Беларуская мова годна гучыць у Малдове. Так было і пад час святкавання Дзён славянскага пісьменства і культуры

Нашчадкі Скарыны ў Кішынёве

Беларуская мова годна гучыць у Малдове. Так было і пад час святкавання Дзён славянскага пісьменства і культуры.


Беларуская прэзентацыя на кішынёўскай сцэне

Сёлета Дні, якія адзначаліся з 23 па 29 траўня, былі ў нас прымеркаваны да 25-годдзя абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Малдова. Свята прыцягнула ўвагу прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва краіны, грамадзянскай супольнасці. Праграма свята ўключала канцэрты, выставы, літаратурныя сустрэчы, канферэнцыі, што праходзілі па ўсёй краіне. Дні ўрачыста адкрыліся 24 мая, у дзень памяці святых роўнаапостальных братоў Кірыла і Мяфодзія, што падарылі свету славянскі алфавіт. У вялікай зале Нацыянальнай філармоніі імя Сяргея Лункевіча сабраліся прадстаўнікі балгарскага, беларускага, рускага, украінскага ды іншых этнасаў. Вітаючы грамаду, гендырэктар Бюро міжэтнічных адносін Алег Бабенка адзначыў: Дні славянскага пісьменства і культуры — даўняя традыцыя славян, што спрыяе развіццю міжкультурнага дыялогу, паразуменню паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў. Славянскі каларыт Малдовы паступова складваўся з лёсаў, намаганняў і талентаў многіх людзей, падкрэсліў прамоўца. Украінцы, рускія, балгары, беларусы складаюць амаль трэць насельніцтва краіны, і яны карыстаюцца заслужанай павагай, яны — паўнапраўныя грамадзяне Малдовы.

У зале былі і замежныя дыпламаты, сярод якіх Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Аляксандр Істомін, дэпутаты, прадстаўнікі дыпкорпуса, этнакультурных суполак. Самым актыўным лідарам славянскіх арганізацый Алег Бабенка ўручыў ганаровыя граматы, адзначаны  старшыня Беларускага культурнага руху Малдовы Ганна Мазур, старшыня Беларускай грамады ў Малдове Юры Статкевіч і старшыня Таварыства дружбы і супрацоўніцтва “Малдова—Беларусь” Генадзь Зяньковіч. Потым выступілі як вядомыя выканаўцы, так і самадзейныя калектывы, якія дзейнічаюць пры розных грамадскіх аб’яднаннях. Беларускі этнічны тэатр “Куфар” паказаў паэтычную замалёўку “Мая мова” на вершы Генадзя Бураўкіна і Яўгеніі Янішчыц. Мы паказалі, як выглядаюць значныя помнікі беларускага пісьменства: Псалтыр Францыска Скарыны (першы аркуш), выдадзены ў 1517 годзе, Першы Статут ВКЛ (тытульная старонка) 1529 года і твор Янкі Купалы “Тутэйшыя” 1922 года (вокладка мюнхенскага выдання п’есы 1953 года). У выкананні хору Беларускай грамады ў Малдове “Зорачка” гучалі песні “Вы шуміце, бярозы” і “Чарка на пасашок”. Бурныя апладысменты ў канцы нашых выступленняў пацвердзілі асабліва паважлівае стаўленне да беларускага народа на малдаўскай зямлі.

Ганна Мазур, старшыня праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы

Голас Радзімы № 21 (3477), ЧАЦВЕР, 9 чэрвеня, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter