Нашы пацешныя любімцы

Чарговы ліст з цікавымі нататкамі пра здарэнні з жыцця братоў нашых меньшых мы атрымалі ад жыхара г.Фаніпаль Дзяржынскага раёна Анатоля Шараева. У першай гісторыі, прапанаванай рэдакцыі, чытач расказвае пра вернасць сяброўству сабакі з незвычайнай і смешнай мянушкай Флянчык. Цікава, а як вы, шаноўныя чытачы, прыдумляеце ці выбіраеце імёны сваім любімцам? Ці заўсёды імя суадносіцца з характарам жывёлы? Падзяліцеся вашымі думкамі і разважаннямі на гэты конт з рэдакцыяй “Народнай газеты”. Чакаем на конкурс новыя незвычайныя гісторыі і аповеды пра смешныя выпадкі. А пакуль чытаем нататкі Анатоля Шараева.

Калючы госць
Сяджу на ганку свайго дачнага дома. Ціхі, спакойны летні вечар. І раптам чую, што хтосьці ў сенцах заварушыўся. Адчыняю дзверы — вожык. Адчуўшы небяспеку, начны госць адразу скруціўся ў клубок, ашчацініўся вострымі іголкамі. Але мой дзесяцігадовы ўнук Саша ўсё ж занес яго ў хату, наліў у міску малака. І хоць кажуць, што вожыкі вельмі моцна тупаюць ўначы, наш ціхенька забіўся ў вугал і прасядзеў там усю ноч. Пад раніцу, крыху асмялеўшы, забегаў па хаце, паласаваўся малаком.
Вожык пражыў у нас з тыдзень. Потым мы выпусцілі яго на двор. Днём ён кудысьці збегаў, але да вячэры вярнуўся, напэўна, за ласункам. А аднойчы з’явіўся не адзін — з сяброўкай. Ці не было гэта рамантычным спатканнем? I цi не прынялі яны наш дом за шыкоўны рэстаран? Як абрадаваўся мой унук! У той жа вечар калючыя госцi зніклі назаўсёды. Напэўна, жыццё на прыродзе ўсё ж лепей, чым у няволі.
Як мне дапамаглi курапаткі
З наступленнем замаразкаў каля майго дачнага дома з’явілася чародка курапатак. Голад не цётка. Я трымаў курэй, і штосьці з ежы курапаткам заўсёды перападала. І толькі з наступленнем вясны, калі з’явіліся першыя чорныя лапіны зямлі, мае крылатыя жыхары адляцелі, але ж потым зноў нагадалі аб сабе.
Кожнаму, хто вырошчвае бульбу, вядома, як нялёгка змагацца з яе злоснымі шкоднікамі — каларадскімі жукамі. Неяк ранкам выйшаў на ўчастак і вачам сваім не паверыў. На пасевах бульбы гаспадарылі... курапаткі. Па баразне, моцна размахваючы крыламі, бегла адна дарослая птушка. Жукі сыпаліся з бульбы, як спелыя грушы. А ўслед за мацеркай — маладняк, які і кляваў упаўшых на зямлю каларадскіх жукоў. Даўно ведаў, што крылатыя памочнікі знішчаюць шкоднікаў бульбы, а вось якім чынам — убачыў упершыню.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter