Настаўнік і яго вучні

Беларускія навукоўцы прызнаны лепшымі ў свеце спецыялістамі па цеплавых трубах. А без гэтых прылад не абыходзяцца ні халадзільнікі, ні касмічныя караблі. Нядаўна стала вядома, што прэстыжнай міжнароднай узнагародай — залатым медалём Гровера —ушанаваны беларускія вучоныя. Гэта галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута цепла- і масаабмену Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар Леанард Васільеў і яго вучань Донатас Мішкініс.
Прафесар Леанард Васільеў і яго вучань Донатас МішкінісБеларускія навукоўцы прызнаны лепшымі ў свеце спецыялістамі па цеплавых трубах. А без гэтых прылад не абыходзяцца ні халадзільнікі, ні касмічныя караблі.
Нядаўна стала вядома, што прэстыжнай міжнароднай узнагародай — залатым медалём Гровера —ушанаваны беларускія вучоныя. Гэта галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута цепла- і масаабмену Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар Леанард Васільеў і яго вучань Донатас Мішкініс. “Можаце так і напісаць, што гэта ўнікальная сітуацыя, такога прэцэдэнту ў свеце няма: двое навукоўцаў, адной школы, з адной лабараторыі атрымалі аднолькавыя медалі, — гаворыць заснавальнік навуковай школы ў галіне цеплавых труб у Беларусі, прэзідэнт Навуковай асацыяцыі краін СНД “Цеплавыя трубы” Леанард Васільеў. — На адной з Міжнародных канферэнцый па цеплавых трубах навукоўцы вырашылі адзначаць заслугі не толькі ўжо вядомых вучоных у нашай галіне даследаванняў, але і маладых. А Донатас нарадзіўся ў Беларусі, закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, некалькі гадоў працаваў у нашай лабараторыі. Затым па запрашэнні калег з іншых краін працаваў у лабараторыях ЗША і Канады. Мне прыемна, што лаўрэатам залатога медаля стаў і мой вучань”.
Медаль Гровера, нагадаем, уручаецца навукоўцам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё навукі пра так званыя двухфазныя прылады, што перадаюць цяпло (гэта і ёсць цеплавыя трубы) і тэхналогій іх вырабу. Медаль названы ў гонар фізіка Джорджа Гровера, які пачынаў даследаванні ў галіне цеплавых труб у 60-х гадах мінулага стагоддзя. Варта ўдакладніць, што беларускія навукоўцы ўпершыню былі ўшанаваны такімі высокімі ўзнагародамі.
Цеплавыя трубы — гэта не зусім тое, што мы штодзень бачым у сваіх ванных пакоях. Так называюць звышправаднікі цяпла, якія дазваляюць перадаваць яго без страт з аднога пункта прасторы ў іншы. Прычым дыяпазон іх прымянення велізарны: ад касмічных апаратаў да халадзільнікаў. “Цеплавая труба — не проста кавалак жалеза з адтулінай унутры, — удакладняе мой субяседнік. — Гэта дастаткова складаная канструкцыя, у сярэдзіне якой адбываюцца інтэнсіўныя працэсы цепла- і масаабмену. Яе можна назваць гэткім аналагам электрычнага звышправадніка. Толькі ў адрозненне ад энергіі электратоку мы з дапамогай цеплатруб перадаем цеплавую энергію. Прычым гэта можа быць і астуджэнне, і награванне ў вельмі вялікім тэмпературным дыяпазоне — да 1000 градусаў”.
Сёння над удасканаленнем канструкцый цеплавых труб працуюць навукоўцы ўсяго свету. Вялікі ўклад у развіццё гэтага навуковага напрамку — і беларускіх навукоўцаў. Дарэчы, сёлета ў акадэмічным Інстытута цепла- і масаабмену імя Лыкава яны адзначылі 45-годдзе сваёй лабараторыі порыстых асяроддзяў. І ўвесь час кіруе калектывам Леанард Васільеў. У лабараторыі распрацаваны дзясяткі арыгінальных канструкцый цеплатруб. Ёсць заказы і “на космас”. Вучоны расказвае: “Сёння каля 90 працэнтаў усіх касмічных апаратаў маюць сістэму тэрмарэгулявання на цеплавых трубах. Некаторыя арыгінальныя канструкцыі выпарнікаў і кандэнсатараў прымяняюцца на шэрагу арбітальных спадарожнікаў, на касмічнай станцыі “Мір”. Дарэчы, мы выканалі цікавую працу для стварэння скафандраў кітайскіх касманаўтаў”.
А нядаўна лабараторыю порыстых асяроддзяў узначаліў Леанід Васільеў, сын Леанарда Леанідавіча. На яго ў бацькі немалыя спадзяванні: Леанід ужо кандыдат тэхнічных навук, працаваў у інстытутах ЗША, Францыі, Італіі, Японіі. Цяпер вось вярнуўся дадому, у Беларусь — каб прадаўжаць традыцыі айчынных навуковых даследаванняў.

Іна Ганчаровіч
На здымку:
Прафесар Леанард Васільеў і яго вучань Донатас Мішкініс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter