Проект «Жывая спадчына» телеканала «Беларусь 3» завоевал Гран-при медиафестиваля «Спас на Енисее — 2023»

Нашы традыцыі

У скарбонцы самай культурнай кнопкi айчыннай тэлепрасторы — чарговая ўзнагарода. Гэтым разам — з расiйскага Мiнусiнска. Праект «Жывая спадчына» тэлеканала «Беларусь 3» атрымаў Гран-пры V Мiжрэгiянальнага гуманiтарна-асветнiцкага медыяфестывалю «Спас на Енiсеi — 2023». Праграму прызналi лепшай у намiнацыi «Вечныя каштоўнасцi». Прымайце вiншаваннi, калегi!

Падчас цэрымоніі ўзнагароджання.

Духоўнае багацце

Медыяфорум сабраў у адным з самых старажытных гарадоў Усходняй Сiбiры прадстаўнiкоў электронных i друкаваных сродкаў масавай iнфармацыi з 32 рэгiёнаў Расiйскай Федэрацыi, а таксама з Беларусi. Гэта журналiсты i аўтары, якiя ў сваёй творчасцi асвятляюць пытаннi культуры, гiсторыi i выхавання моладзi. У сямi намiнацыях спаборнiчалi 838 прац. Лепшая сярод «Вечных каштоўнасцей» — наша «Жывая спадчына». Журы асаблiва ўразiў выпуск перадачы, прысвечаны традыцыi кармлення духаў на другi дзень Вялiкадня ў аграгарадку Раздзялавiчы Ганцавiцкага раёна Брэсцкай вобласцi. Дарэчы, самабытныя формы гэтай традыцыi ўласцiвыя для розных славянскiх народаў. Мастацкае адлюстраванне беларускай традыцыi знай­шло водгук сярод прафесiяналаў i атрымала найвышэйшую адзнаку прафесiйнага журы. Аўтар i рэжысёр праекта, намеснiк дырэктара тэлеканала «Беларусь 3» Надзея Габец распавядае:

— Пяць тысяч кiламетраў ад Мiнска да Мiнусiнска пераадолела здымачная група канала, каб пакарыць тэлевяршынi Енiсейскай Сiбiры. У творчых вандроўках па Беларусi мы знаходзiм сапраўдныя дыяменты духоўнай спадчыны краiны, кожны з якiх — толькi маленькi ключык да разумення таго, наколькi разнастайным i багатым было духоўнае жыццё нашых продкаў, i разам з тым — як шмат агульнага можна знайсцi ў культурах усходнеславянскiх народаў. Паказаць усю гэтую прыгажосць гледачам з Беларусi, а цяпер i з Расii, для нас — найлепшая матывацыя рухацца толькi наперад i рабiць тое, што мы любiм усiм сэрцам.

За амаль пяць гадоў Надзея Габец падрыхтавала каля сотнi выпускаў пра ўнiкальныя звычаi, што трапiлi ў спiс нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей нашай краiны. Але працы, сцвярджае На­дзея, яшчэ шмат: кожны год дзякуючы намаганням гiсторыкаў, этнографаў i энтузiястаў спiс толькi шырыцца. Але тут ёсць i свае цяжкасцi, сцвярджае Надзея Габец:

— На вялiкi жаль, застаецца ўсё меней тых, хто памятае i захоўвае традыцыi продкаў. Бабулi ды дзядулi сыходзяць, моладзь з’язджае ў горад, няма каму працягваць справу… Напрыклад, калi мы рыхтавалi праграму пра культуру бондарства ў Iванаўскiм раёне Брэсцкай вобласцi, сутыкнулiся з праблемай: у жывых ужо не засталося тых майстроў, якiя выраблялi тыя бочкi спакон вякоў. У горадзе дзейнічае дзiцячая школа, якая захоўвае i папулярызуе народнае рамяство, але гэта зусiм не тое… Таму нам давялося шукаць бондара не тое што ў Iванаўскiм раёне — па ўсёй Брэсцкай вобласцi! Каб толькi пабачыць тыя сапраўдныя драўляныя нарыхтоўкi…

Па сарафанным радыё

У пошуках такой «сыходзячай натуры» здымачнай групе дапамаюць не толькi супрацоўнiкi сельсаветаў, але i самi мясцовыя жыхары. Часта шукаць носьбiтаў i захавальнiкаў традыцый даводзiцца амаль што ў рэальных палявых умовах, не ўтойвае Надзея:

— Напрыклад, iдзе адна суседка да iншай з пытаннем, гатуе яна яшчэ тую аўтэнтычную страву цi не. Такiм чынам, збiраем гэтыя гiсторыi ўсёй грамадой. Ёсць яшчэ цiкавыя прыклады, калi па розных жыццёвых абставiнах людзi пераязджаюць у iншы рэгiён краiны (з поўначы на поўдзень, як варыянт), там знаёмяцца з нейкiмi мясцовымi традыцыямi, працягваюць iх i праз час самi становяцца носьбiтамi гэтых традыцый.

Дарэчы, тэматыка «Жывой спадчыны» самая розная. У аўторак, 22 жнiўня, у 11:50 гледачы даведаюцца пра традыцыю прыгатавання поразаўскай банкухi, якая пайшла з мястэчка Поразава i вёскi Карэвiчы, што ў Свiслацкiм раёне Гродзенскай вобласцi. На наступны дзень у «Жывой спадчыне» пакажуць мастацкiя практыкi саломапляцення з Вiцебскай вобласцi, а ў чацвер у 12:05 — абрад «Провады русалкi» з аграгарадка Вялiкi Бор Хойнiцкага раёна Гомельскай вобласцi. Крыху пазней, у пятнiцу, будзе шанс параўнаць мастацкiя практыкi саломапляцення Вiцебскай i Магiлёўскай абласцей, а суботнi эфiр «Жывой спадчыны», якi пачнецца ў 10:05, будзе прысвечаны традыцыi iнсiтнага мастацтва Вiцебшчыны.

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter