднакласнік Улляны Сяргей Людкевіч яшчэ не вызначыўся з выбарам прафесіі, але плануе звязаць свой лёс з працай на зямлі, як і старэйшы брат Павел. Той да арміі быў аграномам ў гаспадарцы. Вернецца са службы — будуць ра­зам працягваць справу бацькоў.

— Сто дарог адкрыта перад маладымі, — разважае Тамара Мікалаеўна. — Галоўнае — не памыліцца ў выбары. Мне пашчасціла: за трыццаць тры гады настаўніцтва ні разу не пашкадавала, што працую з дзецьмі. Калі была маладым спецыялістам, разважала, што ўрокі гісторыі павінны стаць урокамі жыцця. Праз дзесяцігоддзі прыйшла да высновы: трывалы сродак патрыятычнага выхавання моладзі — прынцып, што жыццё кожнай сям'і — частка гісторыі краіны. Школьнік вывучае радавод і такім чынам знаёміцца з пэўнымі этапамі гісторыі сваёй дзяржавы. Перад ім раскрываецца гісторыя, дзеючыя асобы якой бацькі, дзяды і прадзеды. Так склалася ў маёй сям'і. Адзін з нашчадкаў удзельнічаў у Айчыннай вайне 1812 года. За мужнасць царскай уладай адзначаны крыжом. Гэту ўзнагароду мае продкі перадавалі з пакалення ў пакаленне. Беражліва захоўваў крыж дзядуля Сямён Аляксандравіч. Быў ён адмысловым пчаляром, садоўнічаў. Казаў, што пчаляры заўсёды ў гармоніі з прыродай, таму ў іх доўгі век. І сам ён пражыў амаль сто гадоў. Баявы крыж перадаў на захоўванне дачцэ — маёй маці. Прэзентавала яна сямейны рарытэт школьным краязнаўцам, зараз экспануецца ў нашым музеі. У 1968-м музей атрымаў званне народнага.

Экспазіцыю яго папоўнілі і найбольш важныя дакументы бацькі Мікалая Іванавіча Сурагі. Юнаком уступіў ён у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Актыўна змагаўся за аб'яднанне беларускага народа. За палітычную дзейнасць тры гады адсядзеў за кратамі ў Брэсцкай турме. Захаваўся дакумент, дзе па-польску занатавана рашэнне суда: зняволіць за актыўны ўдзел у рэвалюцыйным і падпольным руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Для нашай сям'і 17 верасня — асабліва памятная дата. Збіраліся сям'ёю за святочным сталом. У гэты дзень у 1939 годзе бацьку вызвалілі з турмы. Хутка быў прызваны ў Чырвоную армію.

Служыў у Закаўказзі. Узнагароджаны медалём «За абарону Каўказа». Пасля Перамогі працаваў брыгадзірам у азербайджанскім калгасе, там займеў сям'ю. Дачка нарадзілася. Так сталася, што захварэў цяжка малярыяй. Дактары параілі змяніць клімат. З маладой жонкай і дзіцем пераехалі ў Крым, але і там адчуваў сябе кепска. Вырашыў вярнуцца ў родныя мясціны. Нарадзіўся сын. Працаваў бацька брыгадзірам ў калгасе. Завочна скончыў агранамічнае аддзяленне Навагрудскага сельгастэхнікума. На генетычным узроўні яму перадаліся ад продкаў мудрасць і талент хлебароба. У 1953 годзе ўзначаліў гас­падарку. Ад хваробы памерла жонка. Цяжка было аднаму старшынстваваць і выхоўваць двух малых дзяцей. Спадабалася яму маладая настаўніца, што пасля заканчэння Гродзенскага педінстытута прыехала працаваць у Валеўку. Узялі шлюб. Як адзначала маці, маё нараджэнне змацавала сям'ю. Больш за два дзесяцігоддзі бацька кіраваў калгасам. За вытворчыя паказчыкі адзначаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Граматай Вярхоўнага Савета Беларусі, якая папоўніла экспазіцыю нашага школьнага музея.

З мноства такіх лёсаў складзена агульная гісторыя краіны. Хіба можна не вывучаць яе? Ці маем права дазволіць перапісаць яе, каб дагадзіць камусьці? Вельмі важна весці ўрокі гісторыі і грамадазнаўства так, каб вучні адчувалі непарыўную сувязь часоў і ўсведамлялі, што ўдзельнікамі агульных гістарычных падзей былі іх продкі. Гэта цудоўна, што Дзень народнага адзінства стаў у нашай краіне дзяржаўным святам. Падрастаючае пакаленне павінна разумець важнасць гэтай гістарычнай падзеі — яднання Заходняй Беларусі і БССР. Дзякуючы аднаўленню акта справядлівасці наш народ з'яднаўся.

— Ці знаёміце вучняў на ўроках гісторыі з выбітнымі землякамі?

— Выкладаю прадмет згодна са школьнай праграмай. Апошнім часам часцей імкнуся ладзіць інтэграваныя ўрокі, на якіх спалучаю розныя прадметы. Адзін з такіх прысвячаю дзейнасці вядомага з гісторыі гуртка філаматаў і філарэтаў. У Вільнюскім універсітэце сябрам Таварыства філаматаў быў наш слынны зямляк Адам Міцкевіч. Вучні з цікавасцю слухаюць пра яго жыццядзейнасць. Маці паэта Барбара Маеўская нарадзілася і вырасла ў суседнім з нашым аграгарадком маёнтку Чомбраў. Тут пазнаёмілася з маладым шляхціцам Мікалаем Міцкевічам. Іх сын Адам у сваіх літаратурных творах праславіў нашу мясцовасць, асабліва возера Свіцязь. Яго творы ўвайшлі ў сусветную літаратурную скарбніцу. У школьных праграмах па гісторыі пасля заканчэння пэўнага раз­дзела выдзяляюцца спецыяльныя ўрокі на тэму «Наш край». З вучнямі падмацоўваем агульнагістарычныя падзеі мясцовым краязнаўчым матэрыялам. З такіх урокаў мацнее любоў да Айчыны.

— А для вас з чаго пачынаецца Радзіма?

— З бацькоўскай хаты, у якой усё сэрцу дорага. Калі чалавек сталее, больш адчувае, што Радзіма — не толькі родны падворак ці сцяжынка ў лузе, а ўся краіна, дзяржава твая. Нарадзілася я ў СССР, і для мяне Айчына — гэта вялікая краіна. З ёю лічыўся ўвесь свет. Аснова ўзаемаадносін грунтавалася на чалавечнасці. Місія настаўнікаў — весці дзяржаўную палітыку. Наш абавязак — пераконваць выхаванцаў у тым, што ў свеце няма нічога звышдасканалага. Менавіта ад іх залежыць будучае краіны, ім эканамічна мацаваць яе, каб панавалі спакой і мір. Моладзь павінна ведаць і перадаваць нашчадкам гісторыю, цікавіцца мінулым, жыць сучасным, за якое не будзе сорамна ў будучым.

— Што самае складанае ў працы настаўніка гісторыі?

— Тое, што многія каштоўнасці, веды, якімі валодаю, транслірую адна. У маім дзяцінстве пазіцыю настаўніка раздзялялі бацькі, педагог быў аўтарытэтам. Калі гаварыла, што ў нечым вучань не правы, яго бацькі займалі маю пазіцыю. І прымалі меры, каб выправіць сітуацыю. А цяпер як у крылоўскай байцы пра лебедзя, шчупака і рака. Трыадзінства павінна быць у выхаванні моладзі: сям'я, школа і храм. Шмат увагі надаём профільным алімпіядам. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы маем магчымасць даць выхаванцам грунтоўную адукацыю. Задача школы — сфарміраваць светапогляд вучняў.

— Што больш помніцца з дзяцінства?

— Як папракала бацьку, што ён старшыня, а ў нашым доме нічога асаблівага няма. Ён ніколі не дазваляў сабе ўзяць чужое. На яго пахаванні мясцовая жанчына прыгадвала: калі вяскоўцы даведваліся, што старшыня збіраецца па справах у Гродна ці Мінск, то прыносілі мяхі бульбы, агародніну і іншыя прадукты, каб адвёз іх дзецям. Нікому бацька не адмаўляў.

Калі не стала маці, па маёй ініцыятыве вырашылі садзіць бульбу не ў полі, а на прысядзібным участку. Каб лепш радзіла, прапанавала бацьку выкапаць з карэннем старыя яблыні. Заўважыла, як па твары яго мільганула цень, але ідэю ён не адхіліў. Умеў валодаць сабой. Але калі трактар карчаваў дрэвы, тата з хаты не выйшаў. У вечнасці ўжо бацькі. Гадамі мяне мучыла, што так паступіла. Сёлета вясною купіла тры яблынькі і пасадзіла на тым месцы. На сэрцы стала лягчэй.

— Хто ваш надзейны дарадчык у жыцці?

— Для мяне не дарадчык, а сапраўдны жыццёвы компас настаяцельніца Полацкага Свята-Еўфрасіньеўскага жаночага манастыра ігумення Еўдакія. Люблю наведваць старажытны Полацк — калыску нашай дзяржаўнасці, дзе б'ецца духоўнае сэрца краіны. Медаль Францыска Скарыны, якім дзяржава адзначыла маю працу, прысвячаю самай галоўнай асобе ў маім жыцці — ігуменні Еўдакіі. Сэрцам адчуваю, што дзякуючы яе нястомным малітвам упэўнена крочу па жыцці. Удзячна сябрам, калегам за віншаванні. Першым быў званок ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Генрыхавіча Сангіна. Раней кіраваў адукацыяй Гродзеншчыны.

— Тамара Мікалаеўна, што для вас значыць слова «патрыятызм»?

— У першую чаргу дзейсная любоў да Радзімы. Калі гэта не проста прыгожыя словы, а дзеянні, накіраваныя дзеля таго, каб Айчына «займала пачэсны пасад між народамі». Трэба, каб кожны на сваім працоўным месцы і ў сям'і думаў пра тых, хто побач. Прыгадваюцца героі рамана любімага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць», якія не ведалі, што некалькі пакаленняў таму іх продкі кахалі адзін аднаго. Аўтар сцвярджае, што ў новае ўвойдуць добрыя. Каханне, любоў заўсёды патрэбны на зямлі. Такія творы аб'ядноўваюць і выхоўваюць. Матушка Еўдакія гаворыць, што ёсць людзі, якім Бог даў вочы крыху шырэйшыя і душы больш глыбокія.

— Чым новым напоўніў вашу педагагічную дзейнасць аб'яўлены на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

— Мір — самая вялікая каштоўнасць для чалавецтва. Гэта гармонія ў душы. Калі Хрыстос прыйшоў, то сказаў вучням: «Я прынёс вам мір».
Мір у першую чаргу — адсутнасць баявых дзеянняў. Ёсць такое меркаванне, што вайна магчыма тады, калі вырастае пакаленне, якое забыла вайну мінулую. Цудоўна, што ў нашым грамадстве надаецца вялікая ўвага выхаванню патрыятызму. 
Прыгадваюцца векапомныя словы ленінградскай паэтэсы Вольгі Бергольц: «Ніхто не забыты, нішто не забыта». У нашай шматпакутнай краіне крывавы след пакінула Вялікая Айчынная. Кожны раз, калі расказваю вучням пра знішчэнне фашысцкімі катамі дзяцей у лагерах смерці Ала і Чырвоны Бераг, што на Гомельшчыне, у самой на вачах слёзы. Там на плітах выбіты словы: «Мы жывыя — пакуль помнім. Мы жывём — пакуль памятаюць нас». Які глыбокі сэнс! Мы жывыя, пакуль у нас ёсць памяць і захоўваем усё, што звязана з вайной. Чалавек народжаны жыць у міры і ствараць. Наша агульная задача зрабіць краіну больш моцнай і квітнеючай, каб мір і стварэнне замацаваліся на вякі.

Мір — каштоўнасць, аснова ідэалогіі дзеля кансалідацыі грамадства. Тое, што адбываецца побач з нашай краінай, — страшэнная трагедыя. Ці можна было падумаць, што славянскія народы, якія выраслі ў адной калысцы, стануць ваяваць? Украіна, а не ўкраінскі народ ператварылася ў ваенную арэну высвятлення адносін.

— На зямлі зараз пануе восень. Ці згодны вы са словамі паэта, што гэта «унылая пора, очей очарованье»?

— Для мяне не восень — «очей очарованье», а жнівень, калі яшчэ цёпла, але гэта ўжо не спякота. Час сабраных з поля хлябоў, спелых яблыкаў, вінаграду. Чаруе апошні летні месяц квеценню вяргінь, астраў. У гэтых кветках адлюстроўваюцца стрыманая прыгажосць лета і лёгкае дыханне восені. І для чалавека восень жыцця — цудоўчы час. Гэта такі ўзрост, калі сустракаюцца «яшчэ» і «ўжо». У чалавеку сабраны жыццёвы запас, але толькі аднаму Богу вядома, колькі яшчэ адмерана. З кожным годам усё больш даражыш гэтым кавалкам жыцця і як ніколі радуешся сонцу. Не імчыш у мітуслівых клопатах, калі няма магчымасці паназіраць за заходам сонца, паслухаць нястомнае цурчанне крыніц. Жыццём заўжды варта даражыць.



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter