Наша мастацтва ў Краіне агнёў

4—6 чэрвеня ў Азербайджане прайшлі Дні культуры Беларусі

Культурныя сувязі паміж Азербайджанам і Беларуссю ўвесь час набываюць новы змест

Дні культуры Беларусі завяршылiся ў Азербайджане.

З 4-га па 6 чэрвеня жыхары Краіны агнёў (так з даўніх часоў называюць гэтую краіну) пазнаёміліся з творчасцю лепшых беларускіх калектываў і выканаўцаў, фотавыставай, прысвечанай жыццю і прыродзе Беларусі, убачылі анімацыйныя і мастацкія фільмы, створаныя беларускімі кінематаграфістамі.

Урачыстая цырымонія адкрыцця Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Азербайджане адбылася ў дзяржаўнай філармоніі імя Мусліма Магамаева. Намеснік міністра культуры і турызму Азербайджана Адалят Вяліеў павіншаваў удзельнікаў мерапрыемства са знамянальнай падзеяй. Ён адзначыў, што правядзенне Дзён культуры значна з пункту гледжання творчага абмену, а таксама дэманстрацыі лепшых культурных дасягненняў краін. У мінулым годзе ў Беларусі паспяхова прайшлі Дні культуры Азербайджана. Зараз па ініцыятыве Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі да 95-годдзя з дня нараджэння выдатнага кампазітара Кара Караева плануецца пастаноўка яго балета «Сем прыгажунь». Гэта паслужыць далейшаму пашырэнню культурных сувязей паміж дзвюма краінамі.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік адзначыў: глыбокія гістарычныя і культурныя карані, якія маюць дзве краіны, паспяхова развіваюцца Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым і Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Пашыраецца таксама супрацоўніцтва ў сферы культуры. Прыемна, што гэтыя сувязі пастаянна набываюць новы змест, падкрэсліў Васіль Чэрнік.

У ходзе Дзён культуры кіраўнік беларускай дэлегацыі правёў перамовы з міністрам культуры і турызму Азербайджана Абульфасам Гараевым, а таксама з намеснікам міністра культуры і турызму Адалятам Вяліевым, паведамляе БЕЛТА. Гаворка ішла аб удзеле калектываў азербайджанскіх драматычных тэатраў у Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая Вежа», Міжнародным тэатральным форуме «М@рт.контакт», удзеле азербай-джанскіх кінематаграфістаў у Мінскім Міжнародным кінафестывалі «Лістапад», дзеячаў культуры — у Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», узаемадзеянні паміж нацыянальнымі бібліятэкамі дзвюх краін. Таксама разгледжаны пытанні супрацоўніцтва паміж двума ведамствамі. Акрамя таго, бакі папярэдне дамовіліся аб правядзенні Дзён культуры Азербайджана ў Беларусі ў 2014 годзе.

Нагадаем, дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Азербайджанскай Рэспублікай устаноўлены 11 чэрвеня 1993 года. Пасольствы дзвюх краін адкрыты ў Мінску і Баку ў 2006 годзе. Беларуска-азербайджанскае супрацоўніцтва ў сферы культуры з’яўляецца важнай часткай двухбаковых адносін. Упершыню Дні культуры Азербайджанскай Рэспублікі адбыліся ў Беларусі ў маі 2007 года. У кастрычніку 2008 года ў Азербайджане з нагоды 15-годдзя дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі прайшлі першыя Дні культуры Рэспублікі Беларусь. 7—10 кастрычніка 2012 года ў Беларусі з вялікім поспехам прайшлі другія Дні культуры Азербайджана.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter