Перавыданыя кнігі Францыска Скарыны становяцца даступнымі для шырокага кола чытачоў

Нашчадкам у спадчыну

Перавыданыя кнігі Францыска Скарыны становяцца даступнымі для шырокага кола чытачоў

Прэзентацыя і ўрачыстая цырымонія перадачы факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” прайшла ў Зале калегіі Полацкага дзяржуніверсітэта. Па словах намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы, серыя прэзентацый у рэгіёнах краіны не выпадкова пачалася ў Полацку: гэты горад, як вядома, даў свету Францыска Скарыну, знакамітага асветніка і беларускага першадрукара. На імпрэзе ўзноўленыя шэдэўры сусветнага значэння перададзены ў зборы Полацкага дзяржуніверсітэта і бібліятэк усіх раёнаў Віцебшчыны.

Падобнае ж мерапрыемства нядаўна праходзіла і ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У. І. Леніна.

Факсімільнае перавыданне поўнага збору кніг Францыска Скарыны — агульнанацыянальны праект. Сёлета Нацыянальная бібліятэка і Банк БелВЭБ рэалізавалі важную яго частку: першыя пяць тамоў пабачылі свет. Узнаўленне скарбаў айчыннай кніжнай культуры прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Упершыню збіраюцца разам усе кнігі, надрукаваныя Скарынам у Празе (1517—1519) і Вільні (1522—1525). Выкарыстоўваюцца электронныя копіі найлепш захаваных кніг, што зберагаюцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі ды іншых краін. Выданне ўзнаўляе кнігі з максімальнай паўнатою, яны суправаджаюцца каментарыямі навукоўцаў. Упершыню зроблены пераклады прадмоў і пасляслоўяў Скарыны на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter